Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 13 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Разьдзел 13

1 Мудры сын [слухае] настаўленьне бацькі, а насьмешнік ня слухае дакараньня.

2 З плоду вуснаў сваіх чалавек будзе жывіцца дабром, а душа ліхадзеяў — гвалтам.

3 Хто захоўвае вусны свае, захоўвае душу сваю, а хто шырока адкрывае рот свой, будзе мець зьнішчэньне.

4 Душа гультая жадае і ня мае нічога, а душа руплівага будзе насычаная.

5 Праведнік ненавідзіць слова хлусьлівае, а бязбожнік ганьбіць і зьневажае [сябе].

6 Праведнасьць захоўвае таго, хто беззаганны ў шляху [сваім], а бязбожнасьць губіць грэшніка.

7 Адзін выдае сябе за багатага, нічога ня маючы, іншы выдае сябе за беднага, маючы шмат багацьця.

8 Выкуп душы чалавека — багацьце ягонае, а бедны пагрозы ня чуе.

9 Сьвятло праведных радасна зьзяе, а сьветач бязбожнікаў стухне.

10 Пыхлівасьць толькі да звадкі прыводзіць, а ў тых, што парады прыймаюць, — мудрасьць.

11 Багацьце, [здабытае] марным чынам, змалее, а хто зьбі­рае яго рукою сваёю, — памнажае яго.

12 Спадзяваньне, якое доўжыцца, — боль сэрца, а зьдзейсьненае жаданьне — дрэва жыцьця.

13 Хто пагарджае Словам, той будзе зьнішчаны, а хто баіцца прыказаньняў, атрымае ўзнагароду.

14 Закон мудрага — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці.

15 Добры розум дае зычлівасьць, а шлях ліхадзеяў цяжкі.

16 Кожны разумны дзейнічае з веданьнем, а дурны выяўляе неразумнасьць.

17 Бязбожны пасланец трапляе ў бяду, а верны пасол [прыносіць] аздараўленьне.

18 Галеча і ганьба таму, хто адкідае настаўленьне, а той, хто прыймае дакараньні, будзе ў пашане.

19 Споўненае жаданьне — асалода для душы, але адвярнуцца ад зла — агіда для дурня.

20 Хто ходзіць з мудрым, будзе мудрым, а хто сябруе з дурнем, загалосіць.

21 Ліха гоніцца за грэшнікамі, а праведным будзе аднагароджана дабром.

22 Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшнікаў захоўваецца для праведных.

23 Многа хлеба і на ніве бедных, але некаторыя гінуць, бо няма суду.

24 Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына свайго, а хто любіць яго, той з маленства настаўляе яго.

25 Праведнік есьць і насычае душу сваю, а нутро бязбожнікаў будзе ў нястачы.

Сачыце за намі:



Аб'явы