Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЗАХАРЫІ 4 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Зах 4

1 І павярнуўся той анёл, які гаварыў са мною, і пабудзіў мяне, як чалавека, якога будзяць зо сну ягонага,

2 і сказаў мне: “Што ты бачыш?” І я сказаў, кажучы: “Бачу, і вось, сьвечнік, увесь з золата, і чара на версе ягоным, і сем лямпаў ягоных на ім, і сем рурак да лямпаў, якія на версе ягоным,

3 і дзьве аліўкі каля яго: адна — з правага боку чары, а другая з левага боку яе”.

4 І я адказаў, і сказаў анёлу, які гаварыў са мною: “Што гэта, пане мой?”

5 І адказаў анёл, які гаварыў са мною, і сказаў мне: “Хіба ты ня ведаеш, што гэта?” І я сказаў: “Не, пане мой”.

6 І ён адказаў, і сказаў мне, кажучы: “Гэта слова ГОСПАДА да Зэрубабэля, якое кажа: ‘Ня сілаю, і ня моцаю, але Духам Маім, кажа ГОСПАД Магуцьцяў’.

7 Хто ты, гара вялікая? Перад абліччам Зэрубабэля [ты будзеш] раўніна, і ён прынясе камень вуглавы з гуканьнямі: ‘[Няхай знойдзе] ласку, [няхай будзе] ласка для яго!’”

8 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

9 “Рукі Зэрубабэля заклалі Дом гэты, і рукі ягоныя скончаць [яго]; і ты даведаешся, што ГОСПАД Магуцьцяў паслаў мяне да вас.

10 Бо тыя, якія пагарджалі днём малых [пачаткаў], бу­дуць радавацца і ўбачаць адвес з волава ў руцэ Зэрубабэля. А гэтыя сем — вочы ГОСПАДА, якія абыходзяць усю зямлю”.

11 І я адказаў, і сказаў яму: “Што гэта за дзьве аліўкі з правага боку сьветача і з левага боку ягонага?”

12 І я адказаў другі раз, і сказаў яму: “Што гэта за дзьве галінкі аліўныя, якія праз дзьве залатыя руркі выліваюць золата з сябе?”

13 І ён сказаў мне, кажучы: “Хіба ты ня ведаеш, што гэта?” І я сказаў: “Не, пане мой!”

14 І ён сказаў: “Гэта два сыны алівы, якія стаяць перад ГОС­ПАДАМ усёй зямлі”.

Сачыце за намі:



Аб'явы