ВЫСЛОЎІ 27 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Разьдзел 27 1 Не хваліся заўтрашнім днём, бо ня ведаеш, што гэты дзень народзіць. 2 Няхай іншы хваліць цябе, а ня вусны твае, нехта чужы, а ня губы твае. 3 Камень цяжкі і пясок важкі, але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух. 4 Гнеў нястрымны і ярасьць бязьлітасная, але хто ўстаіць перад рэўнасьцю? 5 Лепш адкрытае дакараньне, чым схаваная любоў. 6 Раны ад таго, хто любіць, [выказваюць] вернасьць [ягоную], а пацалункі ненавісьніка шматлікія. 7 Душа насычаная топчацца па мёдзе, а душы галоднай усё горкае салодкае. 8 Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так чалавек, які пакідае месца сваё. 9 Алей і кадзіла радуюць сэрца, а салодкасьць бліжняга — у парадзе ад душы. 10 Не пакідай бліжняга твайго і бліжняга бацькі твайго, і ў дом брата твайго не хадзі ў дзень няшчасьця твайго, бо лепш сусед блізка, чым брат далёка. 11 Будзь мудры, сыне мой, і ўзрадуй сэрца маё, каб мог я адказаць таму, хто зьневажае мяне. 12 Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя. 13 Забяры адзеньне яго, бо ён паручыўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго. 14 Таму, хто рана раніцаю гучным голасам дабраслаўляе бліжняга свайго, палічаць гэта за праклён. 15 Няспыннае капаньне [праз дах] у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — аднолькавыя. 16 Хто [спрабуе] схаваць яе, хавае вецер і пахкі алей у правай руцэ сваёй, які выдае сябе. 17 Жалеза жалезам вострыцца, а чалавек вострыць аблічча бліжняга свайго. 18 Хто даглядае дрэва фігавае, будзе есьці плады яго, а хто пільнуецца гаспадара свайго, будзе ў пашане. 19 Як у вадзе аблічча да аблічча, так сэрца чалавека — да чалавека. 20 Адхлань і пекла ненасытныя, і вочы чалавека ненасытныя. 21 Літавальны гаршчок для срэбра і горан для золата, а для чалавека — вусны, якія хваляць яго. 22 Хоць будзеш таўчы неразумнага таўкачом паміж зерня ў ступе, дурнота ягоная не адыйдзе ад яго. 23 Ведай добра авечак тваіх, зьвяртай сэрца тваё да статкаў тваіх, 24 бо багацьце ня вечнае, і ці ж дыядэма [перадаецца] з пакаленьня ў пакаленьне? 25 Вырастае трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць сена з гораў. 26 Ягняты — на вопратку табе, і казлы — плата за поле. 27 І досыць казінага малака на ежу табе, і на ежу дому твайму, і на жыцьцё для служак тваіх. |