ЛІКІ 26 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Лікі 26 1 І сталася пасьля гэтай плягі, і сказаў ГОСПАД Майсею і Элеазару, сыну Аарона сьвятара, кажучы: 2 «Палічыце лічбу ўсёй грамады сыноў Ізраіля ад дваццаці гадоў і вышэй паводле дамоў бацькоў іхніх, усіх, здольных да бою». 3 І прамовілі Майсей і Элеазар сьвятар на раўнінах Мааву, насупраць Ерыхону, над Ярданам, кажучы: 4 «[Палічыце ўсіх] ад дваццаці гадоў і вышэй, як ГОСПАД загадаў Майсею і сынам Ізраіля, якія выйшлі з зямлі Эгіпецкай». 5 Рубэн, першародны Ізраіля. Сыны Рубэна: Ханох, ад якога сям'я Ханоха, і Пальлю, ад якога сям'я Пальлю, 6 і Хецрон, ад якога сям'я Хецрона, і Кармі, ад якога сям'я Кармі. 7 Гэта сем'і [пакаленьня] Рубэна, і было палічана іх сорак тры тысячы семсот трыццаць. 8 Сыны Пальлю: Эліяў, 9 а сыны Эліява: Нэмуэль, Датан і Абірам. Датан і Абірам — гэта тыя пакліканыя грамадою, якія збунтаваліся супраць Майсея і Аарона разам з Карахам, калі яны паднялі бунт супраць ГОСПАДА, 10 і зямля разьзявіла вусны свае, і праглынула іх і Караха, і паўмірала грамада, калі агонь спаліў дзьвесьце пяцьдзясят чалавек, і сталіся яны знакам. 11 Але сыны Караха не памерлі. 12 Сыны Сымона паводле сем'яў іхніх: ад Нэмуэля [паходзіць] сям'я Нэмуэля; ад Яміна — сям'я Яміна; ад Яхіна — сям'я Яхіна, 13 ад Зэраха — сям'я Зэраха; ад Шаўля — сям'я Шаўля. 14 Гэта сем'і [пакаленьня] Сымона, дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце. 15 Сыны Гада паводле сем'яў іхніх: Цэфон, ад якога сям'я Цэфона; Хаггі, ад якога сям'я Хаггі; Шуні, ад якога сям'я Шуні, 16 Озьні, ад якога сям'я Озьні; Эры, ад якога сям'я Эры, 17 Арод, ад якога сям'я Арода; Арыэль, ад якога сям'я Арыэля. 18 Гэта сем'і сыноў Гада, іх палічана сорак тысячаў пяцьсот. 19 Сыны Юды: Ер і Янан, але яны абодва памерлі ў зямлі Ханаан. 20 Вось сыны Юды паводле сем'яў іхніх: Шэля, ад якога сям'я Шэлі; Пэрэс, ад якога сям'я Пэрэса; Зэрах, ад якога сям'я Зэраха. 21 А вось сыны Пэрэса: Хецрон, ад якога сям'я Хецрона, і Хамуль, ад якога сям'я Хамуля. 22 Гэта сем'і Юды, іх палічана семдзясят шэсьць тысячаў пяцьсот. 23 Сыны Ісахара паводле сем'яў іхніх: Толя, ад якога сям'я Толі; Пува, ад якога сям'я Пувы; 24 Яшуў, ад якога сям'я Яшува; Шымрон, ад якога сям'я Шымрона. 25 Гэта сем'і Ісахара, палічана іх шэсьцьдзясят чатыры тысячы трыста. 26 Сыны Завулёна паводле сем'яў іхніх: Сэрэд, ад якога сям'я Сэрэда; Элён, ад якога сям'я Элёна; Яхлеэль, ад якога сям'я Яхлеэля. 27 Гэта сем'і Завулёна, палічана іх шэсьцьдзясят тысячаў пяцьсот. 28 Сыны Язэпа паводле сем'яў іхніх: Манаса і Эфраім. 29 Сыны Манасы: Махір, ад якога сям'я Махіра; Махір нарадзіў Гілеада, ад якога сям'я Гілеада. 30 Сыны Гілеада: Езэр, ад якога сям'я Езэра; Хэлек, ад якога сям'я Хэлека; 31 Асрыэль, ад якога сям'я Асрыэля; Мэхем, ад якога сям'я Мэхема, 32 Шэміда, ад якога сям'я Шэміды; Хэфэр, ад якога сям'я Хэфэра. 33 А Цэлафхад, сын Хэфэра, ня меў сыноў, а толькі дочак, а імёны дочак Цэлафхада: Махля, Ноа, Хогля, Мілька і Тырца. 34 Гэта сем'і Манасы, іх падлічана пяцьдзясят дзьве тысячы семсот. 35 Гэта сыны Эфраіма паводле сем'яў іхніх: Шутэлях, ад якога сям'я Шутэляха; Бэхэр, ад якога сям'я Бэхэра; Тахан, ад якога сям'я Тахана. 36 А гэта сыны Шэтэляха: Эран, ад якога сям'я Эрана. 37 Гэта сем'і сыноў Эфраіма, палічана іх трыццаць дзьве тысячы пяцьсот. Гэта сыны Язэпа паводле сем'яў сваіх. 38 Сыны Бэн’яміна паводле сем'яў іхніх: Бэля, ад якога сям'я Бэлі; Ашбэль, ад якога сям'я Ашбэля; Ахірам, ад якога сям'я Ахірама; 39 Шэфуфам, ад якога сям'я Шэфуфама; Хуфам ад якога сям'я Хуфама. 40 І былі сыны Бэлі: Ард і Нааман; ад Арда [паходзіць] сям'я Арда, ад Наамана — сям'я Наамана. 41 Гэта сыны Бэн’яміна паводле сем'яў сваіх, палічана іх сорак пяць тысячаў шэсьцьсот. 42 Гэта сыны Дана паводле сем'яў іхніх: Шухам, ад якога сям'я Шухама. Гэта сем'і Дана паводле сем'яў сваіх; 43 усе яны сям'я Шухама, палічана іх шэсьцьдзясят чатыры тысячы чатырыста. 44 Сыны Асэра паводле сем'яў іхніх: Імна, ад якога сям'я Імны; Ішві, ад якога сям'я Ішві; Бэрыя, ад якога сям'я Бэрыі. 45 Сыны Бэрыі: Хэвэр, ад якога сям'я Хэвэра; і Малькіэль, ад якога сям'я Малькіэля. 46 А імя дачкі Асэра — Сэраха. 47 Гэта сем'і сыноў Асэра, палічана іх пяцьдзясят тры тысячы чатырыста. 48 Сыны Нэфталі паводле сем'яў іхніх: Яхцэль, ад якога сям'я Яхцэля; Гуні, ад якога сям'я Гуні; 49 Ецэр, ад якога сям'я Ецэра; Шылем, ад якога сям'я Шылема. 50 Гэта сем'і Нэфталі паводле сем'яў сваіх, палічана іх сорак пяць тысячаў чатырыста. 51 Гэта лічба сыноў Ізраіля: шэсьцьсот адна тысяча семсот трыццаць. 52 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 53 «Паміж імі будзе падзелена зямля ў спадчыну паводле лічбы імёнаў. 54 Больш шматлікім павялічыш спадчыну іхнюю; менш шматлікім паменшыш спадчыну іхнюю; кожнаму асобна, паводле сьпісу, будзе дадзена спадчына. 55 Зямля павінна быць падзелена жэрабям, і спадчыну атрымаюць паводле [лічбы] імёнаў у родах бацькоў іхніх. 56 Жэрабям будзе падзеленая спадчына паміж шматлікімі і малалікімі [сем'ямі]». 57 А гэта лічба лявітаў паводле сем'яў іхніх: Гершон, ад якога сям'я Гершона; Кегат, ад якога сям'я Кегата; і Мэрары, ад якога сям'я Мэрары. 58 Гэта сем'і Левія: сям'я Лібні, сям'я Хеўрона, сям'я Махлі, сям'я Мушы, сям'я Караха. І Кегат нарадзіў Амрама. 59 Імя жонкі Амрама — Ёкэбэд, дачка Левія, якая нарадзілася Левію ў Эгіпце. Яна нарадзіла Амраму Аарона і Майсея, і сястру іхнюю Мірыям. 60 І нарадзіліся Аарону сыны: Надаў, Абігу, Элеазар і Ітамар. 61 Але Надаў і Абігу памерлі, калі прынесьлі чужы агонь перад аблічча ГОСПАДА. 62 І ўсіх было палічана іх дваццаць тры тысячы мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй. Яны не палічаныя сярод сыноў Ізраіля, бо ня дадзена ім спадчына сярод сыноў Ізраіля. 63 Гэта палічаныя Майсеем і Элеазарам сьвятаром, якія палічылі сыноў Ізраіля на раўнінах Мааву над Ярданам насупраць Ерыхону. 64 Між імі не было нікога з тых, якіх лічылі Майсей і Аарон сьвятар, калі лічылі сыноў Ізраіля ў пустыні Сынай, 65 бо сказаў ім ГОСПАД, што яны сьмерцю памруць у пустыні, і не застанецца з іх аніводнага, апрача Халева, сына Ефунны, і Егошуа, сына Нуна. |