ЕЗЭКІІЛЯ 25 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Эзк 25 1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 2 «Сыне чалавечы, павярні аблічча тваё да сыноў Амона і прароч супраць іх. 3 І скажаш сынам Амона: “Слухайце слова Госпада ГОСПАДА. Гэта кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што ты казаў “Ага!” на сьвятыню Маю, бо яна апаганена, і на зямлю Ізраіля, бо яна спустошана, і на дом Юды, бо ён пайшоў у няволю, 4 вось, Я аддам цябе сынам Усходу ў спадчыну. І яны разложаць табары свае ў цябе, і паставяць сялібы свае ў цябе, яны будуць есьці плады твае і піць малако тваё. 5 І Я зраблю Раббу пашаю для вярблюдаў, а сыноў Амона — логавішчам для авечак, і даведаецеся, што Я — ГОСПАД”. 6 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што ты пляскаў рукамі і тупаў нагамі, і цешыўся ў душы з усёй пагардай тваёй з зямлі Ізраіля, 7 вось, Я выцягну руку Маю супраць цябе, і аддам цябе на рабунак народам, і выкарчую цябе спаміж народаў, і вынішчу цябе спасярод земляў, і выгублю цябе, і даведаешся, што Я — ГОСПАД”. 8 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што Мааў і Сэір казалі: “Вось, дом Юды [такі самы] як усе [іншыя] народы”, 9 вось, Я адкрыю [шлях] на ўзбоччы Мааву ад гораду і да гораду ягонага ў межах ягоных, да аздобы зямлі гэтай: Бэт-Ешымоту, Баал-Мэону і Кірыятаіму, 10 і аддам іх разам з сынамі Амона ў спадчыну сынам Усходу, каб ня ўзгадвалі сыноў Амона між народамі. 11 І Я ўчыню суды над Маавам, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”. 12 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што Эдом гарэў помстай супраць дому Юды, і помсьцячы яму, правініўся віною, 13 дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Я выцягну руку Маю супраць Эдому, і вынішчу ў ім чалавека і жывёлу, і аддам яго на спусташэньне, ад Тэману аж да Дэдану пагінуць ад мяча. 14 І Я ўчыню помсту Маю Эдому паводле гневу Майго і паводле абурэньня Майго, і яны пазнаюць помсту Маю, кажа Госпад ГОСПАД”. 15 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: ”За тое, што Філістынцы рабілі [Юдзе] ў помсьце, і помсьцілі помстаю з пагардай у душы, і забівалі дзеля спрадвечнай нянавісьці, 16 дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Вось Я выцягну руку Маю супраць Філістынцаў, выкарчую Керэтаў і зьнішчу рэшту ўзьбярэжжа марскога. 17 І Я ўчыню ім помсту вялікую карамі лютымі. І яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі Я ўчыню ім помсту Маю”». |