ЕЗЭКІІЛЯ 19 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Эзк 19 1 А ты ўзьнімі лямант над князямі Ізраіля, 2 і скажаш: “Якой ільвіцай сярод ільвоў была маці твая? Яна ляжала паміж ільвянятамі, гадавала малых сваіх. 3 І выгадавала яна адно з ільвянятак сваіх, і стаўся ён маладым ільвом, навучыўся хапаць здабычу і жэрці чалавека. 4 І склікалі супраць яго народы, і патрапіў ён у яму іхнюю, і павялі яго на ланцугу ў зямлю Эгіпецкую. 5 І ўбачыла яна, што [дарма] чакае і што загінула надзея ейная, узяла іншага з ільвянятак сваіх, і выгадавала яго ільвом. 6 І бегаў ён паміж ільвамі, і стаўся ён маладым ільвом, і навучыўся хапаць здабычу і жэрці чалавека. 7 І спазнаў ён палацы іхнія, і пустошыў гарады іхнія, і слупянела зямля і ўсё, што на ёй, ад голасу рыку ягонага. 8 І сабраліся супраць яго народы адусюль з навакольля, і расьцягнулі на яго сетку сваю, і патрапіў ён у яму іхнюю. 9 На ланцугу запхнулі яго ў клетку і завялі яго да валадара Бабілонскага, і ён замкнуў яго ў вязьніцы, каб ня чуўся больш голас ягоны па гарах Ізраіля. 10 Маці твая [была] як вінаград у вінаградніку, пасаджаны над вадою, і мела шмат пладоў, і разраслася дзеля мноства вады. 11 І пусьціла яна моцныя галіны, прыдатныя на скіпетры валадароў, і вывышалася прыгажосьцю сваёй сярод гушчару, і была заўважная прыгажосьцю сваёй сярод галінаў сваіх. 12 Але ў гневе была яна вырваная, кінутая на зямлю, і вецер усходні высушыў плады ейныя, былі паламаныя і высахлі галіны ейныя, і агонь зьеў яе. 13 І цяпер яна перасаджаная ў пустыню, у зямлю сухую і спрагнёную. 14 І выйшаў агонь з галінаў ейных, і зьеў плады ейныя, і няма ўжо ў яе галінаў моцных, скіпетра валадароў. Вось лямант, і будзе [над ёю] лямант”». |