ВЫХАД 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Вых 2 1 I пайшоў чалавек з дому Левія, і ўзяў дачку [з дому] Левія. 2 I зачала тая жанчына, і нарадзіла сына, і бачыла яго, што ён прыгожы, і хавала яго тры месяцы. 3 І не магла даўжэй хаваць яго, і ўзяла кошык з трысьнёгу, і абмазала яго асфальтам і смалою; і палажыла ў яго хлопчыка, і паставіла ў чароце каля берагу ракі. 4 I стаяла сястра ягоная воддаль, каб ведаць, што станецца з ім. 5 I зыйшла дачка фараона мыцца да ракі, а служкі ейныя хадзілі каля ракі. I яна ўбачыла кошык сярод чароту, і паслала служку сваю ўзяць яго. 6 I адчыніла, і ўбачыла яго, гэтае дзіцятка; і вось, хлопчык плача; і пашкадавала яго, і сказала: «Ён з дзяцей Гебрайскіх». 7 I сказала сястра ягоная дачцэ фараона: «Ці не пайсьці мне і ці не паклікаць да цябе жанчыну карміцельку з Гебраек, каб яна выкарміла гэтае дзіцятка». 8 I сказала ёй дачка фараона: «Ідзі». I пайшла дзяўчынка, і паклікала маці дзіцяці. 9 I сказала ёй дачка фараона: «Вазьмі сабе дзіцятка гэтае і выкармі яго для мяне; і я дам табе плату тваю». І ўзяла жанчына дзіцятка, і выкарміла яго. 10 I вырасла дзіця, і яна прывяла яго да дачкі фараона, і ён стаў у яе за сына, і назвала імя ягонае — Майсей, і казала яна: «Бо з вады я выцягнула яго». 11 I сталася ў тыя дні, што вырас Майсей, і выйшаў да братоў сваіх, і ўбачыў цяжкія працы іхнія; і ўбачыў, што Эгіпцянін б’е аднаго Гебрая з братоў ягоных. 12 I павярнуўся ён туды і сюды, і ўбачыў, што нікога няма, і забіў Эгіпцяніна, і схаваў яго ў пяску. 13 I выйшаў ён на наступны дзень, і вось, два Гебраі вадзяцца. I сказаў ён таму, які крыўдзіў: «Навошта ты б’еш бліжняга свайго?» 14 А той сказаў: «Хто паставіў цябе начальнікам і судзьдзём над намі? Ці ня хочаш ты забіць мяне, як забіў Эгіпцяніна?» I спалохаўся Майсей, і сказаў: «Напэўна, сталася вядомым гэта». 15 I пачуў фараон пра гэтую справу, і шукаў забіць Майсея. I ўцёк Майсей ад фараона, і жыў у зямлі Мадыян. І вось сеў ён каля студні. 16 У сьвятара Мадыянскага было сем дочак. I яны прыйшлі, і начэрпалі вады, і напоўнілі карыты, каб напаіць авечак бацькі свайго. 17 I прыйшлі пастухі, і адагналі іх. I ўстаў Майсей, і дапамог ім, і напаіў авечак іхніх. 18 I прыйшлі яны да Рэўэля, бацькі свайго, і ён сказаў ім: «Чаму вы так хутка прыйшлі сёньня?» 19 Яны сказалі: «Эгіпцянін выратаваў нас ад пастухоў і нават начэрпаў нам вады, і напаіў авечак». 20 Ён сказаў дочкам сваім: «Дзе ж ён? Чаму вы пакінулі чалавека гэтага? Паклічце яго, і няхай ён зьесьць хлеб». 21 I ўпадабаў Майсей жыць у гэтага чалавека, і ён выдаў за Майсея дачку сваю Цыпору. 22 I яна нарадзіла сына, і [Майсей] назваў імя ягонае Гершом, бо ён казаў: «Я стаўся прыхаднем у чужой зямлі». 23 I сталася праз шмат дзён, што памёр валадар Эгіпту. I стагналі сыны Ізраіля ад працаў цяжкіх, і галасілі, і ўзыйшоў да Бога лямант іхні ад працаў цяжкіх. 24 I пачуў Бог стагнаньні іхнія, і ўзгадаў Бог запавет Свой з Абрагамам, Ісаакам і Якубам. 25 I глянуў Бог на сыноў Ізраіля, і даведаўся Бог [пра справы іхнія]. |