ЕРАМІІ 47 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Яр 47 1 Слова ГОСПАДА, якое было да Ярэміі прарока адносна Філістынцаў, перш, чым фараон здабыў Газу: 2 «Гэта кажа ГОСПАД. Вось, воды падымаюцца з поўначы, і будуць яны як ручай залеўны, і зальюць зямлю і ўсё, што на ёй, горад і жыхароў у ім, і будуць крычаць людзі, і загалосяць усе жыхары зямлі. 3 Ад тупату капытоў дужых [коней] ягоных, ад лязгату калясьніцаў ягоных і грукату колаў іхніх бацькі ня зьвернуцца да сыноў, бо самлеюць [ім] рукі, 4 бо надыйшоў дзень, каб зьнішчыць усіх Філістынцаў, каб выгубіць у Тыры і Сідоне ўсіх памочнікаў, якія засталіся. Бо ГОСПАД зьнішчыць Філістынцаў і рэшту вострава Кафтор. 5 Аблысела Газа, зьнямеў Ашкелён. Рэшта даліны іхняй, як доўга будзеце рабіць сабе нарэзы? 6 Гора! Меч ГОСПАДА, як доўга ты не супачынеш? Вярніся ў похвы свае, супакойся і суцішся! 7 Але як ён супакоіцца, калі ГОСПАД загадаў яму, супраць Ашкелёну і супраць узьбярэжжа мора скіраваў яго». |