ЛУКАША 15 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Лк 15 1 Падыходзілі ж да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго. 2 І наракалі фарысэі і кніжнікі, кажучы: «Ён прыймае грэшнікаў і есьць разам з імі». 3 Ён жа сказаў ім гэткую прыповесьць, кажучы: 4 «Які чалавек з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакідае дзевяноста дзевяць у пустыні і не ідзе па згубленую, пакуль ня знойдзе яе? 5 І, знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасьцю. 6 І, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Цешцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”. 7 Кажу вам, што большая радасьць будзе ў небе з аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў навяртаньні. 8 Або якая жанчына, што мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запальвае сьвечкі і не пачынае месьці дом, і не шукае пільна, пакуль ня знойдзе? 9 А, знайшоўшы, склікае сябровак і суседак, кажучы: “Цешцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую была згубіла”. 10 Такая, кажу вам, стаецца радасьць у анёлаў Божых з аднаго грэшніка, які навяртаецца». 11 Яшчэ сказаў: «У аднаго чалавека былі два сыны. 12 І сказаў малодшы з іх бацьку: “Бацька, дай мне належную частку маёмасьці”. І падзяліў ім маёмасьць. 13 І праз некалькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, выправіўся ў далёкі край, і там змарнаваў маёмасьць сваю, жывучы распусна. 14 Калі ж выдаткаваў усё, стаўся вялікі голад у тым краі, і ён пачаў мець нястачу. 15 І, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з грамадзянаў таго краю, і той паслаў яго на поле сваё даглядаць сьвіньняў. 16 І ён жадаў напоўніць жывот свой шалупіньнем, якое елі сьвіньні, і ніхто не даваў яму. 17 Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішак хлеба, а я паміраю з голаду! 18 Устаўшы, пайду да бацькі майго і скажу яму: ‘Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, 19 і ўжо ня варты называцца сынам тваім; зрабі мяне адным з парабкаў тваіх’.” 20 І, устаўшы, прыйшоў да бацькі свайго. Калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго. 21 Сын жа сказаў яму: “Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім”. 22 А бацька сказаў слугам сваім: “Прынясіце найлепшыя шаты, і апраніце яго, і дайце пярсьцёнак на руку ягоную і сандалы на ногі. 23 І прывядзіце кормнае цяля, і закалеце, і, паеўшы, будзем весяліцца. 24 Бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца 25 А старэйшы сын ягоны быў у полі. І калі, варочаючыся, падыйшоў да дому, пачуў сьпевы і скокі. 26 І, паклікаўшы аднаго са слугаў сваіх, спытаўся: “Што гэта адбываецца?” 27 Той жа сказаў яму: “Брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровым”. 28 Загневаўся ён і не хацеў увайсьці. Тады бацька ягоны, выйшаўшы, клікаў яго. 29 А ён, адказваючы, сказаў бацьку: “Вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не адступіў ад прыказаньня твайго, і ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца з сябрамі маімі. 30 А калі гэты сын твой, пажоршы маёмасьць тваю з распусьніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цяля”. 31 Ён жа сказаў яму: “Дзіця! Ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё. 32 А з таго трэба цешыцца і радавацца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”». |