БЫЦЦЁ 50 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Бц 50 1 I ўпаў Язэп на аблічча бацькі свайго, і плакаў над ім, і цалаваў яго. 2 I загадаў Язэп слугам сваім лекарам забальзамаваць бацьку ягонага; і забальзамавалі лекары Ізраіля. 3 I прайшло сорак дзён, бо столькі вымагаецца дзён на бальзамаваньне. I плакалі па ім Эгіпцяне семдзясят дзён. 4 I мінулі дні плачу па ім, і прамовіў Язэп дому фараона, кажучы: «Калі я знайшоў ласку ў вачах вашых, скажыце, калі ласка, у вушы фараону, кажучы: 5 “Бацька мой узяў з мяне прысягу, кажучы: "Вось, я паміраю. У магіле маёй, якую я выкапаў у зямлі Ханаан, там пахавай мяне". I цяпер я ўзыйду, і пахаваю бацьку свайго, і вярнуся”». 6 I сказаў фараон: «Узыйдзі і пахавай бацьку твайго, як ён узяў у цябе прысягу». 7 I ўзыйшоў Язэп хаваць бацьку свайго; і ўзыйшлі з ім усе слугі фараона, старшыні дому ягонага, і ўсе старшыні зямлі Эгіпецкай, 8 і ўвесь дом Язэпа, і браты ягоныя, і дом бацькі ягонага. Толькі дзяцей сваіх, і авечак сваіх, і валоў сваіх пакінулі ў зямлі Гашэн. 9 I ўзыйшлі з ім таксама калясьніцы і вершнікі, і быў табар вельмі вялікі. 10 I прыйшлі яны ў Гарэн-Гаатад на другім баку Ярдану, і галасілі там галашэньнем вялікім і вельмі жалосным; і ўчыніў [Язэп] жалобу па бацьку сваім сем дзён. 11 I ўбачылі жыхары зямлі той, Хананейцы, жалобу ў Гарэн-Гаатадзе, і сказалі: «Гэта вялікая жалоба ў Эгіпцянаў!» Дзеля гэтага назвалі імя яго: Абэль-Міцраім, які на другім баку Ярдану. 12 I зрабілі сыны [Якуба] з ім так, як ён загадаў ім. 13 I занесьлі яго сыны ягоныя ў зямлю Ханаан, і пахавалі яго ў пячоры на полі Махпэля, якую купіў Абрагам разам з полем на ўласнасьць на пахаваньне ў Эфрона Хета, насупраць Мамрэ. 14 I вярнуўся Язэп пасьля пахаваньня ім бацькі свайго ў Эгіпет, ён і браты ягоныя, і ўсе, што ўзыходзілі з ім хаваць бацьку ягонага. 15 I бачылі браты Язэпа, што памёр бацька іхні, і сказалі: «А што, калі зьненавідзіць нас Язэп і адплочваючы, адплоціць нам за ўсё тое ліха, якое мы яму зрабілі?» 16 I загадалі яны сказаць Язэпу, кажучы: «Бацька твой загадаў перад сьмерцю сваёю, кажучы: 17 “Гэтак скажыце Язэпу: "Даруй, прашу, правіну братоў тваіх і грэх іхні, бо ліха зрабілі яны табе". I цяпер даруй, прашу, слугам Бога бацькі твайго”». I плакаў Язэп дзеля [гэтых] словаў да яго. 18 I прыйшлі таксама браты ягоныя, і ўпалі перад абліччам ягоным, і сказалі: «Вось, мы — слугі для цябе». 19 I сказаў ім Язэп: «Ня бойцеся! Хіба я замест Бога? 20 I вы надумалі ліха супраць мяне, але Бог надумаў гэта на дабро, каб зрабіць так, як ёсьць сёньня, каб захаваць жыцьцё народу вялікаму. 21 І цяпер ня бойцеся, я буду карміць вас і дзяцей вашых». I суцяшаў іх, і прамаўляў да сэрцаў іхніх. 22 I пасяліўся Язэп у Эгіпце, ён і дом бацькі ягонага. І жыў Язэп сто дзесяць гадоў. 23 I бачыў Язэп у Эфраіма сыноў да трэцяга пакаленьня, таксама сыны Махіра, сына Манасы, нарадзіліся на каленях Язэпа. 24 I сказаў Язэп братам сваім: «Я паміраю, але Бог, наведваючы, наведае вас і выведзе вас з зямлі гэтай у зямлю, пра якую прысягаў Абрагаму, Ісааку і Якубу». 25 I ўзяў Язэп прысягу ў сыноў Ізраіля, кажучы: «Бог, наведваючы, наведае вас, і вы вынясіце косткі мае адгэтуль». 26 I памёр Язэп, маючы сто дзесяць гадоў. I забальзамавалі яго, і палажылі ў дамавіну ў Эгіпце. |