ВЫСЛОЎІ 30 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Разьдзел 30 1 Словы Агура, сына Якэ, выслоўі, якія сказаў чалавек гэты да Ітыэля, да Ітыэля і Укаля: 2 Бо я найдурнейшы між людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне, 3 не навучыўся я мудрасьці і ведаў сьвятых ня ведаю. 4 Хто ўзыходзіў на неба і зыходзіў? Хто сабраў вецер у жменю сваю? Хто зьвязаў воды ў адзежу? Хто ўмацаваў усе канцы зямлі? Якое імя яго і якое імя сына ягонага, ці ведаеш ты? 5 Усе словы Бога чыстыя [ад дамешкаў], Ён — шчыт для тых, што маюць у Ім надзею. 6 Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе і ня стаўся ты падманшчыкам. 7 Дзьве рэчы прашу ў Цябе, не адмаўляй мне перш, чым памру: 8 марнасьць і слова хлусьлівае аддалі ад мяне, ані беднасьці, ані багацьця не давай мне, сыць мяне хлебам, вызначаным для мяне, 9 каб я, насыціўшыся, ня выракся Цябе і не сказаў: «Хто ГОСПАД?», або каб, зьбяднеўшы, ня стаў красьці і ганьбіць імя Бога майго. 10 Не ачарняй слугі перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты ня стаўся вінаватым. 11 [Ёсьць] пакаленьне, якое праклінае бацьку свайго і не дабраслаўляе маці сваю, 12 пакаленьне, якое чыстае ў вачах сваіх, але не абмытае ад бруду свайго, 13 пакаленьне, у якога пыхлівыя вочы і павекі ўзьнятыя, 14 пакаленьне, у якога зубы — мячы, а сківіцы — нажы, каб есьці ўцісканых на зямлі і гаротных між людзей. 15 У п’яўкі дзьве дачкі: «давай» і «давай». Вось тры ненасытныя і чатыры, якія ня скажуць: «Досыць»: 16 адхлань і чэрава няплоднае, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: «Досыць». 17 Вока, якое зьдзекуецца з бацькі і пагарджае паслухмянасьцю маці, выдзяўбуць груганы над ракою і зьядуць арляняты. 18 Вось тры [рэчы], дзівосныя для мяне, і чатырох не разумею: 19 шляху арла ў небе, шляху зьмяі на скале, шляху карабля сярод мора і шляху мужчыны да дзяўчыны. 20 Такі самы шлях жанчыны чужаложнай: зьела, абцёрла вусны свае і кажа: «Я не зрабіла благога». 21 Дзеля трох трасецца зямля, і чатырох яна зьнесьці ня можа: 22 слугі, калі ён валадарыць, бязглуздага, калі ён насычаецца хлебам, 23 ганебнай жанчыны, калі яна замуж выходзіць, і нявольніцы, калі яна спадкуе па гаспадыні сваёй. 24 Вось чатыры малыя на зямлі, але яны мудрэйшыя за мудрых: 25 мурашкі — народ ня моцны, але летам назапашваюць хлеб свой, 26 даманы — народ не магутны, але стаўляюць дамы свае на скале, 27 няма валадара ў саранчы, але ўсе выходзяць шыхтавана, 28 павук лапкамі чапляецца, але вось, ён у палацы валадара. 29 Вось трое крочаць паважна, і чацьвёра паважна ходзяць: 30 леў, магутнейшы між зьвярамі, ні перад кім не саступае, 31 конь асядланы, і казёл, і валадар, супраць якога ніхто не паўстане. 32 Калі вывышаешся бяздумна або калі задумаў ліхое, [палажы] руку сваю на вусны. 33 Бо хто зьбівае малако, атрымае масла, і хто ўдарыць у нос, атрымае кроў, а хто выклікае гнеў, атрымае сварку. |