ВЫХАД 5 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Вых 5 1 І потым прыйшлі Майсей і Аарон, і сказалі фараону: «Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Адпусьці народ Мой, і яны будуць сьвяткаваць [сьвята] Мне ў пустыні”». 2 І сказаў фараон: «Хто такі ГОСПАД, каб я паслухаў голасу Ягонага адпусьціць Ізраіля? Я ня ведаю ГОСПАДА і таксама Ізраіля не адпушчу». 3 I яны сказалі: «Бог Гебраяў зьявіўся нам. Дык мы пойдзем на тры дні дарогі ў пустыню, і складзем ахвяру ГОСПАДУ, Богу нашаму, каб Ён не наведаў нас пошасьцю або мячом». 4 I сказаў ім валадар Эгіпту: «Навошта вы, Майсей і Аарон, адцягваеце народ ад працы ягонай? Ідзіце да работаў вашых». 5 I сказаў фараон: «Вось, шматлікі цяпер народ зямлі гэтай, а вы адцягваеце іх ад работаў іхніх». 6 I загадаў фараон у той дзень прыганятым народу і наглядчыкам яго, кажучы: 7 «Не давайце больш народу саломы на выраб цэглы, як учора і пазаўчора. Няхай яны ідуць і зьбіраюць сабе салому. 8 А колькасьць цэглы, якую яны выраблялі ўчора і пазаўчора, налажыце на іх і не зьмяншайце яе; бо яны лянуюцца і таму крычаць, кажучы: “Пойдзем, складзем ахвяру Богу нашаму”. 9 Няхай абцяжарыць праца людзей, і няхай яны працуюць і ня слухаюць словаў хлусьлівых». 10 I выйшлі прыганятыя народу і наглядчыкі яго, і сказалі народу, кажучы: «Гэтак кажа фараон: “Не даю вам саломы. 11 Самі ідзіце, бярыце сабе салому, дзе знойдзеце, бо нічога ня зьменшыцца ў працы вашай”». 12 І расьсеяўся народ па ўсёй зямлі Эгіпецкай зьбіраць іржышча замест саломы. 13 А прыганятыя прынукалі, кажучы: «Выконвайце працу вашую, норму дзённую ў той самы дзень, як тады, калі была салома». 14 I білі наглядчыкаў сыноў Ізраіля, якіх паставілі над імі прыганятыя фараона, кажучы: «Чаму ня выканалі норму вырабу цэглы, што была ўчора і пазаўчора, ані ўчора, ані сёньня?» 15 I прыйшлі наглядчыкі сыноў Ізраіля, і крычалі да фараона, кажучы: «Чаму ты так робіш адносна слугаў тваіх? 16 Саломы не даюць слугам тваім, а цэглу, кажуць нам, рабіце. I вось, слугаў тваіх б’юць; і вінавацяць народ твой». 17 Але ён сказаў: «Лайдакі вы, лайдакі; і таму вы кажаце: “Хадземце, складзем ахвяру ГОСПАДУ”. 18 I цяпер ідзіце, працуйце, і саломы не дадуць вам, але вызначаную колькасьць цэглы давайце». 19 I ўбачылі наглядчыкі сыноў Ізраіля, што яны ў бядзе, бо сказана: «Не зьмяншайце колькасьць цэглы, норму дзённую ў той самы дзень». 20 I сустрэлі яны Майсея і Аарона, якія стаялі, чакаючы іх, калі яны выйшлі ад фараона, 21 і сказалі ім: «Няхай узгляне ГОСПАД на вас і асудзіць, бо вы зрабілі нас агіднымі ў вачах фараона і ў вачах слугаў ягоных, і далі меч у рукі іхнія, каб забіць нас». 22 I зьвярнуўся Майсей да ГОСПАДА, і сказаў: «Госпадзе, чаму Ты робіш зло народу гэтаму? Навошта Ты паслаў мяне? 23 Бо ад таго часу, як я прыйшоў да фараона, каб гаварыць у імя Тваё, зло робіцца народу гэтаму; а вызваліць, Ты ня вызваліў народ Твой!» |