ВЫСЛОЎІ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Разьдзел 2 1 Сыне мой, калі ты прыймеш словы мае і захаваеш у сябе прыказаньні мае, 2 прыхіляючы вуха тваё да мудрасьці і схіляючы сэрца тваё да разважлівасьці, 3 калі вось клікаць будзеш розум і голас твой уздымеш, заклікаючы развагу, 4 калі шукаць яе будзеш як срэбра, і прагнуць яе будзеш як багацьця, 5 тады зразумееш страх перад ГОСПАДАМ і знойдзеш пазнаньне Бога. 6 Бо ГОСПАД дае мудрасьць, і з вуснаў Ягоных — веданьне і разуменьне. 7 Ён захоўвае цьвярозы розум правым, Ён — шчыт для тых, якія ходзяць беззаганна. 8 Ён пільнуе сьцежкі правасудзьдзя, захоўвае шляхі багабойных Сваіх. 9 Тады зразумееш праведнасьць, суд і справядлівасьць, і кожны шлях добры, 10 калі ўвойдзе мудрасьць у сэрца тваё, і веданьне ўсьцешыць душу тваю. 11 Разважлівасьць будзе пільнаваць цябе, і розум будзе захоўваць цябе, 12 каб выратаваць цябе ад шляху ліхога і ад чалавека, які гаворыць хлусьліва, 13 ад тых, якія пакідаюць шлях просты, каб хадзіць сьцежкамі цемры, 14 якія цешацца, робячы злое, і радуюцца з ліхіх учынкаў, 15 у якіх шляхі крывыя і якія блукаюцца на сьцежках сваіх, 16 каб выратаваць цябе ад чужой жанчыны і ад чужаніцы, што гаворыць лісьліва, 17 якая пакінула сябра маладосьці сваёй і забылася на запавет Бога свайго. 18 Бо дом яе нахіліўся да сьмерці, і шлях ейны — да мёртвых; 19 усе, хто да яе ўваходзяць, назад не вяртаюцца і не знаходзяць сьцежак жыцьця. 20 Дык хадзі ж ты шляхам добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў, 21 бо правыя будуць жыць на зямлі, і беззаганныя застануцца на ёй. 22 А бязбожныя будуць вынішчаны з зямлі, ліхадзеі будуць выкарэнены з яе. |