ЗАХАРЫІ 7 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Зах 7 1 І сталася ў чацьвёртым годзе валадара Дарыя, і было слова ГОСПАДА да Захарыі ў чацьвёрты дзень дзявятага месяца Кісьлеў. 2 І паслалі з Бэтэля Шарэцэра і Рэгэм-Мэлеха і людзей іхніх маліць аблічча ГОСПАДА, 3 каб сказаць сьвятарам, якія ў Доме ГОСПАДА Магуцьцяў, і прарокам, кажучы: «Ці маю я плакаць у пятым месяцы з пасьвячэньнем, як я рабіў гэта шмат гадоў?» 4 І было да мяне слова ГОСПАДА Магуцьцяў, кажучы: 5 «Кажы ўсяму народу і сьвятарам, кажучы: “Калі вы посьцілі і былі ў жалобе ў пятым і ў сёмым месяцы гэтыя семдзясят гадоў, ці вы для Мяне постам посьцілі? 6 І калі вы елі, і калі пілі, ці ж ня дзеля сябе вы елі і пілі? 7 Ці ж [гэта] ня тыя словы, якія абвясьціў ГОСПАД праз рукі прарокаў ранейшых, калі Ерусалім быў заселены і ў супакоі, і гарады ягоныя вакол яго, і Нэгеў, і Шэфэля былі заселеныя?”» 8 І было слова ГОСПАДА да Захарыі, кажучы: 9 «Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў, кажучы: “Судзіце суд паводле праўды і будзьце літасьцівыя кожны да брата свайго. 10 І ўдавы, і сіраты, і прыхадня, і беднага не ўціскайце, і зла ня думайце супраць брата свайго ў сэрцы сваім”. 11 Але яны адмовіліся прыхіліць вуха і павярнуліся бунтоўна сьпінаю, і вушы свае зрабілі цяжкімі, каб ня чуць, 12 і сэрцы свае зрабілі як крэмень, каб ня чуць Закону і словаў, якія пасылаў ГОСПАД Магуцьцяў Духам Сваім праз рукі прарокаў; і быў гнеў вялікі ад ГОСПАДА Магуцьцяў. 13 “І сталася, што калі Я клікаў, яны ня чулі. Так і яны будуць клікаць, і Я ня буду чуць, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. 14 І Я разьвеяў іх паміж усіх народаў, якіх яны ня ведалі, і зямля спустошаная пасьля іх, ажно няма нікога, хто б праходзіў ці вяртаўся. І яны ператварылі зямлю жаданую ў пустэчу”». |