ЛІКІ 13 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Лікі 13 1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 2 «Пашлі людзей, і яны выведаюць зямлю Ханаан, якую Я даю сынам Ізраіля, па адным з кожнага пакаленьня бацькоў іхніх, вышліце ўсіх князёў сярод іх». 3 І паслаў іх Майсей з пустыні Паран паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, а ўсе яны галовы сыноў Ізраіля. 4 Вось імёны іхнія: з пакаленьня Рубэна — Шамуа, сын Закура; 5 з пакаленьня Сымона — Шафат, сын Хоры; 6 з пакаленьня Юды — Халеў, сын Ефунны; 7 з пакаленьня Ісахара — Ігаль, сын Язэпа; 8 з пакаленьня Эфраіма — Ошэа, сын Нуна; 9 з пакаленьня Бэн’яміна — Пальты, сын Рафу; 10 з пакаленьня Завулёна — Гадыэль, сын Соды, 11 з пакаленьня Язэпа, пакаленьня Манасы — Гады, сын Сусі, 12 з пакаленьня Дана — Аміэль, сын Гемальлі, 13 з пакаленьня Асэра — Сэтур, сын Міхаэля, 14 з пакаленьня Нэфталі — Нахбі, сын Вафсі, 15 з пакаленьня Гада — Геўэль, сын Махі. 16 Гэта вось імёны мужчынаў, якіх паслаў Майсей для выведваньня зямлі [Ханаан]. І Ошэа, сына Нуна, назваў Майсей Егошуа. 17 І паслаў іх Майсей дзеля выведваньня зямлі Ханаан, і сказаў ім: «Ідзіце праз Нэгеў, і прыйдзеце ў горы, 18 і разгледзьце зямлю, якая яна, і народ, які жыве на ёй, ці моцны ён, ці кволы, ці нямногія лікам, ці шматлікія? 19 І якая зямля, на якой яны жывуць, ці добрая, ці ліхая? Якія гарады, у якіх яны жывуць, ці як табар, ці з мурамі? 20 І якая зямля, ці ўрадлівая, ці пустая, ці [ёсьць] там дрэвы, ці няма іх? Будзьце мужныя і прынясіце пладоў той зямлі». А былі тады дні дасьпяваньня вінаграду. 21 І яны пайшлі, і выведалі зямлю ад пустыні Сін аж па Рэхоб каля ўваходу ў Хамат. 22 І дайшлі да Нэгеву, а адтуль прыйшлі ў Хеўрон, дзе жылі Ахіман, Шэшай і Тальмай, нашчадкі Анака. А Хеўрон пабудаваны на сем гадоў раней, чым Цаан у Эгіпце. 23 І дайшлі яны аж да даліны Эшколь, там зрэзалі галінку з адной гронкай вінаграду, якую несьлі на жэрдцы два [чалавекі], ўзялі яблыкаў гранатовых і фігаў. 24 І назвалі месца тое далінай Эшколь, таму што адтуль сыны Ізраіля несьлі гронку [вінаграду]. 25 І вярнуліся выведчыкі зямлі праз сорак дзён. 26 І ішлі, і прыйшлі да Майсея і Аарона, і да ўсёй грамады сыноў Ізраіля ў пустыню Паран, у Кадэш. І зьвярнулі словы да іх і да ўсёй грамады, і паказалі ім плады той зямлі. 27 І расказвалі ім, і сказалі: «Мы прыйшлі ў зямлю, у якую ты паслаў нас, якая сапраўды ацякае малаком і мёдам, і такія плады ейныя. 28 Але народ, які жыве на ёй, дужы, і гарады вельмі вялікія і ўмацаваныя. Бачылі мы там таксама нашчадкаў Анака. 29 Амалекцы жывуць у зямлі Нэгеў; Хеты, Евусэі і Амарэйцы жывуць у гарах, а Хананейцы жывуць каля мора і на беразе Ярдану». 30 І Халеў супакойваў [абурэньне] народу супраць Майсея, і казаў: «Пойдзем і здабудзем зямлю, бо мы [можам]авалодаць ёю». 31 А іншыя, якія хадзілі з ім, казалі: «Ня зможам мы ваяваць з тым народам, бо ён дужэйшы за нас». 32 І гаварылі ліхія весткі пра зямлю, якую аглядалі, паміж сыноў Ізраіля, кажучы: «Зямля, якую мы прайшлі, каб выведаць яе, пажырае жыхароў сваіх, а ўвесь народ, які мы бачылі ў ёй, — высокага росту. 33 Бачылі мы там нэфілімаў, сыноў Анака, з роду нэфілімаў, і ў вачах нашых мы былі як саранча, і такімі ж мы былі ў вачах іхніх». |