ДРУГІ ЗАКОН 1 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Друг 1 1 Вось словы, якія прамовіў Майсей да ўсяго Ізраіля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфу, паміж Паранам, Тафэлем, Лябанам, Хацэротам і Дызагабам, 2 на адлегласьці ў адзінаццаць дзён [дарогі] ад Харэву праз горы Сэір да Кадэш-Барнэа. 3 І сталася ў саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы [дзень] месяца прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля ўсё, што яму ГОСПАД загадаў сказаць ім. 4 Пасьля перамогі над Сыгонам, валадаром Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне, і Огам, валадаром Башану, які жыў у Аштароце ў Эдрэі, 5 за Ярданам, у зямлі Мааў, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты, кажучы: 6 «ГОСПАД, Бог наш, прамовіў да нас на Харэве, кажучы: “Досыць ужо вам быць на гэтай гары. 7 Павярніцеся і выйдзіце, і ідзіце на гару Амарэйцаў і да ўсіх суседзяў іхніх, у Арабу, у горы і ў даліны, і ў Нэгеў, і на бераг мора, у зямлю Хананейцаў, і ў Лібан, аж да ракі вялікай, ракі Эўфрат. 8 Глядзіце, Я даў вам гэтую зямлю. Увайдзіце, вазьміце на ўласнасьць зямлю гэтую, якую запрысяг ГОСПАД даць Абрагаму, Ісааку і Якубу, і насеньню іхняму пасьля іх”. 9 І сказаў я вам у той час: “Не магу я адзін весьці вас; 10 ГОСПАД, Бог ваш, памножыў вас, і вось, сёньня вы шматлікія, як зоркі ў небе. 11 ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, няхай павялічыць вас у тысячу разоў і дабраславіць вас, як Ён гаварыў вам. 12 Як я адзін панясу патрэбы вашыя, цяжары вашыя і спрэчкі вашыя? 13 Выберыце сабе ў каленах вашых людзей мудрых, разумных і выспрабаваных, і я пастаўлю іх начальнікамі вашымі”. 14 І адказалі вы мне, і сказалі: “Добрая гэта рэч, якую ты кажаш зрабіць”. 15 І выбраў я тады з начальнікаў каленаў вашых мужоў справядлівых і выспрабаваных, і паставіў іх начальнікамі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясятнікамі, дзясятнікамі і загадчыкамі працы для каленаў вашых. 16 І загадаў я судзьдзям вашым, кажучы: “Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва між чалавекам і братам ягоным, і прыхаднем. 17 Не глядзіце на аблічча ў судзе, выслухайце як малога, так і вялікага. Ня бойцеся аблічча чалавека, бо гэта суд Божы. А справу, якая для вас будзе цяжкай, прынясіце да мяне, і я выслухаю яе”. 18 І я загадаў вам пра ўсе рэчы, якія вы маеце рабіць. 19 І вырушылі мы ад Харэву і прайшлі ўсю пустыню гэтую, вялікую і страшную, якую вы бачылі, па шляху да гор Амарэйскіх, як загадаў нам ГОСПАД, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэш-Барнэа. 20 І я сказаў вам: “Вы прыйшлі да гор Амарэйскіх, якія ГОСПАД, Бог наш, дае нам. 21 Глядзі, ГОСПАД, Бог ваш, даў зямлю перад абліччам вашым, увайдзі і вазьмі яе ў валоданьне, як сказаў табе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх; ня бойся і не палохайся”. 22 І падыйшлі вы ўсе да мяне, і сказалі: “Пашлём людзей перад абліччам нашым, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісьці, і пра гарады, у якія маем увайсьці”. 23 І было добрым у вачах маіх слова гэтае, і я выбраў спаміж вас дванаццаць мужоў, па адным з кожнага калена. 24 І яны выйшлі, і скіраваліся ў горы, і дайшлі да даліны Эшколь, і агледзелі яе. 25 І ўзялі яны ў рукі свае плады той зямлі, і прынесьлі нам, і паведамілі нам, і сказалі: “Добрая тая зямля, якую дае нам ГОСПАД, Бог наш”. 26 Але вы не хацелі ісьці і не паслухалі слова ГОСПАДА, Бога нашага. 27 І наракалі ў намётах сваіх, і казалі: “З нянавісьці да нас вывеў нас ГОСПАД з зямлі Эгіпецкай, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў на загубу. 28 Куды пойдзем? Браты нашыя напалохалі сэрцы нашыя, кажучы: “Народ той шматлікі і большы за нас, гарады там вялікія і аж у неба ўмацаваныя; і бачылі мы таксама там сыноў Анака”. 29 І сказаў я вам: “Не дрыжыце і ня бойцеся іх. 30 ГОСПАД, Бог наш, Які ідзе перад намі, будзе ваяваць за нас, як зрабіў Ён у Эгіпце на вачах нашых, 31 і ў пустыні, дзе ты бачыў, як ГОСПАД, Бог твой, насіў цябе, як носіць чалавек сына свайго, на ўсім шляху, якім вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў месца гэтае. 32 Але вы так і не паверылі слову ГОСПАДА, Бога вашага, 33 Які ішоў перад вамі ў дарозе, каб шукаць вам месца для табару вашага — ноччу ў агні, каб асьвятляць вам шлях, якім маеце ісьці, а ўдзень — у воблаку”. 34 І пачуў ГОСПАД голас словаў вашых, і разгневаўся, і прысягнуў, кажучы: 35 “Ня ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакаленьня ліхога тую добрую зямлю, якую Я прысягнуў даць бацькам вашым, 36 акрамя Халева, сына Ефунны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я зямлю гэтую, па якой ён хадзіў, бо ён спаўняў [слова] ГОСПАДА”. 37 Таксама на мяне загневаўся ГОСПАД з-за вас, кажучы: “І ты туды ня ўвойдзеш. 38 Егошуа, сын Нуна, які стаіць перад абліччам тваім, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён дасьць Ізраілю ў валоданьне [зямлю]. 39 Дзеці вашыя, пра якіх вы гаварылі, што павядуць іх у палон, і сыны вашыя, якія сёньня не разумеюць, што добрае, а што ліхое, яны ўвойдуць туды; ім Я дам зямлю гэтую, і яны завалодаюць ёю. 40 А вы павярніце і рушце ў пустыню шляхам да Мора Чырвонага”. 41 І адказалі вы мне, і сказалі: “Саграшылі мы перад ГОСПАДАМ, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам ГОСПАД, Бог наш”. І вы перапаясаліся зброяй баявой і адважыліся пайсьці на гару. 42 І сказаў ГОСПАД мне: “Скажы ім: "Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо няма Мяне сярод вас, каб не пабілі вас ворагі вашыя"”. 43 І я прамаўляў да вас, і вы не паслухалі, і супрацівіліся слову ГОСПАДА, і, гнаныя пыхаю, узыйшлі на гару. 44 І выйшлі супраць вас Амарэйцы, якія жылі на той гары, і пагналі вас, як робяць пчолы, і білі вас ад Сэіру аж да Хармы. 45 І вярнуліся вы, і плакалі перад абліччам ГОСПАДА, але ГОСПАД ня выслухаў голасу вашага і не прыхіліў вуха да вас. 46 І былі вы ў Кадэшы шмат дзён, столькі дзён, колькі там заставаліся. |