БЫЦЦЁ 30 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Бц 30 1 I бачыла Рахель, што яна не нараджае Якубу, і зайздросьціла Рахель сястры сваёй, і казала Якубу: «Дай мне сыноў, а калі не, я памру». 2 I ўзгарэўся гнеў Якуба на Рахель, і ён сказаў: «Ці ж гэта я, а ня Бог затрымаў у цябе плод улоньня?» 3 I яна сказала: «Вось, нявольніца мая Більга. Увайдзі да яе, і яна народзіць на каленях маіх, і я буду збудаваная праз яе». 4 I яна дала яму Більгу, нявольніцу сваю, за жонку, і ўвайшоў да яе Якуб. 5 I зачала Більга, і нарадзіла Якубу сына. 6 I сказала Рахель: «Рассудзіў мяне Бог, і таксама пачуў голас мой, і даў мне сына». І таму назвала імя ягонае Дан. 7 I зачала яшчэ, і нарадзіла Більга, нявольніца Рахелі, другога сына Якубу. 8 I сказала Рахель: «Ваяваньнем Божым змагалася я з сястрою сваёй і адолела». I назвала імя ягонае Нэфталі. 9 I ўбачыла Лея, што перастала нараджаць, і ўзяла Зільпу, нявольніцу сваю, і дала яе Якубу за жонку. 10 I нарадзіла Зільпа, нявольніца Леі, Якубу сына. 11 I сказала Лея: «Прыйшоў посьпех!» I назвала імя ягонае Гад. 12 I нарадзіла Зільпа, нявольніца Леі, другога сына Якубу. 13 I сказала Лея: «На шчасьце маё, бо шчасьлівай будуць называць мяне дочкі». I назвала імя ягонае Асэр. 14 I выйшаў Рубэн у дні жніва пшаніцы, і знайшоў мандрагоры ў полі, і прынёс іх Леі, маці сваёй. I сказала Рахель Леі: «Дай мне мандрагоры сына твайго». 15 А тая сказала ёй: «Няўжо мала [табе], што ты ўзяла мужа майго, і хочаш узяць мандрагоры сына майго?» I сказала Рахель: «Дык няхай ён ляжа з табою ў гэтую ноч за мандрагоры сына твайго». 16 I прыйшоў Якуб з поля ўвечары, і выйшла Лея насустрач яму, і сказала: «Да мяне ўвойдзеш, бо наймаючы, наняла цябе за мандрагоры сына майго». I ён лёг з ёю ў тую ноч. 17 I пачуў Бог Лею, і яна зачала, і нарадзіла Якубу пятага сына. 18 I сказала Лея: «Даў Бог плату маю за тое, што я дала нявольніцу маю мужу майму». I назвала імя ягонае Ісахар. 19 I зачала ізноў Лея, і нарадзіла шостага сына Якубу. 20 I сказала Лея: «Абдараваў мяне Бог добрым дарам. Гэтым разам будзе жыць са мною муж мой, бо я нарадзіла яму шэсьць сыноў». I назвала імя ягонае Завулён. 21 Потым нарадзіла дачку, і назвала імя ейнае Дзіна. 22 I ўзгадаў Бог пра Рахель, і пачуў яе Бог, і адчыніў улоньне ейнае, 23 і яна зачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Забраў Бог ганьбу маю». 24 I назвала імя ягонае Язэп, кажучы: «Няхай дадасьць мне ГОСПАД другога сына». 25 I сталася, калі нарадзіла Рахель Язэпа, сказаў Якуб Лявану: «Пусьці мяне, і я пайду ў мясцовасьць сваю і ў зямлю сваю. 26 Дай мне жонак маіх і дзяцей маіх, бо я служыў табе за іх, і я пайду; бо ты ведаеш службу маю, якою я служыў табе». 27 I сказаў яму Ляван: «О, каб я знайшоў ласку ў вачах тваіх! Я пераканаўся, што ГОСПАД дабраславіў мяне дзеля цябе». 28 I сказаў: «Прызнач сабе плату сваю ад мяне, і я дам». 29 I [Якуб] сказаў яму: «Ты ведаеш, як я служыў табе, і які стаўся статак твой пры мне; 30 бо мала было ў цябе да мяне, а памножылася ў мноства, і дабраславіў ГОСПАД цябе, калі я прыйшоў. А цяпер, калі я буду рабіць для дому майго?» 31 I той сказаў: «Што маю даць табе?» I сказаў Якуб: «Не давай мне нічога, але зрабі для мяне такую рэч, і я вярнуся, і буду пасьвіць і захоўваць авечкі твае. 32 Я прайду сёньня між усіх авечак тваіх, і аддзялю з іх кожнае ягня стракатае і пярэстае, і кожную рудую з авечак, і стракатых і пярэстых з козаў; і будзе гэта мая плата. 33 I будзе адказваць за мяне праведнасьць мая на наступны дзень, калі прыйдзеш даведацца пра плату маю перад табою. Усё ў мяне, што не стракатае і не пярэстае паміж козаў, і не рудое паміж авечак, крадзенае гэта». 34 I сказаў Ляван: «Няхай будзе паводле слова твайго». 35 I адлучыў у той дзень казлоў пасастых і пярэстых, і ўсіх козаў стракатых і пярэстых, усіх, што мелі нешта белае на сабе, і ўсіх рудых паміж авечак, і аддаў у рукі сыноў сваіх. 36 I вызначыў дарогу ў тры дні паміж сабою і Якубам. I Якуб пасьвіў авечкі Лявана, якія засталіся. 37 I ўзяў Якуб зялёных прутоў тапалёвых, і мігдалёвых, і яваровых, і выразаў на іх пасы белыя, зьняўшы кару да бялосьці, якая на прутах, 38 і ўткнуў тыя пруты, якія аблупіў, перад авечкамі пры карытах каля вадапою, куды прыходзілі авечкі піць і спалучаліся, прыходзячы піць. 39 I спалучаліся авечкі перад прутамі, і нараджаліся авечкі пасастыя, стракатыя і пярэстыя. 40 І авечак [белых] аддзяляў Якуб, і гнаў, як авечкі Лявана, наперадзе авечак пярэстых і ўсіх рудых, і трымаў свае чароды асобна, і не злучаў іх з авечкамі Лявана. 41 I было, калі спалучаліся мацнейшыя авечкі, Якуб клаў пруты перад вачыма авечак пры карытах, каб яны спалучаліся перад прутамі, 42 а калі авечкі былі слабыя, тады ня клаў. I былі слабейшыя ў Лявана, а мацнейшыя — у Якуба. 43 I пашырыўся чалавек гэты вельмі, вельмі, і было ў яго мноства авечак, і нявольніцаў, і слугаў, і вярблюдаў, і аслоў. |