БЫЦЦЁ 49 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Бц 49 1 I паклікаў Якуб сыноў сваіх, і сказаў: «Зьбярыцеся, і я паведамлю вам, што спаткае вас у пазьнейшыя дні. 2 Зыйдзіцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце Ізраіля, бацьку свайго. 3 Рубэн, першародны мой, ты — моц мая і пачатак сілы маёй, перавышаеш [усіх] годнасьцю і перавышаеш магутнасьцю. 4 Ты пеніўся, як вада, і ня будзеш узвышаны, бо ты ўзыйшоў на ложак бацькі свайго; тады ты зьняважыў пасьцель маю, узыйшоўшы [на яе]. 5 Сымон і Левій, браты, зброя іхняя — прылада гвалту. 6 У нараду іхнюю ня ўвойдзе душа мая, і да супольнасьці іхняй не далучыцца слава мая, бо ў гневе сваім яны забілі мужа і ў свавольстве сваім скалечылі вала. 7 Пракляты гнеў іхні, бо моцны, і лютасьць іхняя, бо заядлая. Падзялю іх у Якубе і расьцярушу іх у Ізраілі. 8 Юда, цябе выслаўляць будуць браты твае. Рука твая — на карку ворагаў тваіх; паклоняцца табе сыны бацькі твайго. 9 Юда — малады леў; ад здабычы, сыне мой, ты падымаешся. Прыхіліўся, лёг, як леў і як ільвіца, хто падыме яго? 10 Ня будзе адняты скіпетр ад Юды і заканадаўца — ад ног ягоных, аж пакуль ня прыйдзе Той, чыё яно, і Яму — паслухмянасць народаў. 11 Ён прывяжа да вінаграднай лазы асла свайго і да парастка выборнага вінаграду — асьлянятка асьліцы сваёй. Ён абмые ў віне шаты свае і ў крыві вінаграду — адзеньне сваё. 12 Вочы [ягоныя] чырванейшыя за віно, а зубы — бялейшыя за малако. 13 Завулён на беразе мора будзе жыць і каля прыстані караблёў, і межы ягоныя — да Сідону. 14 Ісахар — асёл касьцісты, што ляжыць паміж загарадаў. 15 I ўбачыў ён супачынак, што добры, і зямлю, што прыемная, і нахіліў плечы свае насіць цяжары і стаў слугою паднявольным. 16 Дан будзе судзіць народ свой, як адзін з родаў Ізраіля. 17 Будзе Дан зьмеем на дарозе, гадзюкай на сьцежцы, якая кусае пяты каня, і валіцца вершнік ягоны назад. 18 На збаўленьне Тваё спадзяюся, ГОСПАДЗЕ! 19 Гад — войскі будуць перамагаць яго, але ён пераможа пяты [іхнія]. 20 Пра Асэра — тлусты хлеб ягоны, і ён будзе даваць прысмакі валадарскія. 21 Нэфталі — ланя, выпушчаная [на свабоду], што дае прыгожыя словы. 22 Галіна плодная Язэп, галіна плодная над крыніцаю, галіны ягоныя пнуцца па муры. 23 І засмучалі яго, і стралялі ў яго, і ненавідзелі яго стральцы. 24 I застаўся моцным лук ягоны, і ўмацаваліся рамёны рук ягоных — ад рук Магутнага Якубавага, адтуль Пастыр, Скала Ізраіля; 25 ад Бога бацькі твайго, і Ён дапаможа табе, і ад Усемагутнага, і Ён дабраславіць цябе дабраславеньнямі неба згары і дабраславеньнямі бяздоньня, што ляжыць унізе, дабраславеньнямі грудзей і ўлоньня. 26 Дабраславеньні бацькі твайго перавышаюць дабраславеньні бацькоў маіх, яны аж да вяршыняў узгоркаў адвечных. Няхай будуць яны на галаве Язэпа і на цемені выбранага між братамі сваімі. 27 Бэн’ямін — воўк драпежны, раніцаю будзе есьці здабычу і ўвечары будзе дзяліць прыбытак». 28 Усіх гэтых родаў Ізраіля — дванаццаць, і гэта тое, што прамаўляў ім бацька іхні; і дабраславіў іх, і кожнага паводле дабраславеньня ягонага дабраславіў. 29 I загадаў ён ім, і сказаў ім: «Я буду далучаны да народу майго. Пахавайце мяне каля бацькоў маіх, у пячоры, якая на полі Эфрона Хета, 30 у пячоры, што на полі Махпэля, якое насупраць Мамрэ ў зямлі Ханаан, якую купіў Абрагам разам з полем Эфрона Хета на ўласнасьць для пахаваньня. 31 Там пахавалі Абрагама і Сару, жонку ягоную, там пахавалі Ісаака і Рэбэку, жонку ягоную; і там я пахаваў Лею. 32 Набытыя гэтае поле і пячора, якая на ім, у сыноў Хета». 33 I скончыў Якуб загадваць сынам сваім, і палажыў ногі свае на ложак, і сканаў, і быў далучаны да народу свайго. |