ЛІКІ 7 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Лікі 7 1 І сталася ў дзень, калі Майсей скончыў будаваць Сялібу і памазаў яе, і пасьвяціў яе і ўсе прыналежнасьці ейныя, і ахвярнік, і ўсе прылады ягоныя, і памазаў іх, і пасьвяціў іх, 2 прыйшлі князі Ізраіля, галовы дамоў бацькоў сваіх, князі пакаленьняў, якія стаялі на чале перапісаных, 3 і прынесьлі дары свае перад аблічча ГОСПАДА: шэсьць крытых вазоў і дванаццаць валоў, па адным возе ад двух князёў і па аднаму валу ад кожнага, і паставілі гэта перад Сялібай. 4 І сказаў ГОСПАД Майсею: 5 «Вазьмі [гэта] ад іх; і няхай будзе на службу пры Намёце Спатканьня. І дасі гэта лявітам адпаведна да іх паслугі». 6 І ўзяў Майсей вазы і валоў, і аддаў іх лявітам. 7 Адпаведна да іх паслугі сынам Гершона даў два вазы і чатыры валы. 8 Восем валоў і чатыры вазы даў сынам Мэрары, адпаведна да іхняй паслугі пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара. 9 А сынам Кегата ня даў нічога, бо іх паслуга пры [рэчах] сьвятых, каб насіць іх на рамёнах сваіх. 10 І прынесьлі князі дары свае на пасьвячэньне ахвярніка перад ахвярніка ў дзень пасьвячэньня ягонага. 11 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Няхай кожны з князёў штодзень прыносіць дар свой на пасьвячэньне ахвярніка». 12 У першы дзень прынёс дар свой Нахшон, сын Амінадава, з пакаленьня Юды. 13 Ягоным дарам ахвярным былі міса срэбная ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чаша срэбная ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнаю мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, 14 залатая чаша ў дзесяць [сыкляў], напоўненая кадзілам, 15 адзін бычок, адзін баран і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня, 16 казёл у ахвяру за грэх, 17 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць аднагадовых ягнят. Гэта дар ахвярны Нахшона, сына Амінадава. 18 У другі дзень прынёс [дар]Натанаэль, сын Цуара, князь Ісахара. 19 Ён прынёс свой дар ахвярны: місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, 20 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам; 21 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня, 22 казла ў ахвяру за грэх, 23 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць аднагадовых ягнят. Гэта дар ахвярны Натанаэля, сына Цуара. 24 У трэці дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Завулёна Эліяў, сын Хэлёна. 25 Ягоным дарам [былі]: міса срэбная ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чаша срэбная ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, 26 залатая чаша ў дзесяць [сыкляў], напоўненая кадзілам, 27 адзін бычок, адзін баран і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня, 28 казёл у ахвяру за грэх, 29 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Эліява, сына Хэлёна. 30 У чацьвёрты дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Рубэна Эліцур, сын Шэдэура. 31 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, 32 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам, 33 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня, 34 казла ў ахвяру за грэх, 35 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Эліцура, сына Шэдэура. 36 У пяты дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Сымона Шэлюміэль, сын Цурышадая. 37 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, 38 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам, 39 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня, 40 казла ў ахвяру за грэх, 41 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Шэлюміэля, сына Цурышадая. 42 У шосты дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Гада Эліясаф, сын Дэўэля. 43 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, 44 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам, 45 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня, 46 казла ў ахвяру за грэх, 47 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Эліясафа, сына Дэўэля. 48 У сёмы дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Эфраіма Элішама, сын Амігуда. 49 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, 50 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам, 51 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня, 52 казла ў ахвяру за грэх, 53 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Элішамы, сына Амігуда. 54 У восьмы дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Манасы Гамаліэль, сын Пэдагсура. 55 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, 56 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам, 57 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня, 58 казла ў ахвяру за грэх, 59 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Гамаліэля, сына Пэдагсура. 60 У дзявяты дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Бэн’яміна Абідан, сын Гідэоні. 61 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, 62 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам, 63 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня, 64 казла ў ахвяру за грэх, 65 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Абідана, сына Гідэоні. 66 У дзясяты дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Дана Ахіезэр, сын Амішадая. 67 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, 68 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам, 69 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня, 70 казла ў ахвяру за грэх, 71 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Ахіезэра, сына Амішадая. 72 У адзінаццаты дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Асэра Пагіэль, сын Акрана. 73 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, 74 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам, 75 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня, 76 казла ў ахвяру за грэх, 77 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Пагіэля, сына Акрана. 78 У дванаццаты дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Нэфталі Ахіра, сын Энана. 79 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, 80 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам, 81 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня, 82 казла ў ахвяру за грэх, 83 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Ахіры, сына Энана. 84 Вось [дары] ад князёў Ізраіля пры пасьвячэньні ахвярніка, у дзень яго памазаньня: дванаццаць срэбных місаў, дванаццаць срэбных чашаў, дванаццаць залатых чашаў. 85 Кожная міса важыла сто трыццаць [сыкляў] срэбра, а кожная чаша — семдзясят [сыкляў]. Усяго срэбра начыньняў — дзьве тысячы чатырыста [сыкляў], паводле сыклю сьвятыні. 86 Чашаў залатых, напоўненых кадзілам, [было] дванаццаць; кожная чаша важыла дзесяць [сыкляў], паводле сыклю сьвятыні. Усяго золата чашаў [было] сто дваццаць [сыкляў]. 87 Усяго быдла для цэласпаленьня, [было]: дванаццаць бычкоў, дванаццаць бараноў, дванаццаць аднагадовых ягнят, і [належныя] ахвяры хлебныя, і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх. 88 Усяго быдла, прызначанага ў ахвяру мірную, [было]: дваццаць чатыры валы, шэсьцьдзясят бараноў, шэсьцьдзясят казлоў і шэсьцьдзясят аднагадовых ягнят. Гэта [дары] на пасьвячэньне ахвярніка, калі ён быў памазаны. 89 І калі Майсей уваходзіў у Намёт Спатканьня, каб гаварыць з [Богам], ён чуў голас, які прамаўляў да яго з-над накрыўкі, якая была над Каўчэгам Сьведчаньня паміж двума херувімамі, і [Бог] прамаўляў да яго. |