Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫХАД 20 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Вых 20

1 I прамовіў Бог усе словы гэтыя, кажучы:

2 «Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

3 Ня будзеш мець іншых багоў перад абліччам Маім.

4 Не рабі сабе статуі і ніякай выявы таго, што на небе высока, і што на зямлі нізка, і што ў вадзе ніжэй зямлі.

5 Ня будзеш пакланяцца ім і ня будзеш служыць ім, бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае за беззаконьні бацькоў дзяцей да трэцяга і аж да чацьвёртага [пакаленьня] тых, што ненавідзяць Мяне,

6 і Які чыніць міласэрнасьць тысячам [пакаленьняў] тых, што любяць Мяне і захоўваюць прыказаньні Мае.

7 Ня будзеш ужываць імя ГОСПАДА, Бога твайго, для марноты, бо ГОСПАД не пакіне без пакараньня таго, хто ўжывае імя Ягонае для марноты.

8 Памятай дзень супачынку, каб сьвяціць яго.

9 Шэсьць дзён будзеш працаваць і будзеш рабіць усю работу тваю,

10 а дзень сёмы — супачынак для ГОСПАДА, Бога твайго. Ня будзеш рабіць ніякай работы ты і сын твой, і дачка твая, слуга твой і служка твая, і жывёла твая, і прыхадзень твой, які ў брамах тваіх,

11 бо за шэсьць дзён зрабіў ГОСПАД неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, і спыніўся ў дзень сёмы. Дзеля гэтага дабраславіў ГОСПАД дзень супачынку і асьвяціў яго.

12 Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб працягнуліся дні твае на зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой, дае табе.

13 Ня будзеш забіваць [як забойца].

14 Ня будзеш чужаложыць.

15 Ня будзеш красьці.

16 Ня будзеш сьведчыць супраць бліжняга твайго сьведчаньнем фальшывым.

17 Ня будзеш жадаць дому бліжняга твайго; ня будзеш жадаць жонкі бліжняга твайго, ані слугі ягонага, ані служкі ягонай, ані вала ягонага, ані асла ягонага, ані нічога, што ў бліжняга твайго!»

18 I ўвесь народ глядзеў на грымоты і бліскавіцы, і гук трубы, і гару, якая дымілася; і, глядзеў народ, і хістаўся, і стаяў здалёк.

19 I сказалі яны Майсею: «Ты прамаўляй да нас, і мы будзем слухаць; але няхай не прамаўляе да нас Бог, каб нам не памерці».

20 I сказаў Майсей народу: «Ня бойцеся, бо дзеля таго, каб выпрабаваць вас, прыйшоў Бог, і каб праз гэта страх Ягоны быў перад абліччам вашым, каб вы не грашылі».

21 I стаяў народ здалёк, а Майсей наблізіўся да імглы, туды, дзе Бог.

22 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Гэтак скажаш сынам Ізраіля: “Вы бачылі, што Я з неба прамаўляў да вас.

23 Не рабіце побач са Мною багоў срэбных, і багоў залатых не рабіце сабе.

24 Ахвярнік з зямлі зрабі для Мяне, і ахвяруй на ім цэласпаленьні твае і мірныя ахвяры твае, і авечак тваіх, і валоў тваіх. На кожнае месца, дзе Я ўзгадаю імя Маё, Я прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе.

25 А калі ахвярнік з камянёў зробіш для Мяне, не будуй яго з чэсаных [камянёў], бо калі апрацуеш яго мячом сваім, апаганіш яго.

26 I ня будзеш узыходзіць па прыступках да ахвярніка Майго, каб не была адкрытая пры ім голасьць твая”.

Сачыце за намі:



Аб'явы