ВЫХАД 39 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Вых 39 1 А з блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну зрабілі яны службовыя адзеньні для служэньня ў сьвятыні; і зрабілі адзеньні сьвятыя для Аарона, як загадаў ГОСПАД Майсею. 2 I зрабіў [Бэцалеэль] эфод з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону. 3 I выкляпалі яны бляшкі залатыя, і павыціналі з іх ніткі, каб уплесьці іх у блакіт, пурпур, барвовы кармазын і вісон мастацкаю работаю. 4 Нараменьнікі зрабілі да яго злучаныя; на двух канцах сваіх яны былі злучаныя. 5 I пас эфоду, які [падпярэзвае] яго, аднолькавае з ім работы, з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону, як загадаў ГОСПАД Майсею. 6 I зрабілі камяні оніксу, асадзіўшы іх у аправы залатыя, і выразалі на іх, як выразаюць пячатку, імёны сыноў Ізраіля. 7 I палажыў ён іх на нараменьнікі эфоду, як камяні на ўспамін пра сыноў Ізраіля, як загадаў ГОСПАД Майсею. 8 I зрабіў нагруднік мастацкаю работаю, такою самаю работаю, як эфод, з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону. 9 Ён быў чатырохкутны; падвойным зрабілі яны нагруднік, у пядзю даўжыня ягоная і ў пядзю шырыня ягоная, ён падвойны. 10 I напоўнілі яго чатырма шэрагамі камянёў у шэраг. Рубін, тапаз і шмарагд — шэраг адзін. 11 А шэраг другі — гранат, шафір і дыямэнт. 12 А шэраг трэці — яхонт, агат і амэтыст. 13 А шэраг чацьвёрты — хрызаліт, онікс і ясьпіс. Яны асаджаныя ў золата ў аправах сваіх. 14 I камяні паводле [імёнаў] імёнаў сыноў Ізраіля, іх дванаццаць паводле імёнаў іхніх, і выразанае як пячатка на кожным імя сваё паводле дванаццаці плямёнаў. 15 I зрабілі для нагрудніку ланцужкі плеценыя вітою работаю, са шчырага золата. 16 I зрабілі дзьве аправы залатыя і два колцы залатыя, і прымацавалі два колцы да двух канцоў нагрудніку. 17 I ўклалі два плеценыя залатыя ланцужкі ў абодва колцы па канцах нагрудніку. 18 А [іншыя] два канцы двух ланцужкоў прычапілі да двух аправаў і прымацавалі іх да нараменьнікаў эфоду з пярэдняга боку яго. 19 I зрабілі два колцы залатыя, і прымацавалі да двух канцоў нагрудніку на тым краі ягоным, які пры ўнутраным боку эфоду. 20 I зрабілі два колцы залатыя, і прымацавалі іх да двух нараменьнікаў эфоду зьнізу, з пярэдняга боку ягонага, каля злучэньня ягонага, над пасам эфоду. 21 I прымацавалі нагруднік колцамі ягонымі да колцаў эфоду шнурком з блакіту, каб ён быў над пасам эфоду, і каб ня ссоваўся нагруднік з эфоду, як загадаў ГОСПАД Майсею. 22 I зрабіў [Бэцалеэль] верхнюю шату да эфоду, тканую ўсю з блакіту, 23 і адтуліну шаты ў сярэдзіне яе, як адтуліна панцыра, і абшыўку наўкола адтуліны, каб не разьдзёрлася. 24 I зрабілі яны на прыполе верхняе шаты яблыкі гранатовыя з блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну кручанага. 25 I зрабілі званочкі са шчырага золата, і памясьцілі званочкі паміж гранатовых яблыкаў на прыполе верхняе шаты наўкола, паміж гранатовых яблыкаў, 26 званочак і гранатовы яблык, званочак і гранатовы яблык, на прыполе верхняе шаты наўкола для служэньня, як загадаў ГОСПАД Майсею. 27 I зрабілі хітоны з вісону, тканае работы, для Аарона і сыноў ягоных, 28 і мітру з вісону, і турбаны аздобныя з вісону, і нагавіцы ільняныя з кручанага вісону, 29 і пояс з кручанага вісону, блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, гафтаванае работы, як загадаў ГОСПАД Майсею. 30 I зрабілі дыядэму вянца сьвятасьці са шчырага золата, і напісалі на ёй пісьмом, як выразаюць на пячатцы: “Сьвятыня для ГОСПАДА”, 31 і прымацавалі да яе шнурок з блакіту, каб прывязваць яе да мітры зьверху, як загадаў ГОСПАД Майсею. 32 I скончылася ўся праца пабудовы Сялібы, Намёту Спатканьня, і зрабілі сыны Ізраіля ўсё; як загадаў ГОСПАД Майсею, так і зрабілі. 33 I прынесьлі да Майсея Сялібу, намёт і ўсе прыналежнасьці ягоныя, гачыкі ягоныя, дошкі ягоныя, жэрдкі ягоныя, слупы ягоныя і падстаўкі ягоныя, 34 і пакрыцьцё са скураў бараноў, фарбаваных на чырвона, і пакрыцьцё са скураў тахаш, і заслону, якая вісіць, 35 Каўчэг Сьведчаньня, і насілы ягоныя, і накрыўку ягоную, 36 стол, усе начыньні ягоныя і хлябы пакладныя, 37 сьвечнік чысты, лямпы ягоныя, лямпы ў шэрагах, і ўсё начыньне ягонае, і алей для асьвятленьня, 38 і ахвярнік залаты, і алей памазаньня, і пахкае кадзіла, і заслону на ўваходзе ў намёт, 39 ахвярнік мядзяны і крату мядзяную да яго, насілы ягоныя і ўсё начыньне ягонае, мыцельнік і падставу ягоную, 40 заслоны панадворку, слупы ягоныя і падстаўкі ягоныя, заслону да брамы панадворку, вяроўкі ягоныя і калкі ягоныя, і ўсе прыналежнасьці да служэньня Сялібы ў Намёце Спатканьня, 41 адзеньні службовыя да служэньня ў сьвятыні, адзеньні сьвятыя для Аарона сьвятара і адзеньні для сыноў ягоных да служэньня сьвятарскага. 42 Усё, як загадаў ГОСПАД Майсею, так і зрабілі сыны Ізраіля, усю працу. 43 I ўбачыў Майсей усё зробленае, і вось, яны зрабілі гэта; як загадаў ГОСПАД, так і зрабілі. I дабраславіў іх Майсей. |