Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 5 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Разьдзел 5

1 Сыне мой, зважай на мудрасьць маю, прыхілі вуха тваё да розуму майго,

2 каб меў ты разважлівасьць, і вусны твае захавалі веданьне.

3 Бо вусны распусьніцы ацякаюць мёдам, і паднябеньне яе мякчэйшае за алей,

4 але канец яе горкі, як палын, і востры, як меч двусечны.

5 Ногі ейныя да сьмерці зыходзяць, а стопы ейныя на пекла абапіраюцца.

6 Як яна не разумее сьцежкі жыцьця, дык хістаюцца крокі яе, і ты ня можаш ведаць іх.

7 Дык вось цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і не адыходзьцеся ад словаў вуснаў маіх.

8 Аддалі ад яе шлях твой, і не падыходзь да дзьвярэй дому яе,

9 каб не аддаць годнасьці тваёй іншым і гадоў тваіх — бязьлітаснаму,

10 каб не сыцелі чужынцы з сілы тваёй, і з працы тваёй — у доме чужым.

11 І будзеш ты потым стагнаць, калі будуць зьняможаныя цела тваё і сілы твае.

12 І ты скажаш: «Чаму я зьненавідзеў настаўленьне, і сэрца маё ўзгардзіла дакараньнем.

13 Ня слухаў я голасу настаўнікаў маіх, і не прыхіляў я вуха майго да тых, што вучылі мяне.

14 Ледзь ня трапіў я ў вялікае няшчасьце сярод грамады і народу!»

15 Пі ваду з крыніцы тваёй, тую, што цячэ з калодзежу твайго.

16 Навошта крыніцам тваім разьлівацца на вуліцы, а ручаям цячы па плошчах?

17 Няхай яны служаць толькі табе, а не чужынцам разам з табою.

18 Няхай крыніца твая будзе дабраслаўлёная, і цешся жонкай маладосьці тваёй.

19 Яна — ланя ласкавая і сарна прыгожая, грудзі ейныя няхай напойваюць цябе ў-ва ўсякую часіну, у каханьні яе мей асалоду заўсёды.

20 Навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцай і абдымаць улоньне чужаніцы?

21 Бо перад вачамі ГОСПАДА шляхі чалавека, Ён ведае ўсе крокі яго.

22 Бязбожніка схопяць ягоныя ўласныя правіны, і ён зьвязаны путамі грахоў сваіх.

23 Ён памрэ без настаўленьня і будзе блукаць дзеля вялікай глупоты сваёй.

Сачыце за намі:



Аб'явы