ЛІКІ 16 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Лікі 16 1 І ўзяліся Карах, сын Іцгара, сына Кегата, сына Левія, і Датан і Абірам, сыны Эліява, і Он, сын Пэлета, з сыноў Рубэна, 2 і паўсталі перад абліччам Майсея, і [з імі] мужы з сыноў Ізраіля, дзьвесьце пяцьдзясят [чалавек], начальнікі грамады, прадстаўнікі народу, людзі слаўныя. 3 І выступілі яны супраць Майсея і супраць Аарона, і сказалі ім: «Досыць вам, бо ўся грамада, усе — сьвятыя, і пасярод іх ёсьць ГОСПАД. Дык чаму вы ставіце сябе вышэй царквы ГОСПАДА?» 4 І пачуў [гэта] Майсей, і ўпаў на аблічча сваё. 5 І прамовіў да Караха і да ўсёй грамады, кажучы: «Заўтра пакажа ГОСПАД, хто да Яго [належыць], і хто сьвяты, і каго наблізіць да Сябе; і каго Ён выбраў, таго Ён наблізіць да Сябе. 6 Вось што зрабіце. Няхай Карах і ўся грамада ягоная возьмуць кадзільніцы свае, 7 і няхай у іх укладуць агонь, і заўтра пакладуць у іх кадзіла перад абліччам ГОСПАДА, і каго выбярэ ГОСПАД, той сьвяты. Досыць вам, сыны Левія». 8 І сказаў Майсей Караху: «Слухайце, сыны Левія! 9 Ці мала вам, што Бог Ізраіля аддзяліў вас ад грамады Ізраіля, і выбраў вас Сабе, каб вы служылі Яму ў Сялібе ГОСПАДА, і каб стаялі перад абліччам грамады, паслугуючы [Госпаду]? 10 І Ён даў наблізіцца да Сябе табе і ўсім братам тваім, сынам Левія. А вы дамагаецеся яшчэ сьвятарства? 11 Навошта ты і ўся грамада твая злучыліся супраць ГОСПАДА? Хто такі Аарон, што вы наракаеце супраць яго?» 12 І паслаў Майсей паклікаць Датана і Абірама, сыноў Эліява, але яны сказалі: «Ня пойдзем! 13 Ці мала табе, што ты вывеў нас з зямлі, якая ацякае малаком і мёдам, каб выгубіць нас у пустыні, і яшчэ хочаш панаваць над намі? 14 Але ж ты ня ўвёў нас у зямлю, якая ацякае малаком і мёдам, і ня даў нам на ўласнасьць палёў і вінаграднікаў! Хочаш вочы людзей засьляпіць? Ня пойдзем!» 15 І надта разгневаўся Майсей, і сказаў ГОСПАДУ: «Не прыймай ахвяры іхняй! У ніводнага з іх я ня ўзяў нават асла, і нікога з іх я не пакрыўдзіў». 16 І сказаў Майсей Караху: «Заўтра ты і ўся грамада твая няхай стане перад абліччам ГОСПАДА, ты з імі, і Аарон асобна. 17 І няхай возьме кожны кадзільніцу сваю і пакладзе ў іх кадзіла, і прынясе перад аблічча ГОСПАДА кожны кадзільніцу сваю, дзьвесьце пяцьдзясят кадзільніцаў; і ты, і Аарон кожны кадзільніцу сваю». 18 І кожны ўзяў кадзільніцу сваю, уклаў у яе агонь, і насыпаў кадзіла, і сталі яны каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, [сталі] таксама Майсей і Аарон. 19 І сабраў Карах супраць іх усю грамаду каля ўваходу ў Намёт Спатканьня. І зьявілася ўсёй грамадзе слава ГОСПАДА. 20 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы: 21 «Адлучыцеся ад грамады гэтай, Я іх зьнішчу ў момант». 22 І яны ўпалі на абліччы свае, і сказалі: «Божа, Божа, Які [даеш] дух усякаму целу, ці будзеш гневацца на ўсю грамаду, калі [толькі] адзін чалавек саграшыў?» 23 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 24 «Прамоў да грамады, кажучы: “Адыйдзіце ад жытлаў Караха, Датана і Абірама”». 25 І ўстаў Майсей, і пайшоў да Датана і Абірама, і старшыні Ізраіля пайшлі за ім. 26 І прамовіў ён да грамады, кажучы: «Адыйдзіце ад намётаў гэтых бязбожных людзей! І не дакранайцеся нічога, што да іх [належыць], каб вы не пагінулі праз усе грахі іхнія!» 27 І адыйшліся [ўсе] ад сялібаў Караха, Датана і Абірама. А Датан і Абірам выйшлі і сталі перад уваходам у намёты свае разам з жонкамі сваімі, сынамі і малымі дзецьмі. 28 І сказаў Майсей: «З гэтага даведаецеся, што ГОСПАД паслаў мяне, каб чыніў усе гэтыя справы і што гэта не з майго сэрца [выйшла]. 29 Калі гэтыя людзі памруць, як усе людзі паміраюць, і калі лёс іхні будзе такі, які і ў кожнага чалавека, ГОСПАД не паслаў мяне. 30 А калі ГОСПАД створыць незвычайнае, і зямля разявіць пашчу сваю, і праглыне іх і ўсё, што да іх [належыць], і жывыя трапяць яны ў адхлань, ведайце, што яны зьневажалі ГОСПАДА». 31 І сталася, калі ён скончыў прамаўляць слова, расчынілася зямля пад нагамі іхнімі, 32 і разявіла зямля пашчу сваю, і праглынула іх, і дамы іхнія, і ўсіх людзей, якія з Карахам, і ўсю маёмасьць іхнюю. 33 І так жывыя трапілі яны і ўсё, што ў іх, у адхлань, і зямля накрыла іх, і [так] былі яны вынішчаныя спаміж царквы. 34 А ўсе Ізраільцяне, якія стаялі навокал, [пачуўшы]крык іхні, паўцякалі, кажучы: «Каб і нас зямля не праглынула». 35 І выйшаў агонь ад ГОСПАДА, і спаліў дзьвесьце пяцьдзясят чалавек, якія ахвяроўвалі кадзіла. 36 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 37 «Скажы Элеазару, сыну Аарона сьвятара, каб сабраў з пажарышча кадзільніцы, а агонь з іх няхай выкіне далёка, бо яны асьвячоныя. 38 А з кадзільніцаў тых, якія саграшылі супраць душаў сваіх, няхай зробяць тонкія бляхі на пакрыцьцё ахвярніка, бо іх прынесьлі перад аблічча ГОСПАДА, і яны асьвячоныя, і будуць яны знакам для сыноў Ізраіля». 39 І ўзяў Элеазар сьвятар кадзільніцы мядзяныя, якія прынесьлі тыя, што былі спалены, і перарабілі іх [на бляху] на пакрыцьцё ахвярніка, 40 як напамін для сыноў Ізраіля, каб ніхто чужы, які не [належыць] да насеньня Аарона, не прыносіў кадзіла перад аблічча ГОСПАДА і ня сталася з ім тое, што з Карахам і супольнікамі ягонымі, як прамовіў да яго ГОСПАД праз Майсея. 41 Назаўтра ўся грамада сыноў Ізраіля наракала на Майсея і Аарона, кажучы: «Вы забілі народ ГОСПАДАЎ». 42 І сталася, калі сабралася грамада супраць Майсея і Аарона, яны накіраваліся да Намёту Спатканьня. І вось, воблака ахутала [Намёт], і зьявілася слава ГОСПАДА. 43 І прыйшлі Майсей і Аарон перад Намёт Спатканьня. 44 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 45 «Адыйдзіцеся ад грамады гэтай, і Я зьнішчу іх у момант». А яны ўпалі на абліччы свае. 46 І сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі кадзільніцу і ўлажы ў яе агонь з ахвярніка, улажы кадзіла, і пабяжы хутка да грамады, і перамольвай за яе, бо ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА і пачалася пляга». 47 І зрабіў Аарон, як сказаў Майсей, і прыбег да царквы, і вось, ужо пачалася пляга сярод народу. І ён палажыў кадзіла, і перамольваў за народ. 48 І ён стаў паміж памёршымі і жывымі, і пляга спынілася. 49 А тых, што згінула ад плягі гэтай, было чатырнаццаць тысячаў семсот, апрача памёршых з прычыны Караха. 50 І вярнуўся Аарон да Майсея да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і спынілася пляга. |