ГАЛЯТАЎ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Гал 2 1 Пасьля, праз чатырнаццаць гадоў, хадзіў я ізноў у Ерусалім з Барнабам, узяўшы з сабою і Ціта. 2 Хадзіў жа я паводле адкрыцьця і прадставіў ім, асабліва тым, якія лічацца [галоўнымі], Эвангельле, якое абвяшчаю сярод паганаў, ці не надарма бягу або бег? 3 Але і Ціт, які быў са мною, які быў Грэк, ня быў змушаны абрэзацца. 4 Фальшывым жа братам, якія паўкрадаліся і прыйшлі падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб зьняволіць нас, 5 мы ні на гадзіну не паддаліся і не падпарадкаваліся, каб праўда Эвангельля захавалася ў вас. 6 А тыя, якія лічацца [галоўнымі], (хоць якія яны былі некалі, для мяне няма розьніцы, [бо] Бог не зважае на аблічча чалавека), тыя, якія лічацца [галоўнымі], мне нічога не пярэчылі, 7 але наадварот, убачыўшы, што мне даверана Эвангельле [для] неабрэзаных, як Пятру — [для] абрэзаных, 8 бо Той, Які дзейнічаў праз Пятра ў апостальстве ў абрэзаных, дзейнічаў і праз мяне між паганамі, 9 і пазнаўшы ласку, якая дадзена мне, Якуб, і Кіфа, і Ян, якія лічацца слупамі, далі мне і Барнабу правіцу супольнасьці, каб мы [ішлі] да паганаў, а яны — да абрэзаных, 10 толькі каб мы памяталі пра ўбогіх, што я гэтаксама і намагаўся рабіць. 11 Калі ж Пётар прыйшоў у Антыёхію, я асабіста супрацьстаў яму, таму што [варта] было дакараць [яго]. 12 Бо перад тым, як прыйшлі некаторыя ад Якуба, ён еў разам з паганамі; а калі яны прыйшлі, ухіляўся і аддзяляўся, баючыся абрэзаных. 13 І з ім крывадушнічалі іншыя Юдэі, так што нават Барнаба быў захоплены іхняй крывадушнасьцю. 14 Але калі я ўбачыў, што яны ня ходзяць проста паводле праўды Эвангельскай, я сказаў Пятру пры ўсіх: «Калі ты, будучы Юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму паганаў змушаеш жыць па-юдэйску?» 15 Мы паводле прыроды Юдэі, а не з паганаў грэшнікі, 16 ведаючы, што чалавек апраўдваецца не праз учынкі Закону, а толькі праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца праз веру ў Хрыста, а не праз учынкі Закону, бо праз учынкі Закону ня будзе апраўданае ніводнае цела. 17 А калі, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы самі аказаліся грэшнікамі, дык ці Хрыстос — служыцель грэху? Няхай ня станецца! 18 Бо калі я зноў будую тое, што зруйнаваў, сам сябе зьяўляю парушальнікам. 19 Бо праз Закон я памёр для Закону, каб жыць для Бога. 20 Я ўкрыжаваны з Хрыстом, і ўжо ня я жыву, але жыве ў-ва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, жыву праз веру ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і выдаў Сябе за мяне. 21 Не адкідаю ласкі Божае. Бо калі праз Закон праведнасьць, дык Хрыстос надарма памёр. |