ЕЗЭКІІЛЯ 9 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Эзк 9 1 І Ён закрычаў голасам моцным у вушы мае, кажучы: «Прыходзьце, вартаўнікі гораду, і няхай кожны мае ў руцэ сваёй зброю». 2 І вось прыйшлі шэсьць мужоў дарогай ад верхняе брамы, якая на поўначы, кожны са зброяй сваёй у руцэ; між імі быў адзін чалавек, апрануты ў ільняную шату, з прыладай пісарскай пры боку. І ўвайшлі яны, і затрымаліся перад ахвярнікам мядзяным. 3 А слава Бога Ізраіля паднялася з-над херувімаў, на якіх знаходзілася, да парогу сьвятыні. Пасьля, паклікаўшы чалавека, апранутага ў ільняную шату, які меў прыладу пісарскую пры боку, 4 ГОСПАД сказаў яму: «Прайдзі праз сярэдзіну гораду, праз сярэдзіну Ерусаліму і напішы гэты знак “таў” на чолах мужчынаў, якія ўздыхаюць і бядуюць з прычыны ўсіх тых брыдотаў, якія ў ім робяцца». 5 А да іншых сказаў так, што і я чуў: «Ідзіце за ім па горадзе і забівайце. Няхай вочы вашыя ня ведаюць ані спачуваньня, ані літасьці. 6 Старога, юнака, дзяўчыну, немаўля і жанчыну забівайце, але не дакранайцеся да кожнага мужа, на якім будзе той знак. І пачынайце ад сьвятыні Маёй». І пачалі яны ад тых старшыняў, якія стаялі перад сьвятыняй. 7 І сказаў Ён ім: «Апаганьце таксама сьвятыню, і панадворкі ейныя закідайце трупамі!» І выйшлі яны, і забівалі ў горадзе. 8 А ў той час, калі яны забівалі, я застаўся сам, упаў на аблічча маё і так маліўся ўголас: «Госпадзе, ГОСПАДЗЕ! Ці Ты хочаш вынішчыць усю рэшту Ізраіля, выліваючы гнеў Свой на Ерусалім?» 9 І сказаў Ён мне: «Беззаконьне дому Ізраіля і Юды вельмі, вельмі вялікае, зямля поўная крыві, а горад напоўнены няпраўдаю, бо яны кажуць: “ГОСПАД пакінуў зямлю гэтую. ГОСПАД ня бачыць”. 10 Таксама вока Маё ня будзе мець ані літасьці, ані спачуваньня. Шляхі іхнія Я ўскладу на галовы іхнія». 11 І вось той чалавек, апрануты ў ільняную вопратку, з прыладай пісарскай пры боку, паведаміў: «Я зрабіў, як Ты загадаў мне». |