Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ДЗЕІ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Дз 2

1 І калі надыйшоў дзень Пяцідзясятніцы, былі ўсе аднадушна разам.

2 І стаўся раптам шум з неба, быццам ад наляцеўшага гвалтоўнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.

3 І паказаліся ім падзеленыя языкі, быццам агнявыя, і паселі на кожным з іх.

4 І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць.

5 Былі ж у Ерусаліме спыніўшыся Юдэі, мужы пабожныя, з усякага народу пад небам.

6 А як стаўся голас гэты, зыйшлося мноства і ўстрывожылася, бо кожны чуў, што яны гавораць ягонай мовай.

7 Усе ж дзівіліся і зьдзіўляліся, кажучы адзін аднаму: «Вось, усе гэтыя, што гавораць, ці ж не Галілейцы?

8 І як мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся?

9 Парты, і Мідзяне, і Эляміты, і жыхары Мэсапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понту і Азіі,

10 Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і межаў Лібіі каля Кірэнэі, і прыйшоўшыя рымскія Юдэі, і празэліты,

11 Крыцяне і Арабы, — чуем іх, што гавораць нашымі мовамі пра веліч Божую?»

12 Дзівіліся ж усе і бянтэжыліся, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?»

13 А іншыя, насьміхаючыся, казалі, што яны напіліся маладога віна.

14 Пётар жа з Адзінаццацьцю, устаўшы, узьняў голас свой і прамовіў да іх: «Мужы Юдэйскія і ўсе жыхары Ерусаліму! Няхай будзе вам гэта вядома, і выслухайце словы мае,

15 бо яны ня п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ трэцяя гадзіна дня.

16 Але гэта ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля:

17 “І будзе ў апошнія дні, — кажа Бог, — выльлю Духа Майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і юнакі вашыя будуць бачыць відзежы, і старыя вашыя будуць сьніць сны.

18 І на слугаў Маіх і на служак Маіх выльлю ў тыя дні Духа Майго, і будуць прарочыць.

19 І дам цуды ў небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе: кроў, і агонь, і куродым.

20 Сонца пераменіцца ў цемру, і месяц — у кроў перш, чым прыйдзе дзень Госпада, вялікі і слаўны.

21 І будзе: кожны, хто будзе клікаць імя Госпада, будзе збаўлены”.

22 Мужы Ізраільцяне, выслухайце гэтыя словы: Ісуса з Назарэту, Мужа, зьяўленага між вамі Богам моцамі, і цудамі, і знакамі, якія рабіў праз Яго Бог сярод вас, як і самі вы ведаеце,

23 Яго, паводле вызначанай рады і прадбачаньня Божага выдадзенага, вы, узяўшы і рукамі беззаконьнікаў прыбіўшы цьвікамі, забілі.

24 Яго Бог уваскрасіў, вызваліўшы з мукаў сьмерці, таму што немагчыма было, каб Ён быў стрыманы ёю.

25 Бо Давід кажа пра Яго: “Бачыў я Госпада перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, каб я не захістаўся.

26 Дзеля гэтага ўзьвесялілася сэрца маё, і ўзрадаваўся язык мой, нават і цела маё супачыне ў надзеі,

27 бо Ты не пакінеш душу маю ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне.

28 Ты даў мне ведаць шлях жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю перад абліччам Тваім”.

29 Мужы браты! Належыцца мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, і магіла ягоная ў нас да гэтага дня.

30 А як быў ён прарок і ведаў, што прысягай прысягнуў яму Бог з плоду паясьніцы ягонай паводле цела паставіць Хрыста і пасадзіць на пасадзе ягоным,

31 прадбачачы, ён гаварыў пра ўваскрасеньне Хрыста, што не пакінутая душа Ягоная ў пекле, і цела Ягонае ня бачыла парахненьне.

32 Гэтага Ісуса ўваскрасіў Бог, і ўсе мы — сьведкі гэтага.

33 Дык узьнесены правіцаю Бога і ўзяўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што вы цяпер бачыце і чуеце.

34 Бо Давід не ўзыйшоў у неба, а ён кажа: “Сказаў Гос­пад Госпаду майму: "Сядзь праваруч Мяне,

35 пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх"”.

36 Дык няхай упэўнена ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог зрабіў і Госпадам, і Хрыстом Яго, Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі».

37 Пачуўшы гэта, яны былі ўражаныя ў сэрцы і сказалі да Пятра і рэшты апосталаў: «Што нам рабіць, мужы браты?»

38 Пётар жа прамовіў да іх: «Навярніцеся, і няхай кожны з вас будзе ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня грахоў, і возьмеце дар Сьвятога Духа.

39 Бо абяцаньне для вас, і для дзяцей вашых, і для ўсіх, якія далёка, каго пакліча Госпад, Бог наш».

40 І іншымі шматлікімі словамі сьведчыў і ўпрошваў, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага пакаленьня скрыўленага».

41 Дык тыя, што прыхільна прынялі словы ягоныя, былі ахрышчаныя, і ў той дзень дадалося каля трох тысячаў душ.

42 І трывалі яны ў вучэньні апосталаў, і ў супольнасьці, і ў ламаньні хлеба, і ў малітвах.

43 Быў жа страх на кожнай душы, і шмат цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў.

44 А ўсе, якія мелі веру, былі разам, і мелі ўсё супольнае.

45 І прадавалі маёмасьць і ўласнасьць, і дзялілі паміж усімі, хто якую меў патрэбу.

46 І кожны дзень аднадушна трываючы ў сьвятыні і ламаючы хлеб у дамах, прыймалі ежу ў весялосьці і лагоднасьці сэрца,

47 хвалячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народу. А Госпад штодня дадаваў да царквы тых, што былі збаўленыя.

Сачыце за намі:



Аб'явы