ВЫХАД 40 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Вых 40 1 I прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 2 «У першы месяц, у першы дзень месяца паставіш Сялібу Намёту Спатканьня. 3 I паставіш там Каўчэг Сьведчаньня, і закрыеш Каўчэг заслонаю. 4 I ўнясеш стол, і разложыш на ім тое, што належыць, і ўнясеш сьвечнік, і запаліш лямпы ягоныя. 5 I паставіш ахвярнік залаты для каджэньня перад Каўчэгам Сьведчаньня; і завесіш заслону на ўваходзе ў Сялібу. 6 I паставіш ахвярнік цэласпаленьня перад уваходам у Сялібу Намёту Спатканьня. 7 I паставіш мыцельнік паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і нальеш у яго вады. 8 I паставіш панадворак наўкола, і завесіш заслону ў браме панадворку. 9 I возьмеш алей памазаньня, і памажаш Сялібу і ўсё, што ў ёй, і асьвяціш яе і ўсе прыналежнасьці ейныя, і будзе Сьвятой. 10 I памажаш ахвярнік цэласпаленьня і ўсё начыньне ягонае, і асьвяціш ахвярнік, і будзе ахвярнік Сьвятым Сьвятых. 11 I памажаш мыцельнік і падставу ягоную, і асьвяціш яго. 12 I наблізіш Аарона і сыноў ягоных да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і абмыеш іх вадою. 13 I апранеш Аарона ў адзеньні сьвятыя, і памажаш яго, і асьвяціш яго, і ён будзе сьвятаром Маім. 14 I сыноў ягоных наблізіш, і апранеш іх у хітоны, 15 і памажаш іх, як ты памазаў бацьку іхняга, і яны будуць сьвятарамі Маімі, і будзе ім памазаньне іхняе на сьвятарства вечнае ў пакаленьнях іхніх». 16 I зрабіў Майсей усё; як загадаў яму ГОСПАД, так і зрабіў. 17 I сталася, у першы месяц другога году, у першы дзень месяца была пастаўлена Сяліба. 18 I паставіў Майсей Сялібу, і палажыў падстаўкі яе, і паставіў дошкі яе, і палажыў жэрдкі яе, і паставіў слупы яе, 19 і расьцягнуў намёт над Сялібай, і палажыў пакрыцьцё намёту зьверху над ім, як загадаў ГОСПАД Майсею. 20 I ўзяў, і палажыў Сьведчаньне ў Каўчэг, і ўлажыў насілы ў Каўчэг, і палажыў накрыўку на Каўчэг зьверху. 21 I ўнёс Каўчэг у Сялібу, і завесіў заслону, якая вісіць, і засланіў ёю Каўчэг Сьведчаньня, як загадаў ГОСПАД Майсею. 22 I паставіў стол у Намёт Спатканьня, на паўночным баку Сялібы, звонку ад заслоны. 23 I разлажыў шэрагі хлябоў перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею. 24 I паставіў сьвечнік у Намёт Спатканьня насупраць стала, на паўднёвым баку Сялібы. 25 I запаліў лямпы перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею. 26 I паставіў ахвярнік залаты ў Намёце Спатканьня перад заслонаю. 27 I кадзіў на ім пахкім кадзілам, як загадаў ГОСПАД Майсею. 28 I завесіў заслону на ўваходзе ў Сялібу. 29 I ахвярнік цэласпаленьня паставіў каля ўваходу ў Сялібу Намёту Спатканьня, і ахвяраваў на ім цэласпаленьне і ахвяру хлебную, як загадаў ГОСПАД Майсею. 30 I паставіў мыцельнік паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і наліў у яго вады для абмываньня. 31 I абмывалі ў ім Майсей і Аарон, і сыны ягоныя рукі свае і ногі свае. 32 Калі ўваходзілі ў Намёт Спатканьня і калі набліжаліся да ахвярніка, яны абмываліся, як загадаў ГОСПАД Майсею. 33 I паставіў панадворак вакол Сялібы і ахвярніка, і завесіў заслону ў браме панадворку. I скончыў Майсей работу. 34 І закрыла воблака Намёт Спатканьня, і слава ГОСПАДА напоўніла Сялібу. 35 I ня мог Майсей увайсьці ў Намёт Спатканьня, бо ляжала на ім воблака, і слава ГОСПАДА напаўняла Сялібу. 36 I калі падымалася воблака па-над Сялібаю, тады вырушалі сыны Ізраіля ў-ва ўсе падарожжы свае. 37 А калі не падымалася воблака, тады не вырушалі, аж да дня, калі яно падымалася. 38 Бо воблака ГОСПАДА было над Сялібай удзень, і агонь быў над ёй уначы перад вачыма ўсяго дому Ізраіля ў-ва ўсіх падарожжах іхніх. |