ВЫХАД 1 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Вых 1 1 І вось імёны сыноў Ізраіля, якія прыйшлі ў Эгіпет з Якубам, увайшлі кожны з домам сваім: 2 Рубэн, Сымон, Левій і Юда, 3 Ісахар, Завулён і Бэн’ямін, 4 Дан і Нэфталі, Гад і Асэр. 5 I ўсіх душаў, якія выйшлі з паясьніцы Якуба, было семдзясят, а Язэп быў у Эгіпце. 6 I памёр Язэп, і ўсе браты ягоныя, і ўсё пакаленьне тое. 7 І сыны Ізраіля пладзіліся, і нараджаліся, і памнажаліся, і ставаліся вельмі-вельмі магутнымі, і напоўнілася імі зямля. 8 I паўстаў новы валадар у Эгіпце, які ня ведаў Язэпа. 9 I сказаў ён народу свайму: «Вось, народ сыноў Ізраіля больш шматлікі і мацнейшы за нас. 10 Давайце мудра ўчынім адносна яго, каб ён не памнажаўся; бо як здарыцца вайна, ён злучыцца з ворагамі нашымі, і будзе ваяваць з намі, і выйдзе з зямлі гэтай». 11 І ён паставіў над ім наглядчыкаў працаў, каб уціскалі яго цяжкімі працамі. I пабудаваў [Ізраіль] на склады фараону гарады Пітом і Рамсэс. 12 I колькі ўціскалі яго, ён памнажаўся і пашыраўся. I [Эгіпцяне] трывожыліся з прычыны сыноў Ізраіля. 13 I зьняволілі Эгіпцяне сыноў Ізраіля, і ўціскалі, 14 і рабілі горкім жыцьцё іхняе цяжкаю працаю з глінаю і цэглаю, і ўсякаю працаю ў полі, і ўсякімі працамі зьневалялі іх і ўціскалі. 15 I сказаў валадар Эгіпту павітухам гебрайскім, якіх адной імя было Шыфра, а імя другой — Пуа, 16 і сказаў: «Калі будзеце пры радзінах у Гебраек, глядзіце на радзільны ложак: калі будзе сын, дык забіце яго, а калі дачка, няхай застанецца жывая». 17 Але павітухі баяліся Бога, і не рабілі так, як загадаў ім валадар Эгіпту, і пакідалі хлопцаў жывымі. 18 I паклікаў валадар Эгіпту павітухаў, і сказаў ім: «Чаму вы робіце гэта, чаму пакідаеце хлопцаў жывымі?» 19 І сказалі павітухі фараону: «Жанчыны гебрайскія не такія, як эгіпецкія; яны здаровыя, і яны нараджаюць перш, чым прыйдзе да іх павітуха». 20 I спагадаў Бог павітухам; і народ памнажаўся і вельмі мацнеў. 21 I сталася, [за тое], што павітухі баяліся Бога, Ён збудаваў ім дамы. 22 I загадаў фараон усяму народу свайму, кажучы: «Кожнага сына, які народзіцца [ў Гебраяў], кідайце ў раку; а кожную дачку пакідайце жывую». |