БЫЦЦЁ 26 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Бц 26 1 I быў голад у зямлі той, ня лічачы першага голаду, які быў у дні Абрагама. І пайшоў Ісаак да Абімэлеха, валадара Філістынскага, у Герар. 2 I зьявіўся яму ГОСПАД, і сказаў: «Не зыходзь у Эгіпет; жыві ў зямлі, пра якую скажу табе. 3 Жыві ў зямлі гэтай; і Я буду з табою, і дабраслаўлю цябе, бо табе і насеньню твайму Я дам усе краіны гэтыя, і споўню прысягу, якой Я прысягаў Абрагаму, бацьку твайму. 4 I памножу насеньне тваё, як зоркі ў небе, і дам насеньню твайму ўсе краіны гэтыя; і дабраславяцца ў насеньні тваім усе народы зямлі, 5 таму што Абрагам паслухаў голасу Майго і захоўваў загады Мае, прыказаньні Мае, пастановы Мае і законы Мае». 6 I пасяліўся Ісаак у Герары. 7 I пыталіся людзі месца таго пра жонку ягоную, і ён сказаў: «Яна — сястра мая», бо баяўся сказаць: «Жонка мая», каб не забілі яго людзі месца таго за Рэбэку, бо яна была прыгожая з выгляду. 8 I сталася, калі доўгія былі там дні ягоныя, глянуў Абімэлех, валадар Філістынскі, праз вакно, і ўбачыў, а вось, Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю. 9 I паклікаў Абімэлех Ісаака, і сказаў: «Дык яна — жонка твая! А чаму ж ты казаў: “Яна — сястра мая”?» I сказаў яму Ісаак: «Бо я сказаў: “Каб я не памёр праз яе”». 10 I сказаў Абімэлех: «Што гэта ты нарабіў нам? Яшчэ б трохі, і мог бы легчы нехта з народу з жонкаю тваёю, і ты прывёў бы на нас віну». 11 I загадаў Абімэлех усяму народу, кажучы: «Хто дакранецца да гэтага чалавека і да жонкі ягонай, той сьмерцю памрэ». 12 I сеяў Ісаак у зямлі той, і сабраў у той год стакротны ўраджай, і дабраславіў яго ГОСПАД. 13 I ставаўся вялікім муж гэты, і ішоў угору, і павялічыўся так, што стаў вельмі вялікі. 14 I былі ў яго статкі авечак, і статкі валоў, і мноства слугаў, і зайздросьцілі яму Філістынцы. 15 I ўсе студні, якія выкапалі слугі бацькі ягонага ў дні Абрагама, бацькі ягонага, засыпалі Філістынцы і запоўнілі пяском. 16 I сказаў Абімэлех Ісааку: «Адыйдзі ад нас, бо ты стаўся шмат дужэйшы за нас». 17 I адыйшоў адтуль Ісаак, і паставіў [намёты] каля ручая Герарскага, і жыў там. 18 I вярнуўся Ісаак, і адкапаў студні вады, якія былі выкапаныя ў дні Абрагама, бацькі ягонага, і якія засыпалі Філістынцы пасьля сьмерці Абрагама, і назваў іх тымі самымі назвамі, якімі назваў іх бацька ягоны. 19 I капалі слугі Ісаака каля ручая, і знайшлі там студню вады жывой. 20 I спрачаліся пастухі Герарскія з пастухамі Ісаака, кажучы: «Гэта наша вада», і ён назваў імя студні Эсэк, бо вадзіліся з ім. 21 I выкапалі другую студню; і спрачаліся таксама за яе; і ён назваў яе імя Сітна. 22 I выбраўся адтуль, і выкапаў іншую студню, і не спрачаліся за яе; і назваў яе імя Рэхавот, і сказаў: «Бо цяпер пашырыў нас ГОСПАД, і мы будзем памнажацца ў гэтай зямлі». 23 Адтуль узыйшоў ён у Бээр-Шэву. 24 I зьявіўся яму ГОСПАД у тую ноч, і сказаў: «Я — Бог Абрагама, бацькі твайго. Ня бойся, бо Я з табою; і дабраслаўлю цябе, і памножу насеньне тваё дзеля Абрагама, слугі Майго». 25 I ён збудаваў там ахвярнік, і клікаў імя ГОСПАДА. I паставіў там намёт свой, і выкапалі там слугі Ісаака студню. 26 I Абімэлех прыйшоў да яго з Герару, і Ахузат, сябра ягоны, і Піколь, гетман ягоны. 27 I сказаў ім Ісаак: «Чаму вы прыйшлі да мяне? Вы ж зьненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе». 28 I яны сказалі: «Мы, гледзячы, убачылі, што ГОСПАД з табою, і мы сказалі: “Няхай будзе прысяга паміж намі, паміж намі і табою, і мы заключым запавет з табою, 29 і ты ня будзеш рабіць нам ліха, як і мы не дакрануліся цябе, і як мы рабілі табе адно дабро і адпусьцілі цябе ў супакоі, і ты цяпер дабраслаўлёны ГОСПАДАМ”». 30 І ён зрабіў для іх гасьціну, і яны елі і пілі. 31 I ўсталі раніцаю, і прысягнулі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго ў супакоі. 32 I сталася ў той дзень, прыйшлі слугі Ісаака, і паведамілі яму пра студню, якую яны выкапалі, і сказалі яму: «Мы знайшлі ваду!» 33 I ён назваў яе Шыва. Дзеля гэтага імя гораду таго Бээр-Шэва аж да сёньняшняга дня. 34 I сталася, што меў Эзаў сорак гадоў, і ўзяў сабе за жонку Юдыту, дачку Бээры Хета, і Басэмат, дачку Элёна Хета, 35 і былі яны горыччу для духа Ісаака і Рэбэкі. |