Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 14 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Разьдзел 14

1 Мудрая жонка будуе сабе дом, а неразумная руйнуе яго сваімі рукамі.

2 Хто ходзіць проста, той баіцца ГОСПАДА, а хто крывіць шляхі свае, той грэбуе Ім.

3 У вуснах неразумнага дубец пыхлівасьці, а вусны мудрых захоўваюць іх.

4 Дзе няма скаціны, там ясьлі пустыя, але багата прыбытку ад сілы вала.

5 Сьведка праўдзівы ня схлусіць, а сьведка фальшывы дыхае няпраўдай.

6 Насьмешнік шукае мудрасьці, і яе няма, але веданьне лёгкае для разумнага.

7 Адыйдзі ад чалавека дурнога, бо ня знойдзеш вуснаў разумных.

8 Мудрасьць разумнага — у разуменьні шляху свайго, а неразумнасьць дурняў — у ашуканстве.

9 Неразумныя сьмяюцца з віны, а пасярод правых — зычлівасьць.

10 Сэрца ведае горыч душы сваёй, і ў радасьць ягоную ня ўвойдзе чужынец.

11 Дом бязбожнікаў будзе зьнішчаны, а намёт правых закрасуе.

12 Ёсьць шлях, які слушны ў вачах чалавека, але канец яго — шляхі сьмерці.

13 І ў часе сьмеху баліць сэрца, і заканчэньне радасьці — смутак.

14 Падступны сэрцам насыціцца шляхамі сваімі, а добры чалавек — сваімі.

15 Неразумны верыць кожнаму слову, а разумны разважае пра крокі свае.

16 Мудры баіцца і адварочваецца ад зла, а дурны гняўлівы і самаўпэўнены.

17 Скоры на гнеў робіць дурасьць, а чалавек зламысны зьненавіджаны.

18 Неразумныя атрымліваюць у спадчыну дурасьць, а разумныя ўкарануюцца веданьнем.

19 Ліхія паклоняцца перад добрымі, а бязбожнікі — каля брамаў праведнікаў.

20 Бедны зьненавіджаны нават бліжнім сваім, але шмат тых, хто любіць багатага.

21 Хто цураецца бліжняга свайго, той грашыць, а хто літуецца над бедным, той шчасьлівы.

22 Ці ж не заблукалі тыя, якія задумляюць зло? Але міласэрнасьць і праўда будзе тым, якія задумляюць добрае.

23 З кожнае працы будзе прыбытак, а ад пустых словаў — толькі нястача.

24 Карона мудрых — багацьце іхняе, а вянок дурняў — глупства іхняе.

25 Сьведка праўдзівы ратуе душы, а хлусьлівы дыхае няпраўдай.

26 У страху перад ГОСПАДАМ моцная пэўнасьць, і для сыноў Сваіх Ён будзе прыстанішчам.

27 Страх перад ГОСПАДАМ — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці.

28 У мностве народу веліч валадара, а ў малалікасьці людзей — загуба князя.

29 У павольнага на гнеў багата розуму, а запальчывы выяўляе дурасьць.

30 Лагоднае сэрца — жыцьцё для цела, а зайздрасьць — парахненьне косткам.

31 Хто прыгнятае ўбогага, той зьневажае Творцу ягонага, але шануе Яго той, хто літуецца над бедным.

32 Бязбожнік будзе адкінуты за ліхоцьце сваё, а праведнік і пры сьмерці сваёй мае надзею.

33 У сэрцы разумнага жыве мудрасьць, і паміж дурняў яна вядомая.

34 Праведнасьць узвышае народ, а грэх — ганьба для народаў.

35 Зычлівы валадар да слугі разумнага, але абурэньне ягонае на таго, хто асаромлівае яго.

Сачыце за намі:



Аб'явы