Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛУКАША 14 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Лк 14

1 І сталася прыйсьці Яму ў суботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх зьесьці хлеба, і яны сачылі за Ім.

2 І вось, быў перад Ім нейкі апухлы чалавек.

3 І, адказваючы, сказаў Ісус законьнікам і фарысэям, кажучы: «Ці належыцца аздараўляць у суботу?»

4 Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, Ён аздаравіў яго і адпусьціў.

5 І, адказваючы ім, сказаў: «Калі ў каго з вас асёл ці вол упадзе ў калодзеж, ці не адразу выцягне яго ў дзень суботні?»

6 І не маглі яны з Ім пра гэта спрачацца.

7 І ўгледзеўшы, як тыя, што былі запрошаныя, выбіралі першыя месцы, сказаў ім прыповесьць, кажучы ім:

8 «Калі запросіць цябе нехта на вясельле, не ўзьлягай на першае месца, каб не было каго паважнейшага за цябе паміж запрошаных ім.

9 І той, які запрасіў цябе і яго, падыйшоўшы, скажа табе: “Дай яму месца”, і тады ты з сорамам павінен будзеш сесьці на апошняе месца.

10 Але, калі будзеш запрошаны, прыйшоўшы, узьлягай на апошняе месца, каб той, які запрасіў цябе, калі падыйдзе, сказаў табе: “Сябра, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе слава перад тымі, што ўзьлягаюць разам з табою.

11 Бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны».

12 Сказаў жа і таму, які запрасіў Яго: «Калі ладзіш бяседу ці вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў тваіх, ані суседзяў багатых, каб і яны цябе не запрасілі, і ты атрымаў бы нагароду.

13 Але калі ты ладзіш пачастунак, запрашай убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых.

14 І шчасьлівы ты будзеш, што яны ня змогуць аднагародзіць табе, бо будзе аднагароджана табе ва ўваскрасеньне праведных».

15 Пачуўшы гэта, нехта з тых, якія ўзьлягалі, сказаў Яму: «Шчасьлівы, хто будзе есьці хлеб у Валадарстве Божым».

16 Ён жа сказаў яму: «Нейкі чалавек справіў вялікую вячэру, і паклікаў многіх,

17 і ў гадзіну вячэры паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыходзьце, бо ўжо ўсё падрыхтавана”.

18 І пачалі ўсе па чарзе выбачацца. Першы сказаў яму: “Я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і паглядзець яе; прашу цябе, выбач мне”.

19 І другі сказаў: “Я купіў пяць параў валоў і іду выспрабаваць іх; прашу цябе, выбач мне”.

20 І другі сказаў: “Я ажаніўся і дзеля гэтага не магу прыйсьці”.

21 І, вярнуўшыся, слуга той паведаміў гэтае пану свайму. Тады, загневаўшыся, гаспадар дому сказаў слузе свайму: “Ідзі хутчэй па вуліцах і завулках гораду і прывядзі сюды і ўбогіх, і калекаў, і кульгавых, і сьляпых”.

22 І сказаў слуга: “Пане! Сталася, як ты сказаў, і яшчэ ёсьць месцы”.

23 І сказаў пан слузе: “Ідзі на дарогі і да платоў і змушай прыйсьці, каб напоўніўся дом мой,

24 бо кажу вам, што ніхто з тых мужоў, што былі запрошаныя, не пакаштуе маёй вячэры”».

25 І сабраліся шматлікія натоўпы да Яго, і, павярнуўшыся, Ён сказаў ім:

26 «Калі хто прыходзіць да Мяне і не зьненавідзіць бацьку свайго і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сёстраў, а пры тым і саму душу сваю, той ня можа быць вучнем Маім.

27 І хто не нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, ня можа быць вучнем Маім.

28 Бо хто з вас, хочучы пабудаваць вежу, сеўшы спачатку, не аблічыць выдаткаў, ці мае, каб дакончыць яе,

29 каб, калі закладзе падмурак і ня здолее дакончыць, усе, якія гэта бачылі, ня сталі сьмяяцца з яго,

30 кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і ня здолеў дакончыць!”

31 Або які валадар, ідучы на вайну супраць другога валадара, сеўшы спачатку, не пара­дзіцца, ці магчыма з дзесяцьцю тысячамі супрацьстаць таму, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі.

32 Калі ж не, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства прасіць міру.

33 Гэтак усякі з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць вучнем Маім.

34 Соль добрая; калі ж соль згубіць сілу, чым прыправіць яе?

35 Ані ў зямлю, ані ў гной яна не надаецца, вон выкідаюць яе. Хто мае вушы каб слухаць, няхай слухае».

Сачыце за намі:



Аб'явы