БЫЦЦЁ 41 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Бц 41 1 I сталася, што мінула два гады часу, і сьніў фараон, і вось, ён стаіць каля ракі. 2 I вось, з ракі выходзяць сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых целам; і пасьвіліся на поплаве. 3 I вось, сем іншых кароваў выходзяць за імі з ракі, брыдкіх з выгляду і худых целам, і сталі каля тых кароваў на беразе ракі. 4 I пажэрлі каровы брыдкія з выгляду і худыя целам сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых. I прачнуўся фараон. 5 I ён заснуў, і сьніў другі раз, і вось, сем каласоў вырасьлі на адной сьцябліне, здаровых і добрых. 6 I вось, сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам вырастаюць пасьля іх. 7 I праглынулі каласы пустыя сем каласоў здаровых і поўных. I прачнуўся фараон, і вось, [гэта] сон. 8 I сталася раніцаю, што быў устрывожаны дух ягоны, і ён паслаў, і паклікаў усіх варажбітоў Эгіпту і ўсіх мудрацоў яго, і распавёў ім фараон сон свой; і не было [нікога], хто б патлумачыў яго фараону. 9 I прамовіў начальнік чашнікаў фараону, кажучы: «Грахі мае ўзгадваю я сёньня. 10 Фараон загневаўся на слугаў сваіх і аддаў мяне пад нагляд у дом начальніка варты, мяне і начальніка пекараў. 11 I мы сьнілі сон у адну ноч, я і ён, кожны са значэньнем сон свой мы сьнілі. 12 I быў там з намі юнак Гебрай, нявольнік начальніка варты. I мы распавялі яму, і ён патлумачыў нам сны нашыя, кожнаму сон ягоны патлумачыў. 13 I сталася, што як ён патлумачыў нам, так і адбылося: мяне вярнулі на становішча маё, а таго павесілі». 14 I паслаў фараон, і паклікаў Язэпа; і хутка вывялі яго з лёху. I ён пагаліўся, і зьмяніў адзеньне сваё, і прыйшоў да фараона. 15 I сказаў фараон Язэпу: «Я сьніў сон, і няма нікога, хто б патлумачыў яго. І я чуў, што пра цябе кажуць, што ты, выслухаўшы сон, тлумачыш яго». 16 I адказаў Язэп фараону, кажучы: «Ня я, але Бог можа казаць на супакой фараону». 17 I сказаў фараон Язэпу: «У сьне маім, вось, стаю я на беразе ракі. 18 I вось, з ракі выходзяць сем кароваў сытых целам і прыгожых з выгляду, і пасьвіліся яны на поплаве. 19 I вось, сем кароваў іншых выходзяць пасьля іх, някшталтныя, вельмі брыдкія з выгляду і худыя целам, я ня бачыў падобных, што да брыдкасьці, у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай. 20 I пажэрлі каровы худыя і брыдкія першых сем кароваў сытых. 21 I ўвайшлі яны ў чэравы іхныя, і не было пазнаць, што яны ўвайшлі ў чэравы іхныя, і выгляд іхні быў паганы, як і спачатку. I я прачнуўся. 22 I ўбачыў я ў сьне, і вось, сем каласоў вырастаюць на адной сьцябліне, поўных і добрых. 23 I вось, сем каласоў ценькіх, пустых і высушаных усходнім ветрам растуць пасьля іх. 24 I праглынулі каласы пустыя сем каласоў добрых. Я расказаў гэта варажбітам, але няма [нікога, хто б] патлумачыў [гэта] мне». 25 I сказаў Язэп фараону: «Сон фараона — адзін ён. Што Бог зробіць, Ён паведаміў фараону. 26 Сем кароваў добрых — гэта сем гадоў; і сем тых каласоў добрых — гэта сем гадоў. Гэта сон адзін. 27 I сем кароваў худых і брыдкіх, якія выйшлі пасьля іх — гэта сем гадоў; і сем каласоў пустых, высушаных усходнім ветрам — гэта будзе сем гадоў голаду. 28 Гэта слова, якое я прамовіў да фараона. Што Бог зробіць, Ён паказаў фараону. 29 Вось, прыйдзе сем гадоў вялікага дабрабыту ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай. 30 I настануць пасьля іх сем гадоў голаду; і забудзецца ўвесь той дабрабыт у зямлі Эгіпецкай, і вынішчыць голад гэтую зямлю. 31 I ня будзе відно дабрабыту ў зямлі з прычыны голаду, які будзе пасьля, бо будзе ён вельмі цяжкі. 32 А тое, што паўтарыўся гэты сон фараону двойчы, [азначае], што вызначана гэта справа ў Бога і неўзабаве Бог зьдзейсьніць гэта. 33 I цяпер няхай прыгледзіць фараон мужа кемлівага і мудрага, і няхай паставіць яго над зямлёю Эгіпецкай. 34 Няхай [так] зробіць фараон, і прызначыць наглядчыкаў над краем, і зьбірае пятую частку [ўраджаю] з зямлі Эгіпецкай у сем гадоў дабрабыту. 35 I зьбяруць усякае харчаваньне падчас гэтых добрых гадоў, якія надыйдуць, і няхай зьбіраюць збожжа пад руку фараона на харчаваньне ў гарадах, і няхай захоўваюць. 36 I будзе гэтае харчаваньне на запас зямлі на сем гадоў голаду». 37 I добрае было гэтае слова ў вачах фараона і ў вачах усіх слугаў ягоных. 38 I сказаў фараон слугам сваім: «Ці знойдзецца такі чалавек, як гэты, які мае ў сабе Духа Божага?» 39 I сказаў фараон Язэпу: «Пасьля таго, як Бог паведаміў табе ўсё гэта, няма нікога такога кемлівага і мудрага, як ты. 40 Ты будзеш над домам маім, і вуснаў тваіх будзе слухацца ўвесь народ мой; толькі пасадам я буду перавышаць цябе». 41 I сказаў фараон Язэпу: «Глядзі, я паставіў цябе над усёй зямлёю Эгіпецкай». 42 I зьняў фараон пярсьцёнак свой з рукі сваёй, і даў яго на руку Язэпу; і апрануў яго ў адзеньне з вісону, і ўзлажыў ланцуг залаты на шыю ягоную; 43 і загадаў вазіць яго на другой калясьніцы сваёй, і крычалі перад ім: «Кланяйцеся!» I паставіў яго над усёй зямлёю Эгіпецкай. 44 I сказаў фараон Язэпу: «Я — фараон, але без цябе ніхто не падыме рукі сваёй і нагі сваёй у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай». 45 I назваў фараон імя Язэпава Цафнат-Панэах, і даў яму за жонку Аснат, дачку Паты-Пэра, сьвятара з Ону. I ўзьняўся Язэп над зямлёю Эгіпецкаю. 46 Язэпу было трыццаць гадоў, калі ён стаў перад фараонам, валадаром Эгіпту. I выйшаў Язэп ад аблічча фараона, і прайшоў па ўсёй зямлі Эгіпецкай. 47 I выдала зямля ў сем гадоў дабрабыту поўныя жмені [збожжа]. 48 I зьбіраў ён усякае харчаваньне тых сямі гадоў, якія былі ў зямлі Эгіпецкай, і разьмясьціў харчаваньне ў гарадах; харчаваньне з вакалічных палёў гораду ён складаў у [кожным з] іх. 49 I назьбіраў Язэп збожжа, як пяску марскога, так шмат, ажно перасталі лічыць, бо не было [яму] ліку. 50 I ў Язэпа нарадзіліся два сыны перш, чым прыйшоў год голаду, якіх нарадзіла яму Аснат, дачка Паты-Пэра, сьвятара з Ону. 51 I назваў Язэп імя першароднага Манаса, бо [казаў:] «Даў мне Бог забыцца ўсе цяжкасьці мае і ўвесь дом бацькі майго». 52 А імя другога назваў Эфраім, бо казаў: «Распладзіў мяне Бог у зямлі нядолі маёй». 53 I мінулі сем гадоў дабрабыту, які быў у зямлі Эгіпецкай. 54 I пачалі прыходзіць сем гадоў голаду, як сказаў Язэп. I быў голад у-ва ўсіх краінах, але ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай быў хлеб. 55 I галадавала ўся зямля Эгіпецкая, і крычаў народ да фараона пра хлеб, і сказаў фараон усім Эгіпцянам: «Ідзіце да Язэпа і рабіце, што ён вам скажа». 56 I быў голад на ўсім абліччы зямлі, і адчыніў Язэп усе [гумны], якія былі ў іх, і прадаваў Эгіпцянам. I павялічваўся голад у зямлі Эгіпецкай. 57 I з усёй зямлі прыходзілі ў Эгіпет купляць у Язэпа, бо павялічваўся голад па ўсёй зямлі. |