Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛУКАША 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Лк 2

1 І сталася, у тыя дні выйшла ад цэзара Аўгуста пастанова зрабіць перапіс па ўсім сусьвеце.

2 Гэты перапіс быў першы за панаваньня Квірынія ў Сірыі.

3 І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.

4 Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з гораду Назарэт, у Юдэю, у горад Давіда, называны Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда,

5 запісацца з Марыяю, заручанай з ім жонкай, якая была цяжарная.

6 І сталася, калі яны былі там, надыйшоў дзень нарадзіць ёй;

7 і нарадзіла Сына свайго Першароднага, і спавіла Яго, і палажыла Яго ў ясьлі, бо не было ім месца ў сьвятліцы.

8 І былі пастухі ў той ваколіцы, якія начавалі ў полі і вартавалі ўначы каля статку свайго.

9 І вось, стаў перад імі анёл Госпада, і слава Госпада асьвяціла іх; і спалохаліся страхам вялікім.

10 І сказаў ім анёл: «Ня бойцеся! Бо вось, я дабравешчу вам радасьць вялікую, якая будзе ўсяму народу,

11 бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Госпад.

12 І вось вам знак: вы знойдзеце Немаўлятка ў пялюшках, Якое ляжыць у ясьлях».

13 І неспадзявана зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, якое хваліла Бога і казала:

14 «Слава на вышынях Богу, а на зямлі супакой, у людзях упадабаньне».

15 І сталася, калі адыйшлі ад іх анёлы ў неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Хадзем у Бэтлеем і ўбачым, ці сталася тое слова, якое абвясьціў нам Госпад».

16 І пайшлі пасьпешна, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Немаўлятка, Якое ляжала ў ясьлях.

17 І, убачыўшы, расказалі пра словы, якія былі сказаныя ім пра Дзіцятка Гэтае.

18 І ўсе, якія чулі, зьдзіўляліся з таго, што расказвалі ім пастухі.

19 А Марыя захавала ўсе словы гэтыя, складаючы [іх] у сэрцы сваім.

20 І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.

21 І калі прайшло восем дзён, трэба было абрэзаць Хлопчыка, і далі Яму імя Ісус, названае анёлам перш, чым быў Ён зачаты ва ўлоньні.

22 І калі скончыліся дні ачышчэньня іх паводле Закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб прадставіць перад Госпадам,

23 як напісана ў Законе Госпада: «Усякі хлопчык, які адкрывае ўлоньне, будзе названы сьвятым Госпада»,

24 і каб прынесьці ў ахвяру паводле таго, як сказана ў Законе Госпада, пару туркавак ці двух галубянятак.

25 І вось, быў у Ерусаліме чалавек на імя Сымон. І быў ён чалавек праведны і пабожны, які чакаў пацяшэньня Ізраіля, і Дух Сьвяты быў на ім.

26 І было яму сказана ад Духа Сьвятога, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Госпадавага.

27 І прыйшоў ён у Духу ў сьвятыню. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле Закону,

28 ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў:

29 «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Уладару, паводле слова Твайго, у супакоі,

30 бо бачылі вочы мае збаўленьне Тваё,

31 якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў,

32 сьвятло для асьветы паганаў, і славу народу Твайго, Ізраіля».

33 А Язэп і маці Ягоная зьдзіўляліся сказанаму пра Яго.

34 І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, маці Ягонай: «Вось, ляжыць Гэты на падзеньне і паўстаньне многіх у Ізраілі, і на знак, якому працівіцца будуць.

35 І табе самой меч пранікне ў душу, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».

36 І была Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з калена Асэра. Яна была ў вельмі старым веку, з мужам ад дзявоцтва свайго пражыла сем гадоў.

37 І была яна ўдава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад сьвятыні, постам і просьбаю служачы [Богу] дзень і ноч.

38 І яна, у тую гадзіну прыйшоўшы, узносіла хвалу Госпаду і гаварыла пра Яго ўсім, якія чакалі выбаўленьня ў Ерусаліме.

39 І калі яны выканалі ўсё паводле Закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.

40 А Дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і ласка Божая была на Ім.

41 І кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.

42 І калі Ён меў дванаццаць гадоў, прыйшлі яны, як звычайна, у Ерусалім на сьвята.

43 І калі скончыліся тыя дні і яны варочаліся, застаўся Хлопец Ісус у Ерусаліме, і не заўважылі гэтага Язэп і маці Ягоная,

44 але думалі, што Ён ідзе з іншымі падарожнікамі. Прайшоўшы дзённую дарогу, сталі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі.

45 І, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.

46 І сталася, праз тры дні знайшлі Яго ў сьвятыні, як сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх.

47 І ўсе, што слухалі Яго, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных.

48 І, убачыўшы Яго, зьдзівіліся, і маці Ягоная сказала Яму: «Дзіця! Што Ты зрабіў нам гэтак? Вось, бацька Твой і я з вялікай мукаю шукалі Цябе».

49 А Ён сказаў ім: «Навошта вы шукалі Мяне? Ці ж вы ня ведаеце, што Я мушу быць у тым, што [належыць] Айцу Майму?»

50 І яны не зразумелі слова, якое Ён сказаў ім.

51 І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы сваім.

52 І Ісус узрастаў у мудрасьці, і ва ўзросьце, і ў ласцы ў Бога і людзей.

Сачыце за намі:



Аб'явы