Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫХАД 9 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Вых 9

1 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Увайдзі да фараона і прамоў яму: “Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Гебраяў: “Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне”.

2 Бо калі ты адмовішся выпусьціць і будзеш яшчэ трымаць іх,

3 вось, рука ГОСПАДА будзе на статку тваім, які ў полі, на конях, на аслах, на вярблюдах, на валах і авечках, зараза вельмі цяжкая.

4 I аддзеліць ГОСПАД статак Ізраіля ад статку Эгіпецкага, і нічога ня здохне з усяго таго, што ў сыноў Ізраіля”».

5 I прызначыў ГОСПАД час, кажучы: «Заўтра зробіць ГОСПАД гэтае слова ў зямлі».

6 I зрабіў ГОСПАД гэтае слова назаўтра, і паздыхаў увесь статак Эгіпецкі; а ў статку сыноў Ізраіля ня здохла аніводнага.

7 I паслаў фараон, і вось, ня здохла ў статку Ізраіля аніводнага. І закамянела сэрца фараона, і ён не адпусьціў народ.

8 I сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону: «Вазьміце сабе поўныя жмені сажы з печы, і няхай сыпне яе Майсей у неба перад вачыма фараона.

9 I станецца яна пылам па ўсёй зямлі Эгіпецкай, і будзе яна на людзях і на скаціне як запаленьне са скуламі па ўсёй зямлі Эгіпецкай».

10 І ўзялі яны сажу з печы, і сталі перад фараонам. І сыпнуў яе Майсей у неба, і сталася запаленьне са скуламі на людзях і на скаціне.

11 I не маглі варажбіты ўстаяць перад Майсеем з прычыны запаленьня, бо запаленьне было на варажбітах і на ўсіх Эгіпцянах.

12 I зацьвярдзіў ГОСПАД сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як казаў ГОСПАД Майсею.

13 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Устань раніцаю, і стань перад фараонам, і скажы яму: “Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Гебраяў: "Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне.

14 Бо гэтым разам Я пашлю ўсе плягі Мае ў сэрца тваё, і на слугаў тваіх, і на народ твой, каб ты даведаўся, што няма падобнага да Мяне на ўсёй зямлі.

15 Бо цяпер, калі Я выцягнуў руку Маю, і ўдару цябе і народ твой заразаю, ты будзеш выгублены з зямлі.

16 Але дзеля таго Я захаваў цябе, каб паказаць табе сілу Маю і каб абвяшчалі імя Маё па ўсёй зямлі.

17 Ты яшчэ ўзьвялічваешся над народам Маім, каб не адпусьціць іх.

18 Вось, Я спашлю заўтра ў гэты самы час град вельмі вялікі, да якога падобнага не было ў Эгіпце ад дня яго заснаваньня аж дагэтуль.

19 I цяпер пашлі, каб схаваць статак твой і ўсё, што ёсьць у цябе ў полі. Кожны чалавек і скаціна, якія будуць засьпетыя ў полі і ня будуць забраныя ў дамы, — зыйдзе на іх град, і яны памруць"”».

20 Тыя са слугаў фараонавых, якія спужаліся слова ГОСПАДА, сабралі слугаў сваіх і статкі свае ў дамы.

21 А хто не зьвярнуў сэрца свайго да слова ГОСПАДА, той пакінуў слугаў сваіх і статкі свае ў полі.

22 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Выцягні руку тваю да неба, і будзе град у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай, на чалавека, на скаціну і на ўсю траву палявую ў зямлі Эгіпецкай».

23 I выцягнуў Майсей кій свой да неба; і ГОСПАД даў грымоты і град, і зыйшоў агонь на зямлю, і спаслаў ГОСПАД град на ўсю зямлю Эгіпецкую.

24 I быў град і агонь, зьмяшаны з градам, вельмі вялікі, якога не было ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай з часу, як [Эгіпет] стаў народам.

25 I пабіў град у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай усё, што было ў полі, ад чалавека да скаціны, і ўсю траву палявую пабіў град, і ўсе дрэвы ў полі паламіў.

26 Толькі ў зямлі Гашэн, дзе [былі] сыны Ізраіля, не было граду.

27 I паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Саграшыў я гэтым разам. ГОСПАД — праведны, а я і народ мой — ліхія.

28 Прасіце ГОСПАДА, бо ўжо досыць грымотаў Божых і граду, і я пушчу вас, і ня будзеце больш заставацца».

29 I сказаў яму Майсей: «Як толькі выйду з гораду, выцягну далоні свае да ГОСПАДА; грымоты спыняцца і граду больш ня будзе, каб ты ведаў, што ГОСПАДАВА зямля.

30 Але ты і слугі твае, я ведаю, яшчэ ня маеце страху перад абліччам ГОСПАДА Бога».

31 I лён, і ячмень былі пабітыя, бо ячмень красаваў, а лён квітнеў.

32 А пшаніца і жыта не былі пабітыя, бо яны пазьнейшыя.

33 I выйшаў Майсей ад фараона з гораду, і выцягнуў далоні свае да ГОСПАДА; і спыніліся грымоты і град, і дождж больш ня ліў на зямлю.

34 I ўбачыў фараон, што спыніліся дождж, і град, і грымоты, і далей грашыў, і закамяніў сэрца сваё ён сам і слугі ягоныя.

35 I зацьвярдзела сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраіля, як і казаў ГОСПАД праз Майсея.

Сачыце за намі:



Аб'явы