Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫХАД 38 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Вых 38

1 I зрабіў ахвярнік цэласпаленьня з дрэва акацыі, пяць локцяў даўжыня яго і пяць локцяў шырыня яго, ён чатырохкутны, і тры локці вышыня яго.

2 I зрабіў рогі ягоныя на чатырох вуглах ягоных, з яго выходзілі рогі ягоныя; і пакрыў іх медзьдзю.

3 I зрабіў усе начыньні ахвярніка: гаршчкі, лапаткі, місы, відэльцы і кадзільніцы; усе начыньні ягоныя зрабіў з медзі.

4 I зрабіў да ахвярніка крату, плеценай работы, мядзяную, пад вобадам зьнізу да паловы яго.

5 I выліў чатыры колцы на чатырох вуглах краты мядзянай, каб укладаць насілы.

6 I зрабіў насілы з дрэва акацыі, і пакрыў іх медзьдзю.

7 I ўлажыў насілы ў колцы на баках ахвярніка для нашэньня яго імі. Пустым унутры зрабіў яго з дошак.

8 I зрабіў мыцельнік мядзяны і падставу ягоную мядзяную з люстэрак жанчынаў, якія зьбіраліся каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.

9 I зрабіў панадворак: з паўднёвага боку, [што глядзіць] на поўдзень — заслоны з кручанага вісону ў сто локцяў,

10 слупоў да іх дваццаць і падставак да іх дваццаць мядзяных, а кручкі на слупах і клямкі да іх срэбныя.

11 I на паўночным баку — [заслоны] ў сто локцяў, слупоў да іх дваццаць і падставак да іх дваццаць мядзяных; а кручкі на слупах і клямкі да іх — срэбныя.

12 I з заходняга боку — заслоны ў пяцьдзясят локцяў, слупоў да іх дзесяць і падставак да іх дзесяць; а кручкі на слупах і клямкі да іх — срэбныя.

13 I з пярэдняга боку, [што глядзіць] на ўсход — [адлегласьць] у пяцьдзясят локцяў.

14 Пятнаццаць локцяў — заслоны з [аднаго] краю, слупоў да іх тры і падставак да іх тры.

15 I з другога краю, з іншага [боку] брамы панадворку — заслоны ў пятнаццаць локцяў; слупоў да іх тры і падставак да іх тры.

16 Усе заслоны вакол панадворку — з кручанага вісону,

17 і падстаўкі да слупоў мядзяныя, кручкі на слупах і клямкі да іх — срэбныя, і пакрытыя вярхі іхнія срэбрам, і ўсе яны павязаныя срэбрам, усе слупы панадворку.

18 Заслона для брамы панадворку — гафтаванае работы з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону, дваццаць локцяў — даўжыня [яе], а вышыня і шырыня [яе] — пяць локцяў, падобна да іншых заслонаў панадворку;

19 і слупоў да яе чатыры, і падставак да іх чатыры мядзяных; кручкі іхнія срэбныя, і пакрыцьцё вярхоў іх і клямкі да іх срэбныя.

20 А ўсе калкі Сялібы і панадворку наўкола — мядзяныя.

21 Вось каштарыс Сялібы, Сялібы Сьведчаньня, які падлічаны паводле словаў Майсея працаю лявітаў пад рукою Ітамара, сына Аарона, сьвятара.

22 І Бэцалеэль, сын Урыя, сын Хура, з калена Юды, зрабіў усё, што загадаў ГОСПАД Майсею;

23 а з ім Агаліяў, сын Ахісамаха, з калена Дана, разьбяр і мастак, і вышывальнік на блакіце, пурпуры, барвовым кармазыне і вісоне.

24 Усяго золата, ужытага на работу, на ўсе працы ў сьвятыні, — а было гэта золата, [ахвяраванае] патрэсваньнем, — было дваццаць дзевяць талентаў і сямсот трыццаць сыкляў, паводле сыкля сьвятыні.

25 А срэбра ад палічаных у грамадзе [было] сто талентаў і тысяча сямсот семдзясят пяць сыкляў, паводле сыкля сьвятыні.

26 Бэка з галавы, [значыцца,] палова сыкля, паводле сыкля сьвятыні, з кожнага, хто прыйшоў, каб быць палічаным, ад дваццаці гадоў і вышэй, з шасьцісот трох тысячаў пяцьсот пяцідзесяці [чалавек].

27 I было сто талентаў срэбра ўжыта на адліцьцё падставак сьвятыні і падставак заслонаў; сто падставак са ста талентаў, па таленту на падстаўку.

28 А з тысячы сямсот сямідзесяці пяці [сыкляў] зрабіў [Бэцалеэль] кручкі на слупах, і пакрыў вярхі іхнія, і злучыў іх клямкамі.

29 А медзі, [ахвяраванай] патрэсваньнем, было семдзясят талентаў і дзьве тысячы чатырыста сыкляў.

30 І зрабіў ён з яе падстаўкі да слупоў каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, і ахвярнік мядзяны, і крату мядзяную да яго, і ўсё начыньне ахвярніка,

31 і падстаўкі панадворку наўкола, і падстаўкі брамы панадворку, і ўсе калкі Сялібы, і ўсе калкі панадворку наўкола.

Сачыце за намі:



Аб'явы