Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 16 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Разьдзел 16

1 Да чалавека [належыць] меркаваньне сэрца, але ад ГОСПАДА адказ языка.

2 Усе шляхі чалавека чыстыя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае душы.

3 Ускладзі на ГОСПАДА ўсе справы свае, і ўсе намеры твае зьдзейсьняцца.

4 Усё зрабіў ГОСПАД дзеля Сябе, і нават бязбожніка на дзень ліхі.

5 Агіда для ГОСПАДА кожны пыхлівы сэрцам, можна паручыцца, ён не застанецца непакараным.

6 Міласэрнасьцю і праўдай адкупляецца беззаконьне, і страх перад ГОСПАДАМ адводзіць ад зла.

7 Калі ГОСПАДУ даспадобы шляхі чалавека, Ён нават ворагаў ягоных пагодзіць з ім.

8 Лепш малое ў праведнасьці, чым багатыя прыбыткі ў беззаконьні.

9 Сэрца чалавека абдумвае шлях свой, але ГОСПАД накіроўвае крокі ягоныя.

10 Калі слова натхнёнае ў вуснах валадара, у судзе ня будзе падступным язык ягоны.

11 Вага і шалі справядлівыя — ад ГОСПАДА, і ўсе камяні ваговыя ў торбе — справа Ягоная.

12 Агіда для валадара — учынкі бязбожныя, бо пасад умацоўваецца праведнасьцю.

13 Падабаюцца валадару вусны праведныя, і таго, хто гаворыць праўдзіва, ён любіць.

14 Гнеў валадара — весьнік сьмерці, але мудры чалавек улагодзіць яго.

15 У сьвятле аблічча валадара — жыцьцё, і зычлівасьць ягоная — як воблака з позьнім дажджом.

16 Нашмат лепш прыдбаць мудрасьць, чым золата, і лепей прыдбаць розум, чым срэбра.

17 Шырокая дарога правых — адвярнуцца ад зла; хто пільнуе шлях свой, той захоўвае душу сваю.

18 Перад загубай ідзе пыхлівасьць, і перад падзеньнем — дух ганарысты.

19 Лепш скарацца духам з пакорнымі, чым дзяліць здабычу з пыхліўцамі.

20 Разважлівы ў слове знойдзе добрае, і той, хто спадзяецца на ГОСПАДА, — шчасьлівы.

21 Мудрага сэрцам называюць разумным, і слодыч вуснаў павялічвае веды.

22 Розум — крыніца жыцьця для тых, хто мае яго, але настаўленьне неразумных — глупства.

23 Сэрца мудрага робіць разважлівымі вусны ягоныя і мове ягонай дадае ведаў.

24 Прыемныя словы — сотавы мёд, асалода для душы і лекі для цела.

25 Ёсьць шлях, які [падаецца] слушным перад абліччам чалавека, але ў канцы ягоным — шлях сьмерці.

26 Работнік цяжка працуе для сябе, бо рот ягоны прымушае яго.

27 Чалавек нягодны ліхоцьце рыхтуе, і ў вуснах ягоных нібы агонь палючы.

28 Чалавек падступны сее звадкі, і пляткар разьдзяляе сяброў.

29 Чалавек злачынны зводзіць бліжняга свайго і вядзе яго на шлях нядобры,

30 прыплюшчвае вочы свае, каб прыдумляць подступ, крывіць губы свае, робячы ліха.

31 Сівізна — слаўная карона, на шляху праведнасьці знаходзяць яе.

32 Лепш павольны на гнеў, чым магутны, і той, які пануе над духам сваім, чым заваёўнік гораду.

33 Жэрабя кідаюць у заўлоньне, але ад ГОСПАДА ўсе суды яго.

Сачыце за намі:



Аб'явы