БЫЦЦЁ 29 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Бц 29 1 I ўстаў Якуб на ногі свае, і пайшоў у зямлю сыноў Усходу. 2 I ўбачыў, і вось, студня на полі, і вось, там тры чарады авечак ляжаць каля яе, бо са студні гэтай паілі чароды, і вялікі камень быў на адтуліне студні. 3 I зьбіраліся туды ўсе чароды, і адкочвалі камень з адтуліны студні, і паілі авечак, і зноў вярталі камень на месца сваё. 4 I сказаў ім Якуб: «Браты мае, адкуль вы?» I яны сказалі: «Мы з Харану». 5 I ён сказаў ім: «Ці ведаеце вы Лявана, сына Нахора?» І яны сказалі: «Ведаем». 6 I ён сказаў ім: «Ці добра ён маецца?» І яны сказалі: «Добра. А вось, Рахель, дачка ягоная, прыйшла з авечкамі». 7 I ён сказаў: «Вось, яшчэ вялікі дзень [наперадзе]; ня час зьбіраць статак; напаіце авечак, і ідзіце, і пасьвіце». 8 А яны сказалі: «Ня можам, аж пакуль не зьбяруцца ўсе чароды, і не адкоцяць камень з адтуліны студні, і тады напоім авечак». 9 Яшчэ ён гаварыў з імі, і вось, Рахель прыйшла з авечкамі бацькі свайго, бо яна пасьвіла [іх]. 10 I сталася, калі ўбачыў Якуб Рахель, дачку Лявана, брата маці сваёй, і авечкі Лявана, брата маці сваёй, падыйшоў Якуб, і адкаціў камень з адтуліны студні, і напаіў авечак Лявана, брата маці сваёй. 11 I пацалаваў Якуб Рахель, і ўзвысіў голас свой, і заплакаў. 12 I распавёў Якуб Рахелі, што ён брат бацьку ейнаму, і што ён сын Рэбэкі. I яна пабегла, і распавяла бацьку свайму. 13 I сталася, калі пачуў Ляван навіну пра Якуба, сына сястры сваёй, выбег яму насустрач, і абняў яго, і пацалаваў яго, і прывёў яго ў дом свой, і ён распавёў Лявану пра ўсе падзеі. 14 I сказаў яму Ляван: «Вось, ты — костка мая і цела маё». I жыў у яго цэлы месяц. 15 I сказаў Ляван Якубу: «Хоць ты брат мой, ці ж будзеш служыць мне задарма? Скажы мне, якая плата твая?» 16 А ў Лявана былі дзьве дачкі, імя старэйшай — Лея, а імя малодшай — Рахель. 17 Вочы Леі былі кволыя, а Рахель была прыгожая пастацьцю і прыгожая абліччам. 18 I пакахаў Якуб Рахель, і сказаў: «Я буду служыць табе сем гадоў за Рахель, дачку тваю малодшую». 19 I сказаў Ляван: «Лепш, калі я аддам яе за цябе, чым аддам за іншага чалавека. Жыві са мною». 20 I служыў Якуб за Рахель сем гадоў, і былі яны ў вачах ягоных як некалькі дзён, бо ён кахаў яе. 21 I сказаў Якуб Лявану: «Дай жонку маю, бо споўніліся дні мае, і я пайду да яе». 22 I сабраў Ляван усіх людзей таго месца, і справіў гасьціну. 23 I быў вечар, і ўзяў ён Лею, дачку сваю, і ўвёў яе да яго, і той увайшоў да яе. 24 I даў Ляван Зільпу, нявольніцу сваю, Леі, дачцэ сваёй, за нявольніцу. 25 I сталася раніцаю, што [ўбачыў Якуб], вось, гэта Лея. I сказаў [Якуб] Лявану: «Што ты зрабіў мне? Ці не за Рахель я служыў у цябе? Чаму ж ты ашукаў мяне?» 26 I сказаў Ляван: «Ня робіцца так у мясцовасьці нашай, каб малодшую выдаваць перад старэйшай. 27 Споўні тыдзень з гэтай, і дам табе таксама тую, за якую ты будзеш служыць у мяне яшчэ сем іншых гадоў». 28 I зрабіў Якуб так, і споўніў тыдзень з гэтай. I [Ляван] даў Рахель, дачку сваю, яму за жонку. 29 I даў Ляван Рахелі, дачцэ сваёй, Більгу, нявольніцу сваю, за нявольніцу для яе. 30 I ўвайшоў [Якуб] да Рахелі, і кахаў Рахель больш за Лею; і служыў у яго яшчэ сем іншых гадоў. 31 I бачыў ГОСПАД, што зьненавіджана Лея, і адчыніў улоньне ейнае, а Рахель была бясплодная. 32 I зачала Лея, і нарадзіла сына, і назвала імя яго Рубэн, бо сказала: «Бо ўбачыў ГОСПАД гора маё, бо цяпер будзе кахаць мяне муж мой». 33 I зачала яна ізноў, і нарадзіла сына, і сказала: «Бо пачуў ГОСПАД, што я зьненавіджана, і даў мне гэтага [сына]». I назвала імя ягонае Сымон. 34 I зачала яшчэ, і нарадзіла сына, і сказала: «Цяпер, гэтым разам прытуліцца муж мой да мяне, бо я нарадзіла яму трох сыноў». І таму назвала імя ягонае Левій. 35 I зачала яшчэ, і нарадзіла сына, і сказала: «Гэтым разам я буду славіць ГОСПАДА». І таму назвала імя ягонае Юда, і перастала нараджаць. |