ВЫХАД 8 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Вых 8 1 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Прыйдзі да фараона і скажы яму: “Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне. 2 Калі ж ты адмаўляешся адпусьціць, вось, Я ўдару ўсе межы твае жабамі. 3 I будзе раіцца рака жабамі, і яны выйдуць, і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і на ложак твой, і ў дом слугі твайго, і ў народ твой, і ў печы твае, і ў дзежы твае. 4 І на цябе, і на народ твой, і на ўсіх слугаў тваіх узыйдуць жабы”». 5 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону: “Выцягні руку тваю з кіем тваім на ручаі, і на рэкі, і на азёры, і ўзьвядзі жабаў на зямлю Эгіпецкую”». 6 I выцягнуў Аарон руку сваю на воды Эгіпецкія, і выйшлі жабы, і пакрылі зямлю Эгіпецкую. 7 I зрабілі так варажбіты варажбою сваёю, і ўзьвялі жабаў на зямлю Эгіпецкую. 8 I паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў: «Прасіце ГОСПАДА, каб Ён аддаліў жабаў ад мяне і ад народу майго, і я адпушчу народ, і яны складуць ахвяры ГОСПАДУ». 9 I сказаў Майсей фараону: «Прызнач мне, калі прасіць за цябе, і за слугаў тваіх, і за народ твой, каб жабы былі зьнішчаны ў цябе, у дамах тваіх, і засталіся толькі ў рацэ». 10 Ён сказаў: «Заўтра». I сказаў [Майсей]: «Паводле слова твайго, каб ты даведаўся, што няма [нікога] як ГОСПАД, Бог наш. 11 I адыйдуць жабы ад цябе, ад дамоў тваіх, і ад слугаў тваіх, і ад народу твайго, толькі ў рацэ застануцца». 12 I выйшлі Майсей і Аарон ад фараона, і Майсей клікаў да ГОСПАДА адносна жабаў, якіх узьвёў на фараона. 13 I зрабіў ГОСПАД паводле слова Майсея, і здохлі жабы ў дамах, і ў дварах, і на палях. 14 I пазьбіралі іх купы купаў, і засьмярдзелася зямля. 15 I ўбачыў фараон, што сталася палёгка, і закамяніў сэрца сваё, і не паслухаў іх, як і гаварыў ГОСПАД. 16 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону: “Выцягні кій твой і ўдар у пыл зямлі, і станецца пыл камарамі ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай”». 17 I яны зрабілі так, і выцягнуў Аарон руку сваю з кіем сваім, і ўдарыў у пыл зямлі, і зьявіліся камары на людзях і на скаціне. Увесь пыл зямлі стаўся камарамі ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай. 18 I рабілі так варажбіты варажбою сваёй, каб зьявіліся камары, але не змаглі. I былі камары на людзях і на скаціне. 19 I сказалі варажбіты фараону: «Палец Божы гэта». Але сэрца фараона зацьвярдзела, і ён не паслухаў іх, як і гаварыў ГОСПАД. 20 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Устань раніцаю і стань перад фараонам. Вось, ён ідзе да вады, і ты скажы яму: “Гэтак кажа ГОСПАД: "Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне. 21 Бо калі не адпусьціш народ Мой, вось, Я пашлю на цябе, і на слугаў тваіх, і на народ твой, і на дамы твае мухаў, і напоўняцца дамы Эгіпцянаў мухамі, і таксама грунты, на якіх яны. 22 I Я аддзялю ў той дзень зямлю Гашэн, у якой жыве народ Мой, каб ня было там мухаў, каб ты даведаўся, што Я — ГОСПАД пасярод зямлі. 23 І Я зраблю розьніцу паміж народам Маім і народам тваім. Заўтра станецца знак гэты"”». 24 I зрабіў ГОСПАД гэтак, і наляцелі ўцяжлівыя мухі на дом фараона, і на дом слугаў ягоных, і на ўсю зямлю Эгіпецкую; гінула зямля ад мухаў. 25 I паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, складзіце ахвяру Богу свайму ў гэтай зямлі». 26 I сказаў Майсей: «Не належыцца рабіць гэтак, бо агіду для Эгіпцянаў мы складзем у ахвяру ГОСПАДУ, Богу нашаму; вось, мы будзем складаць у ахвяру тое, што агіднае ў Эгіпцянаў, перад вачыма іхнімі, і ці не ўкамянуюць яны нас? 27 На тры дні дарогі мы пойдзем у пустыню і складзем ахвяру ГОСПАДУ, Богу нашаму, як Ён скажа нам». 28 I сказаў фараон: «Я адпушчу вас, і вы складзеце ахвяру Богу свайму ў пустыні; толькі аддаляючыся, не аддаляйцеся, каб зыйсьці. Прасіце за мяне». 29 I сказаў Майсей: «Вось, я выйду ад цябе, і буду прасіць ГОСПАДА, і адыйдуць мухі ад фараона, і ад слугаў ягоных, і ад народу ягонага заўтра. Толькі няхай фараон больш не падманвае, не адпускаючы народ скласьці ахвяру ГОСПАДУ». 30 I выйшаў Майсей ад фараона, і прасіў ГОСПАДА. 31 I зрабіў ГОСПАД паводле слова Майсея, і адвёў мухаў ад фараона, ад слугаў ягоных і ад народу ягонага; не засталося аніводнай. 32 Але фараон закамяніў сэрца сваё таксама гэтым разам і не адпусьціў народ. |