ДЗЕІ 24 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Дз 24 1 А праз пяць дзён прыйшоў першасьвятар Ананія са старшынямі і нейкім рытарам Тэртулам, якія выступілі перад ваяводам супраць Паўла. 2 А калі таго паклікалі, пачаў абвінавачваць яго Тэртул, гаворачы: 3 «Дазнаючы праз цябе вялікага супакою і дабрабыту, якія сталіся ў народзе гэтым праз тваю апеку, заўсёды і паўсюль прыймаем мы гэта, вяльможны Фэліксе, з усёю ўдзячнасьцю. 4 А каб табе шмат не дакучаць, прашу цябе каротка выслухаць нас паводле спагаднасьці тваёй. 5 Бо, знайшоўшы, што муж гэты — пошасьць, будзіцель бунту сярод Юдэяў па ўсім сусьвеце і правадыр герэзіі Назарэйскае, 6 які сьвятыню спакусіўся зьняважыць, мы затрымалі яго і хацелі судзіць паводле нашага закону. 7 А тысячнік Лізій, прыйшоўшы, з вялікім гвалтам забраў яго з нашых рук, 8 загадаўшы абвінавальнікам ягоным ісьці да цябе. Ад яго ты сам можаш, дасьледаваўшы ўсё гэта, даведацца, у чым мы вінавацім яго». 9 Пацьвердзілі і Юдэі, кажучы, што гэта так. 10 А Павал адказаў, калі ваявода даў яму знак гаварыць: «Ведаючы, што ты шмат год судзьдзя гэтага народу, я ахвотней буду адказваць адносна [справы] маёй. 11 Ты можаш даведацца, што ня больш, як дванаццаць дзён прайшло, як узыйшоў я пакланіцца ў Ерусалім. 12 І ані ў сьвятыні не знайшлі мяне, што я з некім вяду гутарку ці бунтую натоўп, ані ў сынагогах, ані ў горадзе, 13 і яны ня могуць давесьці таго, у чым цяпер вінавацяць мяне. 14 Але прызнаюся табе, што паводле шляху, які яны герэзіяй называюць, я гэтак служу Богу бацькоў, верачы ўсяму, што напісана ў Законе і ў Прарокаў, 15 маючы надзею на Бога, што мае быць уваскрасеньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго яны і самі чакаюць. 16 Дзеля гэтага я сам намагаюся мець заўсёды чыстае сумленьне перад Богам і перад людзьмі. 17 Праз шмат год я прыйшоў чыніць міласьціны для народу майго і дары. 18 Пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў сьвятыні некаторыя Юдэі з Азіі, а не з натоўпам і не з замяшаньнем. 19 Яны мусяць прыйсьці да цябе і абвінавачваць, калі нешта маюць супраць мяне. 20 Або самі гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ў-ва мне якую крыўду, калі я стаяў перад сынэдрыёнам. 21 Ці адно тое слова, якое я крыкнуў, як стаяў сярод іх, што сёньня вы судзіце мяне за ўваскрасеньне мёртвых». 22 Пачуўшы гэтае, Фэлікс адклаў [справу] іхнюю, сказаўшы: «Дакладней даведаўшыся пра шлях гэты, як прыйдзе тысячнік Лізій, разгледжу [справу] вашую». 23 І загадаў сотніку пільнаваць Паўла, але даваць палёгку і не забараняць нікому з ягоных служыць яму і прыходзіць да яго. 24 А праз некалькі дзён Фэлікс, прыйшоўшы з Друзілаю, жонкаю сваёй, якая была Юдэйкай, паклікаў Паўла і слухаў яго пра веру ў Хрыста. 25 А як той вёў гутарку пра праведнасьць, і стрыманасьць, і пра будучы суд, Фэлікс, спалохаўшыся, адказаў: «Цяпер годзе, ідзі, а як знайду час, паклічу цябе». 26 Пры гэтым ён, спадзеючыся, што атрымае грошы ад Паўла, каб звольніў яго, часта клічучы яго, гутарыў з ім. 27 А як споўніліся два гады, Фэлікс атрымаў наступніка Порцыя Фэста, і, хочучы зрабіць ласку Юдэям, Фэлікс пакінуў Паўла ўвязьненым. |