ВЫСЛОЎІ 18 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Разьдзел 18 1 Свавольны шукае жаданьня [свайго] і кожнай цьвярозай думцы працівіцца. 2 Дурань ня хоча застанаўляцца, а толькі каб выявіць розум свой. 3 Калі прыходзіць бязбожнік, прыходзіць пагарда, і разам з сорамам — ганьба. 4 Словы вуснаў чалавечых — глыбокія воды, крыніца мудрасьці — бурлівы ручай. 5 Нядобра зважаць на аблічча бязбожнага, каб паваліць праведнага на судзе. 6 Словы дурня прыводзяць да спрэчкі, і вусны ягоныя выклікаюць бойку. 7 Вусны дурня — загуба ягоная, а мова ягоная — пастка для душы яго. 8 Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра. 9 Нядбайны ў рабоце сваёй — брат нішчыцеля. 10 Імя ГОСПАДА — магутная вежа, пабяжыць туды праведнік і будзе ў бясьпецы. 11 Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, уяўляецца яна яму як муры высокія. 12 Перад загубай вывышаецца сэрца чалавека, а ўпакораньне папераджае славу. 13 Хто дае адказ раней, чым выслухае, той неразумны, і сорам яму. 14 Дух чалавека пераносіць немач сваю, але дух маркотны хто можа ўзьняць. 15 Сэрца разважнае набывае веды, і вуха мудрых шукае веданьня. 16 Падарунак чалавека дае яму прастору і да вялікіх прывядзе яго. 17 Першы ў спрэчцы сваёй [падаецца] справядлівым, але прыйдзе бліжні ягоны і выспрабуе яго. 18 Жэрабя спыняе сваркі і дзеліць між магутнымі. 19 Пакрыўджаны брат — як умацаваны горад, а сваркі — як завалы ў замку. 20 З плоду вуснаў сваіх насыціць чалавек нутро сваё, з прыбыткаў губаў сваіх насыціцца. 21 Сьмерць і жыцьцё ў руцэ языка; хто любіць яго, будзе есьці плады ягоныя. 22 Хто знайшоў жонку, той знайшоў добрае і атрымаў ласку ад ГОСПАДА. 23 Бедны гаворыць, умольваючы, а багаты адказвае груба. 24 Чалавек, які мае сяброў, сам павінен быць сяброўскі, і бывае, што сябар больш любіць, чым брат. |