ВЫСЛОЎІ 31 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Разьдзел 31 1 Словы Лемуэля, валадара, выслоўі, якім навучыла яго маці ягоная. 2 Што, сыне мой? Што, сыне жывата майго? Што, сыне абяцаньняў маіх? 3 Не давай жанчынам сілы тваёй, ані шляхоў тваіх нішчыцелькам валадароў. 4 Не валадарам, Лемуэлю, не валадарам піць віно, і не князям — сікеру, 5 каб не напіліся і не забыліся яны на напісанае, і каб не скрывілі суд для ўсіх прыгнечаных. 6 Дайце сікеру таму, хто гіне, а віно — засмучаным душою. 7 Няхай вып’е такі і забудзецца на бядоту сваю, і ня памятае больш цяжару свайго. 8 Адчыні вусны твае дзеля нямых, дзеля абароны ўсіх сіротаў. 9 Адчыні вусны твае, судзі праведна, абараняй прыгнечанага і беднага. 10 Хто знойдзе жонку дабрадзейную? Яна даражэй за пэрліны. 11 Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і ён не застанецца без прыбытку. 12 Яна дае яму дабро, а ня зло, у-ва ўсе дні жыцьця свайго. 13 Шукае яна воўну і лён, і ахвотна працуе рукамі сваімі. 14 Яна падобная да караблёў купецкіх, здалёк прыносіць хлеб свой. 15 І ўстае яна сярод ночы, і раздае ежу ў доме сваім, і належнае служкам сваім. 16 Падумае яна пра поле, і купляе яго, з плоду рук сваіх закладае вінаграднік. 17 Яна падпярэзвае моцаю сьцёгны свае і ўмацоўвае рамёны свае. 18 Яна адчувае, што добры занятак яе, і сьветач яе ня тухне і ўначы. 19 Працягвае рукі свае да кудзелі, а далоні яе трымаюць верацяно. 20 Далоні свае адкрывае прыгнечанаму, і руку сваю працягвае беднаму. 21 Не баіцца сьцюжы для дому свайго, бо ўвесь дом яе ў кармазын апрануты. 22 Дываны яна робіць сабе, вісон і пурпур — адзеньне яе. 23 У брамах [гораду] вядомы муж ейны, калі сядзіць сярод старшыняў зямлі. 24 Робіць яна палатніну, і продае яе, і дастаўляе паясы купцам Хананейскім. 25 Сіла і велічнасьць — адзеньне яе, і радуецца яна дню, што прыходзіць. 26 Яна адкрывае вусны свае з мудрасьцю, і міласэрнае настаўленьне на языку ў яе. 27 Яна пільнуе шэсьце дому свайго і ня есьць хлеба гультайства. 28 Устаюць дзеці ейныя, і называюць шчасьлівай яе, і муж ейны хваліць яе: 29 «Шмат было жанчынаў дабрадзейных, але ты пераўзыйшла іх усіх!» 30 Прывабнасьць падманлівая і прыгажосьць марная, але жанчына, якая баіцца ГОСПАДА, годная пахвалы. 31 Дайце ёй з пладоў рук ейных, і няхай справы яе ў брамах [гораду] хваляць яе. |