ЕЗЭКІІЛЯ 33 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Эзк 33 1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 2 «Сыне чалавечы, прамоў да сыноў народу твайго і скажы ім: “Калі на нейкую зямлю Я прыводжу меч, і возьме народ зямлі нейкага чалавека спасярод сябе, і паставіць яго вартаўніком, 3 і ён убачыць, што меч гэты прыходзіць на зямлю, і ён затрубіць у рог, і папярэдзіць народ, 4 але нехта пачуе гук рогу, і ня будзе сьцерагчыся, і прыйдзе меч, і заб’е яго, кроў ягоная будзе на галаве ягонай. 5 Гук рогу ён пачуў, але не засьцярогся; кроў ягоная будзе на ім самім. А той, хто засьцярогся, захаваў душу сваю. 6 А калі вартаўнік бачыць, што прыходзіць меч, і не трубіць у рог, і народ не папярэджаны, і прыходзіць меч, і забівае некага з іх, хоць гэты [забіты] забраны за беззаконьне сваё, але кроў ягоную Я буду шукаць на руках вартаўніка”. 7 І цябе, сыне чалавечы, Я паставіў вартаўніком для дому Ізраіля, і ты пачуеш з вуснаў Маіх слова, і папярэдзіш іх ад Мяне. 8 Калі Я скажу бязбожніку: “Бязбожнік, ты, сьмерцю памрэш”, — а ты ня будзеш гаварыць, каб папярэдзіць бязбожніка пра шлях ягоны, бязбожнік гэты памрэ за беззаконьне сваё, але кроў ягоную Я буду шукаць на руках тваіх. 9 А калі ты папярэджваў бязбожніка пра шлях ягоны, каб ён зыйшоў з яго, але ён не зыйшоў са шляху свайго, ён памрэ за беззаконьне сваё, але ты захаваў душу тваю. 10 І ты, сыне чалавечы, кажы дому Ізраіля: “Вы, кажучы, кажаце: "Правіны нашыя і грахі нашыя [ляжаць] на нас, і мы гінем дзеля іх. Дык як можам жыць?"” 11 Скажы ім: “Як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не хачу сьмерці бязбожніка, але каб адвярнуўся бязбожнік ад шляху свайго [ліхога] і жыў. Навярніцеся, адвярніцеся ад шляхоў сваіх ліхіх. Навошта маеце паміраць, дом Ізраіля?” 12 І ты, сыне чалавечы, скажы сынам народу твайго: “Праведнасьць праведніка не ўратуе яго ў дзень правіны ягонай, і бязбожнік не спатыкнецца аб бязбожнасьць ў дзень, калі ён адвернецца ад бязбожнасьці сваёй, і праведнік ня зможа жыць у [праведнасьці сваёй] у дзень грэху свайго”. 13 Калі Я скажу праведніку: “Жывучы, будзеш жыць!”, і ён паспадзяецца на праведнасьць сваю, і ўчыніць злачынства, уся праведнасьць праведнасьці ягонай ня будзе ўзгадана, і за злачынства сваё, якое ён учыніў, ён памрэ. 14 А калі я скажу бязбожніку: “Сьмерцю памрэш!”, і ён адвернецца ад грэху свайго, і будзе чыніць суд і праведнасьць, 15 аддасьць заклад несправядлівы, зьверне тое, што зрабаваў, будзе хадзіць паводле пастановаў жыцьця, каб не рабіць злачынства, ён, жывучы, будзе жыць і не памрэ. 16 Усе грахі ягоныя, якімі ён саграшыў, ня будуць узгаданыя яму. Ён чыніў суд і праведнасьць, дык жывучы, будзе жыць. 17 Кажуць сыны народу твайго: “Несправядлівы шлях Госпада”, але іх уласны шлях несправядлівы. 18 Калі праведнік адвернецца ад праведнасьці сваёй і будзе чыніць злачынства, ён памрэ ў ім. 19 І калі бязбожнік адвернецца ад бязбожнасьці сваёй і будзе чыніць суд і праведнасьць, дзякуючы ім ён будзе жыць. 20 А вы кажаце: “Несправядлівы шлях Госпада”. Кожнага з вас, дом Ізраіля, Я буду судзіць паводле шляхоў ягоных». 21 І сталася ў дванаццатым годзе, у дзясятым [месяцы], у пяты [дзень] месяца пасьля выгнаньня нашага, і прыйшоў да мяне ўцякач з Ерусаліму, кажучы: «Захоплены горад!» 22 І была на мне рука ГОСПАДА ўвечары перад прыйсьцем уцекача, і Ён адчыніў вусны мае, калі той прыйшоў да мяне раніцаю. І адчыніліся вусны мае, і ня быў я ўжо нямы. 23 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 24 «Сыне чалавечы, жыхары руінаў гэтых у зямлі Ізраіля кажуць, кажучы: “Абрагам быў адзін, і ўспадкаеміў зямлю гэтую, а нас шмат, нам дадзена зямля гэтая ў спадчыну”. 25 Дзеля гэтага скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вы ясьцё з крывёй, і ўзьнімаеце вочы вашыя на ідалаў вашых, і разьліваеце кроў, і вы хочаце ўспадкаеміць зямлю? 26 Вы абапіраецеся на меч ваш, учыняеце брыдоты, кожны з вас паганіць жонку бліжняга свайго, і вы хочаце ўспадкаеміць зямлю?” 27 Гэта скажаш ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Як жывы Я, тыя, што ў руінах, упадуць ад мяча, а тых, што на абліччы поля, Я аддам зьвярам, каб пажэрлі іх, а тыя, што ў цьвярдынях і ў пячорах, памруць ад заразы. 28 І Я аддам зямлю гэтую на спусташэньне і разрабаваньне, і скончыцца пыхлівасьць магутнасьці ейнай, і горы Ізраіля будуць спустошаныя; і ніхто ня будзе хадзіць [там]. 29 І даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі Я аддам зямлю гэтую на спусташэньне і разрабаваньне за ўсе брыдоты іхнія, якія яны ўчынілі”. 30 Сыне чалавечы, сыны народу твайго гавораць пра цябе пры мурах і брамах дамоў сваіх і гавораць адзін да другога, кожны да брата свайго, кажучы: “Хадзіце, калі ласка, і паслухайце, якое слова, што выходзіць ад ГОСПАДА”. 31 І прыходзяць да цябе, як на сход народу, і сядзіць перад абліччам тваім народ Мой, і слухаюць яны словы твае; але іх не выконваюць, бо тое, што прыемнае ў вуснах іхніх, яны робяць, а сэрца іхняе ідзе за хцівасьцю іхняй. 32 І вось, ты для іх, як [той, які] сьпявае пра каханьне, [мае] прыгожы голас і добра грае, і яны слухаюць словы твае, але не выконваюць іх. 33 Але калі прыйдзе гэта, і вось, яно прыходзіць, і яны даведаюцца, што прарок быў сярод іх». |