ЕРАМІІ 33 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Яр 33 1 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі другі раз, калі ён быў яшчэ ўвязьнены на панадворку вартоўні, кажучы: 2 «Гэта кажа ГОСПАД, Які ўчыніў [зямлю], ГОСПАД, Які ўкшталтаваў і ўмацаваў яе, ГОСПАД — імя Ягонае. 3 Пакліч Мяне, і Я адкажу табе, і абвяшчу табе вялікае і недасяжнае, чаго ты ня ведаеш. 4 Бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, пра дамы гораду гэтага, пра дамы валадароў Юды, якія руйнуюцца на ўмацаваньні і ад мяча, 5 якія ідуць на змаганьне з Халдэйцамі, і якія напоўняцца трупамі людзей, якіх Я заб’ю ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй, і Я схаваў аблічча Маё ад гораду гэтага за ўсе ліхоты ягоныя. 6 Вось, Я загаю ім рану, і вылячу, і аздараўлю іх, і выяўлю ім шчодрасьць супакою і праўды. 7 І Я вярну палонных Юды і палонных Ізраіля, і адбудую іх як раней. 8 І Я ачышчу іх ад усіх беззаконьняў, якімі яны грашылі супраць Мяне, і прабачу ўсе беззаконьні іхнія, якімі яны грашылі супраць Мяне, і праз якія яны адыйшлі ад Мяне. 9 І станецца [Ерусалім] у Мяне імем радасьці і хвалы, і славы для ўсіх народаў зямлі, якія пачуюць пра ўсе дабарадзействы, што Я зрабіў яму. І будуць яны баяцца, і будуць трымцець дзеля ўсяго дабра і дзеля ўсяго супакою, якія Я зрабіў для яго. 10 Гэта кажа ГОСПАД. На гэтым месцы, пра якое вы кажаце: “Гэта руіны, без людзей і без жывёлы”, у гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, спустошаных, без людзей, без жыхароў, без жывёлы, зноў будзе чутны 11 голас вясёласьці і голас радасьці, голас жаніха і голас нявесты, голас тых, якія кажуць: “Хваліце ГОСПАДА Магуцьцяў, бо добры ГОСПАД, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!”, і якія складаюць ахвяры падзякі ў Доме ГОСПАДА, бо Я вярну як [было] раней долю зямлі гэтай, кажа ГОСПАД. 12 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. На месцы гэтым зруйнаваным, без людзей і без жывёлы, і ў-ва ўсіх гарадах ягоных будзе зноў прыстанішча для пастухоў, якія прыгналі авечак на адпачынак. 13 У гарадах горных, у гарадах лагчынных, у гарадах Нэгеву, у зямлі Бэн’яміна, у ваколіцах Ерусаліму і ў гарадах Юды зноў будуць праходзіць авечкі праз рукі таго, хто [іх] лічыць, кажа ГОСПАД. 14 Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я споўню добрае слова, якое Я прамовіў дому Ізраіля і дому Юды. 15 У тыя дні і ў той час Я вырашчу Давіду Парастак праведны, і будзе Ён чыніць суд і праведнасьць на зямлі. 16 У тыя дні Юда будзе збаўлены, і Ерусалім будзе жыць у бясьпецы. І вось імя, якім будуць клікаць яго: “ГОСПАД — праведнасьць нашая”. 17 Бо гэта кажа ГОСПАД. Не застанецца Давід бяз мужа, які сядзіць на пасадзе дому Ізраіля. 18 І сьвятары лявіты не застануцца бяз мужа перад абліччам Маім, які будзе складаць цэласпаленьні, паліць ахвяры хлебныя і прыносіць ахвяры ў-ва ўсе дні». 19 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы: 20 «Гэта кажа ГОСПАД. Калі можаце парушыць запавет Мой [адносна] дня і запавет Мой [адносна] ночы, каб не было ані дня, ані ночы ў часе іхнім, 21 тады можа быць парушаны запавет Мой з Давідам, слугою Маім, каб ня меў ён сына, які будзе валадарыць на пасадзе ягоным, і з лявітамі сьвятарамі, слугамі Маімі. 22 Як незьлічоныя войскі нябесныя і як нязьмерны пясок марскі, так Я памножу насеньне Давіда, слугі Майго, і лявітаў, слугаў Маіх». 23 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы: 24 «Ці не заўважыў ты, што народ гэты кажа: “ГОСПАД адкінуў абедзьве сям’і, якія выбраў!” І яны пагарджаюць народам Маім, як быццам ён ужо не народ перад абліччам іхнім. 25 Гэта кажа ГОСПАД. Калі няма запавету Майго адносна дня і адносна ночы, калі Я не паставіў статуты для неба і зямлі, 26 тады Я адкіну насеньне Якуба і Давіда, слугі Майго, і не вазьму з насеньня ягонага тых, хто пануе над насеньнем Абрагама, Ісаака і Якуба, бо Я, перамяняючы, перамяню долю іхнюю і пашкадую іх». |