Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛУКАША 19 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Лк 19

1 І, увайшоўшы, праходзіў Ён праз Ерыхон.

2 І вось, чалавек, якога звалі імем Закхей, і быў ён начальнік мытнікаў і чалавек багаты.

3 І ён шукаў убачыць Ісуса, які Ён, і ня мог з-за натоўпу, бо быў малы ростам.

4 І, забегшы наперад, узьлез на фігавае дрэва, каб убачыць Яго, бо ён меўся праходзіць каля яго.

5 І калі прыйшоў на гэтае месца, Ісус, глянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: «Закхей! Зыходзь хутчэй, бо сёньня Я мушу спыніцца ў доме тваім».

6 І той пасьпешліва зыйшоў, і прыняў Яго з радасьцю.

7 І ўсе, якія бачылі ўсё гэта, наракалі, кажучы, што Ён увайшоў да грэшнага чалавека.

8 А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: «Госпадзе! Вось, палову маёмасьці маёй я аддаю ўбогім, і, калі каго абвінаваціў фальшыва, аддам учацьвёра».

9 Ісус жа сказаў яму: «Сёньня сталася збаўленьне дому гэтаму, таму што і ён — сын Абрагама.

10 Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што было загінуўшы».

11 А тым, што слухалі гэтае, працягваючы, сказаў прыповесьць, бо Ён быў блізка Ерусаліму, і яны думалі, што адразу маюць убачыць Валадарства Божае.

12 Тады Ён сказаў: «Нейкі чалавек высокага роду пайшоў у далёкі край узяць сабе валадарства і вярнуцца.

13 Паклікаўшы ж дзесяць слугаў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: “Гандлюйце, пакуль прыйду”.

14 А грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі сьледам за ім пасольства, кажучы: “Ня хочам, каб гэты валадарыў над намі”.

15 І сталася, як ён вярнуўся, атрымаўшы валадарства, сказаў паклікаць да сябе слугаў тых, якім даў срэбра, каб даведацца, хто што зарабіў.

16 І прыйшоў першы, кажучы: “Пане! Міна твая прынесла дзесяць мінаў”.

17 І ён сказаў яму: “Добра, добры слуга! За тое, што ты ў малым быў верны, будзеш мець уладу над дзесяцьцю гарадамі”.

18 І прыйшоў другі, кажучы: “Пане! Міна твая зарабіла пяць мінаў”.

19 Сказаў і гэтаму: “І ты будзь над пяцьцю гарадамі”.

20 І трэці прыйшоў, кажучы: “Пане! Вось твая міна, якую я меў, завязаўшы ў хустку,

21 бо я баяўся цябе, што ты чалавек строгі, бярэш тое, што не лажыў, і жнеш тое, што ня сеяў”.

22 Той жа кажа яму: “Паводле вуснаў тваіх буду судзіць цябе, злы слуга. Ты ведаў, што я — чалавек строгі, бяру тое, што не лажыў, і жну тое, што ня сеяў.

23 Чаму ж ты не аддаў срэбра майго на стол [купцам], і я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам?”

24 І сказаў тым, што побач стаялі: “Вазьміце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў”.

25 І сказалі яму: “Пане, ён мае дзесяць мінаў!”

26 “Кажу вам, што ўсякаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, будзе забрана і тое, што мае.

27 А ворагаў маіх, тых, што не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і страцьце перада мною”».

28 І, сказаўшы гэтае, Ён пайшоў далей, узыходзячы ў Ерусалім.

29 І сталася, калі наблізіўся да Бэтфагі і Бэтаніі, да гары, якую называюць Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх,

30 сказаўшы: «Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, у якім, увайшоўшы, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога ніхто з людзей ніколі не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце.

31 І калі хто спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?”, — скажыце яму так: “Госпад патрабуе яго”».

32 Пайшоўшы, пасланыя знайшлі, як Ён сказаў ім.

33 Калі ж яны адвязвалі асьляня, гаспадары ягоныя сказалі ім: «Навошта адвязваеце асьляня?»

34 Яны ж сказалі: «Госпад патрабуе яго».

35 І прывялі яго да Ісуса, і, накінуўшы адзеньні свае на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса.

36 І, калі Ён ехаў, пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё.

37 Калі ж Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў з радасьцю хваліла Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія яны бачылі,

38 кажучы: «Дабраслаўлёны Валадар, Які ідзе ў імя Госпада! Супакой на небе і слава на вышынях!»

39 І некаторыя фарысэі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік! Забарані вучням Тваім!»

40 І, адказваючы, Ён сказаў ім: «Кажу вам, што, калі яны замоўкнуць, дык камяні закрычаць».

41 І калі наблізіўся, убачыўшы горад, заплакаў па ім,

42 кажучы: «Каб і ты хоць у гэты дзень твой зразумеў, што дзеля супакою твайго! Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх.

43 Бо прыйдуць на цябе дні, і ворагі твае аточаць цябе валам, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,

44 і зьнішчаць дашчэнту цябе, і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе камяня на камяні дзеля таго, што не зразумеў ты час адведзінаў тваіх».

45 І, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, якія продалі ў ёй і куплялі,

46 кажучы ім: «Напісана: “Дом Мой ёсьць дом малітвы”, а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».

47 І навучаў кожны дзень у сьвятыні. А першасьвятары, і кніжнікі, і першыя ў народзе шукалі, як загубіць Яго,

48 і не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ гарнуўся да Яго, слухаючы Яго.

Сачыце за намі:



Аб'явы