Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ДРУГІ ЗАКОН 21 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Друг 21

1 Калі ў зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, на ўласнасьць будзе знойдзены [труп] забітага, які ляжыць у полі, і невядома, хто забіў яго,

2 няхай выйдуць старшыні твае і судзьдзі твае, і адмераюць [адлегласьць] ад гарадоў, якія вакол забітага.

3 І старшыні гораду, які будзе найбліжэй да забітага, возьмуць цялушку, якая яшчэ не працавала і не насіла ярма,

4 і прывядуць старшыні гораду гэтага цялушку гэтую да ручая, які не высыхае, і на месца неаранае і неабсеянае, і зломяць цялушцы карак каля ручая.

5 І прыйдуць сьвятары, сыны Левія, якіх выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб служылі Яму і дабраслаўлялі ў імя ГОСПАДА, і паводле [слова] з вуснаў іхніх будзе [вырашацца] ўсякая спрэчная справа і справа скалечаньня.

6 Усе старшыні гораду, які найбліжэй да забітага, памы­юць рукі свае над цялушкай, карак якой зламалі каля ручая,

7 і адкажуць, і скажуць: “Рукі нашыя ня вылілі крыві гэтай, і вочы нашыя ня бачылі [нічога].

8 Адпусьці [правіну] народу Твайго, Ізраіля, які адкупіў Ты, ГОСПАДЗЕ, і не дазволь, каб гэтая кроў нявінная была ў асяродзьдзі народу Твайго, Ізраіля”. І будзе адпушчана ім кроў гэтая.

9 І ты змыеш кроў нявінную спаміж сябе і зробіш тое, што справядлівае ў вачах ГОСПАДА.

10 Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў тваіх, і аддасьць іх ГОСПАД, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш палонных,

11 і ўбачыш між палоннымі жанчыну прыгожую, і закахаешся ў яе, і возьмеш яе за жонку сабе,

12 тады ўвядзеш яе ў дом твой, і яна абстрыжэ галаву сваю і абрэжа пазногці свае,

13 і скіне з сябе сукенку паланянкі, і будзе жыць у доме тваім, і будзе аплакваць бацьку свайго і маці сваю [адзін] месяц. А потым увойдзеш да яе, і будзеш яе мужам, а яна будзе жонкай тваёй.

14 Калі ж ты ня будзеш мець упадабання ў ёй, адпусьціш яе, куды [захоча] душа яе, і не прадасі яе за срэбра, і ня ўчыніш з ёй, як з нявольніцай, бо ты ўпакорыў яе.

15 Калі нейкі муж будзе мець дзьве жонкі, і адну бу­дзе лю­біць, а другую ненаві­дзець, і яны народзяць яму сыноў, любая і зьне­навіджаная, і першародным будзе сын зьненавіджанай,

16 у дзень, калі ён будзе даваць спадчыну сынам сваім, ня можа сына любай зрабіць першародным, абмінаючы сына зьненавіджанай, які ёсьць першародным.

17 Сына зьненавіджанай прызнае першародным і дасьць яму з усяго, што мае, падвойную частку, бо ён ёсьць пачатак сілы ягонай, і яму належыць права першародзтва.

18 Калі чалавек будзе мець сына непаслухмянага і ўпорыстага, які ня слухае голас бацькі свайго і голас маці сваёй, і каралі яго, але ён ня слухаўся іх,

19 няхай бацька ягоны і маці ягоная возьмуць яго і прывя­дуць да старшыняў гораду свайго і да брамы гораду свайго,

20 і скажуць старшыням гораду свайго: “Сын наш гэты непаслухмяны і ўпорысты, ня слухае голасу нашага, аддаецца распусьце і п’янству”.

21 Тады ўсе мужчыны гораду ягонага ўкамянуюць яго камянямі, і ён памрэ, каб выніш­чыць зло з асяродзьдзя вашага. І ўвесь Ізраіль пачуе [гэта], і будзе баяцца.

22 Калі хто дапусьціцца злачынства, каранага сьмерцю, і будзе ён забіты і павесіш яго на дрэве,

23 труп ягоны ня будзе вісець на дрэве, але ў той самы дзень няхай будзе пахаваны, бо пракляты Богам той, хто вісіць на дрэве. Не пагань зямлю тваю, якую даў табе на ўласнасьць ГОСПАД, Бог твой.

Сачыце за намі:



Аб'явы