Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛІКІ 25 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Лікі 25

1 І жыў Ізраіль у Шыттыме, і народ стаў распусьнічаць з дочкамі Мааву,

2 а яны запрашалі народ складаць ахвяры багам сваім. Разам яны елі і пакланяліся багам іхнім.

3 І прыляпіўся Ізраіль да Баал-Пэора, і ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць Ізраіля.

4 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Зьбяры ўсіх [вінаватых] начальнікаў народу і павесь іх перад ГОСПАДАМ на сонцы, і адвернецца ярасьць гневу ГОСПАДА ад Ізраіля».

5 І сказаў Майсей судзьдзям Ізраіля: «Забіце тых людзей вашых, якія прыляпіліся да Баал-Пэора».

6 І вось, адзін з сыноў Ізраіля прыйшоў, і прывёў да братоў сваіх Мадыянку на вачах Майсея і на вачах усёй грамады сыноў Ізраіля, якія лямантавалі перад уваходам у Намёт Спатканьня.

7 І ўбачыў гэта Пінхас, сын Элеазара, сына Аарона сьвятара, і ўстаў спаміж грамады, і схапіў дзіду ў руку сваю,

8 і пайшоў за мужчынам Ізраільцянінам пад заслону [намёту], і прабіў іх дзідаю абодвух, мужчыну Ізраільцяніна і жанчыну, праз улоньні. І спынілася кара на сыноў Ізраіля.

9 А загінула ад той кары дваццаць чатыры тысячы [чалавек].

10 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

11 «Пінхас, сын Элеазара, сына Аарона сьвятара, адвярнуў гнеў Мой ад сыноў Ізраіля, бо ён загарэўся рэўнасьцю Маёю сярод іх, і Я ня зьнішчыў сыноў Ізраіля ў рэўнасьці Маёй.

12 Дзеля гэтага скажы [яму]: “Вось, Я заключаю з ім Мой запавет супакою”.

13 І будзе гэта яму і насеньню ягонаму запавет вечнага сьвятарства за тое, што ён рупіўся пра Бога свайго і перамольваў за сыноў Ізраіля».

14 А імя таго мужчыны Ізраільцяніна, забітага разам з Мадыянкай, [было] Зімры, сын Салю, князь дому бацькоў [калена] Сымона.

15 А імя забітай жанчыныМадыянкі [было] Казьбі, яна —дачка Цура, начальніка аднаго з пакаленьняў Мадыянскіх.

16 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

17 «Ваюйце супраць Мадыянцаў і выбіце іх,

18 бо яны варожа паставіліся да вас і ашуквалі вас праз Пэора і праз Казьбі, дачку князя Мадыянскага, сястру іхнюю, забітую ў дзень кары за Пэора».

Сачыце за намі:



Аб'явы