Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 15 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Разьдзел 15

1 Лагодны адказ адхіляе ярасьць, а слова абразьлівае выклікае гнеў.

2 Язык мудрых прыносіць веды, а вусны неразумных выказваюць глупства.

3 Вочы ГОСПАДА на кожным месцы, яны бачаць добрых і ліхіх.

4 Здаровы язык — дрэва жыцьця, а зласьлівы — заламаньне духа.

5 Неразумны грэбуе настаўленьнем бацькі, а хто зважае на дакараньні — разумнее.

6 У доме праведніка шмат багацьця, а ў набытках бязбожніка — замяшаньне.

7 Вусны мудрых сеюць веды, а сэрца бязглуздых не такое.

8 Ахвяра бязбожнікаў — агіда для ГОСПАДА, а малітвы правых Яму даспадобы.

9 Агіда для ГОСПАДА — шлях бязбожніка, а таго, хто імкнецца да праведнасьці, Ён любіць.

10 Таму, хто ўхіляецца з дарогі, — строгая кара, і той, хто дакараньне ненавідзіць, — памрэ.

11 Адхлань і пекла перад [вачыма] ГОСПАДА, а тым больш сэрцы сыноў чалавечых.

12 Насьмешнік ня любіць таго, хто яго дакарае, і да мудрых ня пойдзе.

13 Радаснае сэрца робіць аблічча вясёлым, а калі сэрца сумуе — дух разьбіты.

14 Сэрца разумнае шукае веданьня, а вусны неразумных жывяцца дурнотаю.

15 Усе дні прыгнечанага ліхія, а ў каго добра на сэрцы, у таго заўсёды бяседа.

16 Лепш малое ў страху перад ГОСПАДАМ, чым вялікія скарбы, а з імі трывога.

17 Лепш крыху гародніны з любоўю, чым тлусты вол з нянавісьцю.

18 Чалавек гняўлівы выклікае звадкі, а няскоры да гневу супакойвае спрэчку.

19 Шлях гультая як жываплот з церня, а сьцежка правых — гладкая.

20 Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны чалавек пагарджае маці сваёй.

21 Дурасьць — радасьць для невука, а чалавек разумны ідзе простай дарогай.

22 Бяз рады руйнуюцца намеры, а з мноствам дарадцаў яны зьдзяйсьняюцца.

23 Радуецца чалавек з адказу вуснаў сваіх, і якое добрае слова адпаведнае.

24 Сьцежка жыцьця ў разважлівага [вядзе] ўгару, каб пазьбегнуць адхлані, якая ў доле.

25 ГОСПАД развальвае дом пыхліўцаў, а мяжу ўдавы Ён вызначае.

26 Агіда для ГОСПАДА — думкі бязбожных, а прамовы чыстыя прыемныя [Яму].

27 Нішчыць свой дом сквапны да зыску, а хто ненавідзіць падарункі, будзе жыць.

28 Сэрца праведніка разважае пра адказ, а вусны бязбожнікаў вымаўляюць ліхоту.

29 ГОСПАД далёка ад бязбожнікаў, але малітвы праведных Ён чуе.

30 Сьвятло вачэй радуе сэрца, і добрая вестка ўмацоўвае косткі.

31 Вуха, якое слухае дакараньні жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.

32 Хто адкідае настаўленьне, грэбуе душою сваёю, а хто слухае дакараньні, здабывае розум.

33 Страх перад ГОСПАДАМ навучае мудрасьці, і ўпакораньне папераджае славу.

Сачыце за намі:



Аб'явы