Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ДЗЕІ 5 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Дз 5

1 А нейкі муж, на імя Ананія, з Сапфіраю, жонкаю сваёю, прадаў маёмасьць сваю,

2 і прыхаваў з цаны з ведама жонкі сваёй, і, прынёсшы нейкую частку, палажыў ля ног апосталаў.

3 А Пётар сказаў: «Чаму напоўніў шатан сэрца тваё, каб схлусіць Духу Сьвятому ды прыхаваць з цаны за поле?

4 Ці ж не тваё было, што ты меў, і праданае ці ж не ў тваёй уладзе было? Навошта ты палажыў рэч гэтую ў сэрца сваё? Ты схлусіў ня людзям, але Богу».

5 Пачуўшы словы гэтыя, Ананія ўпаў нежывы. І вялікі страх стаўся на ўсіх, якія чулі гэта.

6 А юнакі, устаўшы, узялі яго і, вынесшы, пахавалі.

7 Сталася ж гадзіны праз тры, прыйшла і жонка ягоная, ня ведаючы, што сталася.

8 А Пётар спытаўся ў яе: «Скажы мне, ці за гэтулькі аддалі вы поле?» Яна ж сказала: “Так, за гэтулькі”.

9 А Пётар сказаў да яе: «Навошта змовіліся вы спакусіць Духа Госпадавага? Вось, пры дзьвярах ногі тых, якія пахавалі мужа твайго, і яны вынясуць цябе».

10 Яна ж адразу ўпала ля ног ягоных нежывая. А юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртвую і, вынесшы, пахавалі каля мужа яе.

11 І стаўся вялікі страх на ўсёй царкве і на ўсіх, якія чулі гэта.

12 А праз рукі апосталаў рабілася шмат знакаў і цудаў у народзе, і былі ўсе аднадушна ў прысенку Салямонавым.

13 А з іншых ніхто не адважваўся прыстаць да іх, але ўзьвялічваў іх народ.

14 А тых, што вераць у Госпада, дадавалася яшчэ больш, мноства мужчынаў і жанчынаў,

15 так што выносілі хворых на вуліцы і лажылі на ложках і насілках, каб хоць цень Пятра, які ішоў, ацяніў каго з іх.

16 Зыйшлося таксама ў Ерусалім мноства з навакольных гарадоў, несучы хворых і апанаваных нячыстымі духамі, якія ўсе былі аздароўленыя.

17 А першасьвятар і ўсе, што з ім, якія былі з герэзіі садукейскай, паўстаўшы, напоўніліся зайздрасьцю,

18 і ўсклалі рукі свае на апосталаў, і зьмясьцілі іх у вастрог грамадзкі.

19 А анёл Госпада ўначы адчыніў дзьверы вязьніцы і, вывеўшы іх, сказаў:

20 «Ідзіце і, стаўшы, гаварыце ў сьвятыні да народу ўсе словы жыцьця гэтага».

21 Пачуўшы гэта, яны ўвайшлі раніцаю ў сьвятыню і навучалі. А першасьвятар і тыя, што з ім, прыйшоўшы, склікалі сынэдрыён і ўсю старшызну сыноў Ізраіля і паслалі ў вязьніцу прывесьці іх.

22 Паслугачы ж, прыйшоўшы, не знайшлі іх у вязьніцы і, вярнуўшыся, паведамілі,

23 кажучы: «Вязьніцу знайшлі мы замкнёную надзейна і вартаўнікоў, якія звонку стаялі перад дзьвярыма; але, адчыніўшы, усярэдзіне нікога не знайшлі».

24 Калі ж пачулі словы гэтыя сьвятар, і начальнік варты сьвятыні, і першасьвятары, зьбянтэжыліся, што б гэта сталася?

25 А нехта, прыйшоўшы, паведаміў ім, кажучы, што вось мужы, якіх вы зьмясьцілі ў вязьніцу, стаяць у сьвятыні і навучаюць народ.

26 Тады начальнік варты, пайшоўшы з паслугачамі, прывёў іх бяз гвалту, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх.

27 А прывёўшы, паставілі іх у сынэдрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар,

28 кажучы: «Ці не пагрозамі забаранілі мы вам навучаць пра імя гэтае? І вось, вы напоўнілі Ерусалім вучэньнем вашым і хочаце сьцягнуць на нас кроў Чалавека Гэтага».

29 І, адказваючы, Пётар і апосталы сказалі: «Больш трэба слухацца Бога, чым людзей.

30 Бог бацькоў нашых уваскрасіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве.

31 Яго, Начальніка і Збаўцу, Бог правіцай Сваёй узвысіў, каб даць Ізраілю навяртаньне і адпушчэньне грахоў.

32 І сьведкі Ягоныя на словы гэтыя — мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, што слухаюцца Яго».

33 Тыя ж, пачуўшы, раз’юшыліся і пастанавілі пазабіваць іх.

34 А адзін фарысэй у сынэдрыёне, на імя Гамаліэль, законавучыцель, знаны ўсяму народу, устаўшы, загадаў на трохі [часу] вывесьці апосталаў,

35 і сказаў ім: «Мужы Ізраільцяне, сьцеражыцеся адносна людзей гэтых, што маеце ўчыніць.

36 Бо перад гэтымі днямі паўстаў Тэўда, кажучы пра сябе як пра некага, і да яго прыстаў лік мужоў каля чатырохсот; ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьцярушыліся і сталіся нічым.

37 Пасьля гэтага ў дні перапісу паўстаў Юда Галілеец і пацягнуў за сабою даволі народу; і ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся.

38 І цяпер кажу вам: адыйдзіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх; бо калі ад людзей рада гэтая ці справа гэтая, будзе зьнішчаная,

39 а калі ад Бога, вы ня здолееце зьнішчыць яе, і каб не апынулася, што вы ваюеце з Богам».

40 Яны ж паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, зьбіўшы, загадалі ім не гаварыць пра імя Ісуса, і вызвалілі іх.

41 Тыя ж пайшлі ад аблічча сынэдрыёна, радуючыся, што сталіся вартымі зьняважаньня за імя Ягонае.

42 І кожны дзень у сьвятыні і дома не пераставалі навучаць і дабравесьціць пра Ісуса Хрыста.

Сачыце за намі:



Аб'явы