Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛУКАША 17 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Лк 17

1 І сказаў вучням Сваім: «Згаршэньні ня могуць не прыйсьці, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.

2 Лепей яму, калі камень ад жорнаў вісіць у яго на шыі і ён кінуты ў мора, чым каб ён згоршыў аднаго з малых гэтых.

3 Сьцеражыцеся. Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, дакарай яго і, калі навернецца, даруй яму.

4 І калі сем разоў у дзень саграшыць супраць цябе, і сем разоў у дзень зьвернецца да цябе, кажучы: “Каюся”, даруй яму».

5 І сказалі апосталы Госпаду: «Дадай нам веры».

6 А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру як зерне гарчычнае і сказалі гэтаму фігаваму дрэву: “Будзь вырванае з коранем і перасаджанае ў мора”, яно паслухала б вас.

7 А хто з вас, маючы слугу, які арэ ці пасьвіць, калі ён прыйдзе з поля, скажа: “Ідзі хутчэй, узьляж [за сталом]”?

8 Але ж ці ня скажа яму: “Падрыхтуй мне вячэру і, падперазаўшыся, паслугуй мне, пакуль буду есьці ды піць, і пасьля гэтага еш і пі сам”?

9 Ці дзякуе ён слузе гэтаму за тое, што зрабіў загаданае яму? Ня думаю.

10 Так і вы, калі зробіце ўсё, што загадана вам, кажыце: “Мы — слугі нягодныя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць”».

11 І сталася, як ішоў у Ерусалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.

12 І, калі ўваходзіў Ён у адно мястэчка, сустрэлі яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк.

13 І ўзвысілі яны голас, кажучы: «Ісусе, Настаўнік! Зьлітуйся над намі».

14 І, убачыўшы, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся сьвятарам». І сталася, калі яны ішлі, былі ачышчаныя.

15 Адзін жа з іх, бачачы, што аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,

16 і ўпаў на твар ля ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранін.

17 Адказваючы, Ісус сказаў: «Ці ня дзесяць былі ачышчаныя? Дзе ж дзевяць?

18 Яны не вярнуліся аддаць славу Богу, апрача гэтага чужынца».

19 І сказаў яму: «Устань, ідзі. Вера твая збавіла цябе».

20 Запытаны ж фарысэямі, калі прыйдзе Валадарства Божае, адказаў ім і сказаў: «Не прыходзіць Валадарства Божае відавочна.

21 І ня скажуць: “Вось, яно тут”, ці: “Вось, там”. Бо вось, Валадарства Божае ўнутры вас ёсьць».

22 Вучням жа сказаў: «Прыйдуць дні, калі зажадаеце бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага, і ня ўбачыце.

23 І скажуць вам: “Вось, тут”, ці: “Вось, там”, — не хадзіце і не ганяйцеся,

24 бо як бліскавіца, мільгануўшы, з аднаго краю неба да другога краю неба сьвеціць, так будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой.

25 Спачатку ж Ён мусіць шмат перацярпець і быць адкінутым пакаленьнем гэтым.

26 І як было ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага:

27 елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і загубіў усіх.

28 Падобна як было ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, продалі, садзілі, будавалі,

29 а ў дзень, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў з неба агонь з серкаю і загубіў усіх.

30 Такім будзе той дзень, калі зьявіцца Сын Чалавечы.

31 У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме, няхай не зыходзіць узяць іх; і хто будзе ў полі, няхай не варочаецца.

32 Памятайце жонку Лота.

33 Бо хто шукае, каб здабыць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе.

34 Кажу вам, у тую ноч будуць двое на адным ложку, адзін будзе ўзяты, а другі — пакінуты;

35 дзьве будуць малоць ра­зам, адна будзе ўзятая, а другая — пакінутая;

36 двое будуць у полі, адзін будзе ўзяты, а другі — пакінуты».

37 І, адказваючы, кажуць Яму: «Дзе, Госпадзе?» Ён жа сказаў ім: «Дзе цела, там зьбяруцца і арлы».

Сачыце за намі:



Аб'явы