БЫЦЦЁ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Бц 2 1 І былі скончаны неба і зямля, і ўсё войска іхняе. 2 І скончыў Бог у сёмы дзень працу Сваю, якую зрабіў, і супачыў у сёмы дзень ад усёй працы Сваёй, якую зрабіў. 3 І дабраславіў Бог дзень сёмы, і асьвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усёй працы Сваёй, калі ствараў Бог, робячы. 4 Такі вось радавод неба і зямлі, калі былі яны створаныя, у дзень, калі ГОСПАД Бог зрабіў зямлю і неба. 5 І не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, і ніводная трава палявая яшчэ не вырасла, бо ГОСПАД Бог не спаслаў дождж на зямлю і не было чалавека, каб абрабляць зямлю. 6 І пара падымалася ад зямлі, і напойвала ўсё аблічча зямлі. 7 І зьляпіў ГОСПАД Бог чалавека з пылу зямлі, і ўдыхнуў у ноздры ягоныя дыханьне жыцьця, і стаўся чалавек душою жывою. 8 І пасадзіў ГОСПАД Бог сад у Эдэме, на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога зьляпіў. 9 І вырасьціў ГОСПАД Бог з зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на выгляд і добрае на ежу, і дрэва жыцьця ў сярэдзіне саду, і дрэва спазнаньня дабра і зла. 10 І рака выцякала з Эдэму, каб напойваць сад, і адтуль яна разьдзялялася на чатыры галоўныя [ракі]. 11 Назва адной — Пішон, яна атачае ўсю зямлю Хавіля, у якой золата. 12 А золата той зямлі добрае, там бдалях і камень онікс. 13 А назва другой ракі — Гіхон, яна атачае ўсю зямлю Куш. 14 А назва трэцяй ракі — Хідэкель, яна цячэ на ўсход Асірыі; а чацьвёртая рака — Эўфрат. 15 І ўзяў ГОСПАД Бог чалавека, і зьмясьціў яго ў садзе Эдэм, каб абрабляў яго і захоўваў яго. 16 І загадаў ГОСПАД Бог чалавеку, кажучы: «З кожнага дрэва ў садзе будзеш есьці, 17 але з дрэва спазнаньня дабра і зла ня еш з яго, бо ў дзень, у які будзеш есьці з яго, сьмерцю памрэш». 18 І сказаў ГОСПАД Бог: «Ня добра быць чалавеку аднаму; зраблю яму дапамогу, адпаведную яму». 19 І зьляпіў ГОСПАД Бог з зямлі ўсіх зьвяроў палявых і ўсіх птушак паднебных, і прывёў да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх, і як чалавек назаве кожную душу жывую, такое і імя ёй. 20 І назваў чалавек імёны ўсёй скаціны, і ўсіх птушак паднебных, і ўсіх зьвяроў палявых, але для чалавека не знайшлося дапамогі, адпаведнай яму. 21 І спусьціў ГОСПАД Бог моцны сон на чалавека, і [той] заснуў. І ўзяў Ён адно з рэбраў ягоных, і закрыў целам тое месца. 22 І збудаваў ГОСПАД Бог з рабра, якое ўзяў з чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека. 23 І сказаў чалавек: «Вось, на гэты раз, гэта костка з костак маіх і цела з цела майго. Яна будзе называцца жанчынаю, бо ўзятая з мужа». 24 Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць адным целам. 25 І былі абое голыя, чалавек і жонка ягоная, і не саромеліся. |